Якасная адукацыя для ўсіх

Адукацыя — галоўны складнік грамадства. Наша галоўная мэта — ствараць нармальныя ўмовы для атрымання адукацыі ўсіх дзяцей. Што ж рабіць дзіцяці, калі побач з домам няма школы? Мы прапануем рашэнне.

Вось ужо восьмы год на базе Палатоўскага дзіцячага сада — базавай школы Полацкага раёна працуе прышкольны інтэрнат для дзяцей, у чыіх населеных пунктах па асноўным месцы жыхарства няма школы. Школьны інтэрнат для многіх з іх стаў другім домам, бо тут яны праводзяць 170 дзён у год.

Выхаванцы інтэрната пражываюць у аддаленых вёсках, таму раніцай у панядзелак на школьным аўтобусе прыбываюць у школу, а дадому ад’язджаюць толькі ў пятніцу пасля ўрокаў. Увесь тыдзень дзеці пражываюць у 2 утульных пакоях, у якіх ёсць усё неабходнае, атрымліваюць 4-разовае бясплатнае харчаванне ў школьнай сталовай. У інтэрнаце таксама ёсць бытавы пакой з душавой кабінай, халадзільнік, тэлевізар, мяккая мэбля, дзе дзеці могуць адпачыць, перакусіць, паглядзець тэлевізар і пагуляць у настольныя гульні. Днём навучэнцы наведваюць заняткі, а пасля ўрокаў займаюцца самападрыхтоўкай, наведваюць спартыўныя секцыі і факультатывы музычнай накіраванасці, удзельнічаюць у конкурсах, алімпіядах, аглядах і іншых масавых мерапрыемствах. Стварыць дамашнюю ўтульнасць дапамагаюць выхавальнік і начная няня.

Інтэрнат арганізаваны для забеспячэння гарантый на атрыманне адукацыі, павышэння ўзроўню выхавання і навучання школьнікаў, аховы іх здароўя. Наша галоўная мэта — ствараць аптымальныя ўмовы для вучобы і жыццядзейнасці. Наш дэвіз — “Якасная адукацыя і навучанне для ўсіх!”.

Н.А.БОНДАР,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці.