Якасная нарыхтоўка кармоў на асобным кантролі

- 11:32Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі наладжваецца сістэма правільнай нарыхтоўкі кармоў — як вынік, іх пажыўныя ўласцівасці паляпшаюцца, расце якасць малака, паведаміў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло ў спецыяльным рэпартажы праекта “На кантролі прэзідэнта”, які стартаваў нядаўна на тэлеканале “Беларусь 1”.

“Ад якаснай нарыхтоўкі корму, правільнай закладкі ў сянажнай траншэі залежыць эканоміка вытворчасці малака. У нас па краіне за мінулы год рэнтабельнасць продажаў малака склала 20,1%, за перыяд гэтага года крыху вышэй — 20,3%. Сістэма разумення таго, як павінны нарыхтоўвацца кармы, паступова ў краіне праясняецца”, — сказаў Ігар Брыло.

Сюжэт прысвечаны праблеме нарыхтоўкі кармоў. Гэтае пытанне на асабісты кантроль узяў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Нарыхтоўка травяных кармоў павінна весціся такім чынам, каб закладзеная на зіму ежа для жывёлы не згнівала з-за невыканання тэхналогіі. Ніякія канцэнтраты і энергетычныя кампаненты не могуць кампенсаваць нізкія пажыўныя ўласцівасці сапсаванага сенажу.

Каб цалкам закрыць пытанне з захоўваннем якаснага корму, да 1 кастрычніка ў краіне павінны пабудаваць звыш 1,7 тысячы спецыяльных траншэй. У іх плануюць закласці каля 3,5 млн тон кармоў. Пакуль у эксплуатацыю ўвялі крыху больш за 40% неабходнай колькасці траншэй. Але задачу, якую прэзідэнт даручыў вырашыць яшчэ год назад, аграрыі абяцаюць выканаць у тэрмін.

Кіраўнік дзяржавы ставіць жорсткую, але цалкам выканальную задачу — нарыхтаваць у бягучым годзе ў гаспадарках краіны паўтарагадовы запас травяных кармоў на зіму. У моцных гаспадарках, дзе вытворчасць мяса і малака застаецца галоўнай крыніцай даходу, гэта нібы падушка бяспекі на выпадак неўраджаю.

За выкананнем даручэння сочаць і кантралёры. Як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення Камітэта дзяржкантролю Беларусі Уладзімір Дыбаль, маніторынг быў праведзены ў 153 сельгасарганізацыях. І аказалася, не ўсюды ўдзяляецца належная ўвага стварэнню высокапрадукцыйных кармавых угоддзяў, парушаецца тэхналогія іх догляду. У выніку атрымліваецца нізкая прадукцыйнасць. Акрамя таго, у некаторых арганізацыях парушаліся тэхнічныя рэгламенты нарыхтоўкі кармоў, закладвалася сянажная маса з павышанай вільготнасцю.