Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас уручыў узнагароды пераможцам конкурсу на саісканне прэміі ўрада за дасягненні ў галіне якасці ў 2018 годзе.
“Прэмія ўрада Беларусі за дасягненні ў галіне якасці — гэта самая высокая нацыянальная ўзнагарода, якая ўручаецца лепшым арганізацыям нашай краіны, што дасягнулі значных вынікаў у галіне якасці прадукцыі і паслуг, укаранілі сучасныя метады менеджменту і інавацыйныя тэхналогіі”, — адзначыў Сяргей Румас.
Паводле яго слоў, эканамічная палітыка дзяржавы сканцэнтравана на эфектыўнасці і якасці, што знаходзіць адлюстраванне ў росце паказчыкаў, якія характарызуюць прадукцыйнасць працы, рэнтабельнасць, долю інвестыцый у асноўны капітал, удзельную вагу экспарту, імпартазамяшчэнне. Важным
прыярытэтам для айчыннай прамысловасці з’яўляецца асваенне новых знешніх рынкаў збыту і нарошчванне экспартнага патэнцыялу. Істотны ўклад у інавацыйнае развіццё краіны належыць і сферы паслуг — найважнейшаму складніку эканамічнага росту, экспартных магчымасцей і якасці жыцця грамадзян.
“Стварэнне высокатэхналагічнай, канкурэнтаздольнай на сусветным рынку прадукцыі немагчыма без прымянення прарыўных тэхналогій, новага энергазберагальнага абсталявання, сучасных метадаў кіравання і прыцягнення інвестыцый”, — падкрэсліў кіраўнік урада.
Сяргей Румас падзякаваў узнагароджаным прадпрыемствам за сістэмнае прасоўванне якасці ва ўсіх сферах дзейнасці, уклад у паляпшэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне. “Сваёй эфектыўнай працай, высокай сацыяльнай адказнасцю вы стымулюеце партнёраў да самаўдасканалення, актыўнай работы ў галіне якасці, выкарыстання перадавога вопыту і сучасных механізмаў кіравання. Усё гэта ў сваю чаргу садзейнічае стабільнаму развіццю Беларусі, захаванню рэсурсаў і навакольнага асяроддзя для цяперашняга і будучых пакаленняў”, — сказаў прэм’ер-міністр.
Кіраўнік урада выказаў упэўненасць, што пераможцы конкурсу, атрымаўшы высокую ўзнагароду, прадоўжаць прытрымлівацца інавацыйнага шляху развіцця. “Якасць была і застаецца фундаментам моцнай эканомікі як у цэлым краіны, так і кожнага асобна ўзятага прадпрыемства”, — рэзюмаваў Сяргей Румас.
Лаўрэатамі конкурсу сталі 10 арганізацый, у іх ліку і ўстановы адукацыі: гімназія № 1 імя Я.Карскага (Гродна), Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і Палескі дзяржаўны ўніверсітэт.
Яшчэ 15 арганізацый пацвердзілі званне лаўрэата, атрыманае раней. Сярод іх і адукацыйныя ўстановы: універсітэт грамадзянскай абароны МНС і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
Лаўрэаты, у тым ліку якія пацвердзілі гэтае званне, на працягу трох гадоў могуць выкарыстоўваць выяву эмблемы прэміі ў маркіроўцы тавараў, дакументацыі, а таксама ў рэкламных мэтах.
Таксама ўручаны нагрудныя знакі “Лідар якасці”, узнагароджаны пераможцы конкурсаў “Лепшы менеджар па якасці” і “Лепшая дыпломная і навукова-даследчая работа студэнтаў у галіне менеджменту і кантролю якасці”, а таксама рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшую публікацыю аб якасці і дзелавой дасканаласці.