Якасная падрыхтоўка — добрыя вынікі

129 вучняў 8—11 класаў прынялі ўдзел у заключным этапе сёлетняй Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы, які праходзіў на базе сярэдняй школы № 10 Пінска.

— Алімпіяда складалася з 2 тураў працягласцю 5 гадзін кожны, — расказаў намеснік старшыні журы алімпіяды старшы выкладчык кафедры вылічальнай матэматыкі факультэта прыкладной матэматы­кі і інфарматыкі БДУ Аляксей Аляксандравіч Толсцікаў. — Вучням прапаноўваліся 8 задач, для якіх яны будавалі матэматычныя мадэлі і алгарытмы рашэння, рэалізоўвалі іх на адной з моў праграмавання, пасля чаго здавалі атрыманыя вынікі ў аўтаматызаваную сістэму тэсціравання. Для паспяховага выканання заданняў патрабаваліся веды, якія выходзілі далёка за межы школьнай праграмы. Узровень складанасці задач з году ў год павышаецца і з’яўляецца адэкватным вучнёўскім ведам і алімпіядным патрабаванням. Тры задачы аказаліся для сёлетніх удзельнікаў даволі складанымі. Тым не менш школьнікі паказалі добрую падрыхтоўку, якая заўсёды пацвяр­джаецца на міжнародных спаборніцтвах. Штогод высокія вынікі ў алімпіядзе паказваюць вучні Ліцэя БДУ і Віцебшчыны, а таксама выхаванцы гуртка спартыўнага праграмавання з Цэнтра юных пажарных Мазыра.

— Пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў неабходна ўдзяляць павышаную ўвагу рашэнню складаных задач па праграмаванні і асваенню мовы праграмавання С++, актыўна ўдзельнічаць у дыстанцыйных алімпіядах і конкурсах па праграмаванні для праверкі ведаў і выпрацоўкі практычных навыкаў у рашэнні задач, — адзначыў старшыня журы алімпіяды старшы выкладчык кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Аляксандр Андрэевіч Буслаўскі. — Вучням цікавей рашаць задачы, калі настаўнік рашае іх разам з імі. Спаборніцкі дух матывуе да атрымання новых ведаў і падштурхоўвае да няспыннага развіцця.

Адзінаццацікласнік Аляксей Філіновіч з сярэдняй школы № 2 Лунінца ўдзельнічае ў ­алімпіядным руху з 5 класа. На яго рахунку 3 дып­ломы, атрыманыя па выніках заключных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы.

— З камп’ютарам на ты ўжо даўно, — гаворыць юнак. — У 6 класе прыйшоў на факультатыў па праграмаванні, які вёў настаўнік інфарматыкі Іван Альфрэдавіч Трэгубаў. Спадабалася. Пачаў сур’ёзна займацца. Маю шэраг дасягненняў на міжнародных спаборніцт­вах. Узровень складанасці сёлетніх заданняў чаканы. На падрыхтоўку да алімпіяды траціў каля 8 гадзін у тыдзень. Без настойлівай працы нельга дасягнуць высокіх вынікаў. Поспех акрыляе і прымушае рухацца далей.

З прафесійнай дзейнасцю Аляксей вызначыўся даўно. Ён плануе стаць праграмістам.

Ім плануе стаць і адзінаццацікласнік Кірыл Шырма з гімназіі № 1 Брэста, на рахунку якога 3 “рэспубліканскія” дыпломы. У алімпіядным руху юнак з 7 класа. Ён лічыць інфарматыку перспектыўным, разнастайным і надзвычай цікавым заняткам. Даўнюю любоў Кірыла да прадмета ўсяляк падтрымлівае настаўніца інфарматыкі Ірына Юр’еўна Гарбацэвіч.

— Сёлетнія алімпіядныя заданні асаблівых цяжкасцей не выклікалі, — прызнаецца юнак. — Шмат працаваў, таму і вынік заканамерны.

— У камандзе Брэстчыны па інфарматыцы шмат здольных вучняў, з якіх 5 атрымалі ды­пломы рознай вартасці, — расказала кіраўнік каманды настаўніца інфарматыкі І.Ю.Гарбацэвіч з гімназіі № 1 Брэста. — Алімпіяднікі — надзвычай працаздольныя і мэтанакіраваныя дзеці, якія актыўна ўдзельнічаюць у міжнародных спаборніцтвах, у тым ліку дыстанцыйных. Гэта не аднабакова развітыя вучні, як многія лічаць, а даволі паспяховыя і ў іншых галінах ведаў.

Дыпломы І ступені атрымалі дзесяціклас­нік Яраслаў Барысаў з гімназіі № 8 Віцеб­ска ­(настаўніца В.П.Лакціна), адзінаццацікласнік Дарыуш Піскевіч з гімназіі № 1 Віцебска ­(настаўніца В.П.Лакціна), адзінаццацікласнік Аляксей Філіновіч з сярэдняй школы № 2 Лу­нінца (настаўнік І.А.Трэгубаў), дзесяцікласнік Анд­рэй Мішчанка з Цэнтра юных пажарных Мазыра­ (настаўнік А.В.Баруноў), адзінаццацікласнік Да­нііл Дзенгалёў з гімназіі № 2 Магілёва (настаўні­ца А.І.Качанава), дзевяцікласнік Андрэй Касцяны з гімназіі № 51 Гомеля (настаўнік М.С.Далінскі), адзінаццацікласнік Кірыл Шырма з гімназіі № 1 Брэста (настаўні­ца І.Ю.Гарбацэвіч), дзесяцікласнік Сяргей Процкі з Ліцэя БДУ (настаўнік М.С.Далінскі), дзесяці­класнік Аляксей Пырко з Гродзенскай гарадской гімназіі (настаўнік Д.А.Бяржынскі), дзесяцікласнік Павел Санкін і адзінаццацікласнік Максім Коган з Ліцэя БДУ (настаўніца А.І.Лапо), адзінаццацікласнік Вячаслаў Бабень з гімназіі № 3 Барысава (настаўнік Д.Я.Харловіч).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.