Якасць, прафесіяналізм, дысцыпліна

На базе Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці адбылося пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, прысвечанае вынікам работы адукацыйнай галіны ў мінулым годзе і задачам па яе ўдасканаленні ў бягучым. У рабоце калегіі ўдзельнічалі памочнік Прэзідэнта Беларусі — інспектар па Брэсцкай вобласці А.М.Маркевіч, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Г.І.Барысюк і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі.

Рэктар Брэсцкага абласнога ІРА А.В.Машчук расказаў, што летась на Брэстчыне працягвалася мэтанакіраваная работа па развіцці і ўдасканаленні сістэмы агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, павышэнні яе якасці. Аптымізоўвалася і рэарганізоўвалася сетка ўстаноў адукацыі, умацоўвалася іх матэрыяльная база. Уведзены ў эксплуатацыю сярэдняя школа і яслі-сад — пачатковая школа ў Брэсце.

Сёння ў вобласці дзейнічаюць 573 установы дашкольнай і 501 агульнай сярэдняй адукацыі. Дашкольныя ўстановы наведваюць каля 63,6 тысячы дзяцей. Ахоп дашкольнай адукацыяй — 93%. Забяспечанасць месцамі ў дзіцячых садах — каля 95%. Дэфіцыт месцаў назіраецца ў Брэсце, Брэсцкім і Столінскім раёнах. Амаль 12% устаноў укамплектаваны дзецьмі на 20—40% звыш нормы. Павялічваецца колькасць груп кароткачасовага знаходжання (620).

Сярод актуальных праблем — захваральнасць дашкольнікаў (на адно дзіця — 5,8 дня пропускаў). Найбольшыя паказчыкі ў Брэсце (9,6 дня) і Брэсцкім раёне (10), найменшыя — у Жабінкаўскім (0,8), Драгічынскім (1,4) і Івацэвіцкім (1,6) раёнах.

Адукацыйны працэс у да­школьных установах забяспечваюць больш за 5,2 тысячы педагогаў, з якіх каля 72% маюць вышэйшую адукацыю, а 23,5% — вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

Назіраецца станоўчая дынаміка ў аснашчэнні дашкольных устаноў сродкамі выхавання і навучання (84,5%). У той жа час на­дворным абсталяваннем асна­ш­чаны толькі каля 69% дзіцячых садоў.

Лепшымі ўстановамі на ўзроўні краіны прызнаваліся яслі-сад № 10 Бярозы і Мотальскі яслі-сад Іванаўскага раёна.

У школах атрымліваюць веды каля 164,8 тысячы вучняў. Іх колькасць, як і колькасць дашкольнікаў, з году ў год павялічваецца. У адукацыйным працэсе за­дзейнічаны каля 16,3 тысячы настаўнікаў. Каля 81% з іх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Лепшыя паказчыкі — у Лунінецкім і Ганцавіцкім раёнах, Баранавічах і Пінску. 50 педагогаў — настаўнікі-метадысты. Больш за ўсё іх у Баранавічах (11), Пінску (7) і Брэсце (8), а таксама ў Івацэвіцкім раёне (4).

Вялікая ўвага ўдзяляецца павышэнню якасці адукацыі, у тым ліку праз інфарматызацыю адукацыйнага працэсу. Больш за 90% педагогаў выкарыстоўваюць у рабоце ІКТ. Паспяхова рэалізоўваецца праект “Электронная школа”.

Шмат робіцца па павышэнні якасці профільнага навучання. Сёння профільныя класы адкрыты ў 274 установах адукацыі. На павышаным узроўні вывуча­юць прадметы каля 54% дзесяцікласнікаў і 53% адзінаццацікласнікаў. Профільныя класы (групы) педагагічнага кірунку дзейнічаюць у 46 установах адукацыі вобласці. 100 з 256 мінулагодніх выпускнікоў педкласаў (груп) паступілі на педспецыяльнасці УВА. З мэтай павышэння прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій у 30 школах створаны профільныя класы (групы) аграрнага кірунку.

Па выніках мінулагодняга цэнтралізаванага тэсціравання выпускнікі школ вобласці паказалі больш высокія балы, чым паза­летась. Максімальную коль­касць балаў атрымалі 36 колішніх ­адзінаццацікласнікаў (пазалетась 49). У лідарах — Пінск (11), Баранавічы (6), Брэст (5) і Іванаўскі раён (3).

Па-ранейшаму не раду­юць вынікі алімпіяднага руху. На працягу многіх гадоў Брэстчына застаецца ў канцы турнірнай табліцы ў рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе. З году ў год добрыя вынікі ў алімпіядным руху паказваюць гімназія № 1 і ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста, гімназіі №№ 1, 3 і 4, сярэдняя школа № 7 Баранавіч, сярэдняя школа № 2 Лунінца, Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М.Машэрава і інш. На жаль, у шэрагу гімназій і ліцэяў адсутнічае сістэмная работа з адоранымі вучнямі, пра што свед­чаць шматгадовыя нулявыя вынікі ў алімпіядным руху. Разам з тым 7 школьнікаў Брэстчыны сталі летась пераможцамі міжнародных алімпіяд.

Каля 7,6 тысячы старшакласнікаў праходзяць прафесійную падрыхтоўку па 56 прафесіях у рамках працоўнага навучання. Вучні асвойваюць спецыяльнасці на базе школ, устаноў прафесійнай і вышэйшай адукацыі, на міжшкольных факультатывах.

Начальнік аддзела агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама В.А.Шапавал засяродзіла ўвагу на развіцці сістэмы прафесійнай адукацыі вобласці, якая налічвае 46 устаноў. Намаганні УПА накіраваны на падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў, запатрабаваных на сучасным рынку працы. На жаль, план прыёму ў ПТНУ і ССНУ не выконваецца цалкам. Існуюць пэўныя цяжкасці з арганізацыяй мэтавай падрыхтоўкі.

Актывізавалася работа па замацаванні за УПА базавых прадпрыемстваў. Пералік спецыяльнасцей, па якіх вядзецца падрыхтоўка, штогод перагледж­ваецца і абнаўляецца з улікам сітуацыі на рынку працы. На жаль, 50% выпускнікоў не затрымліваюцца надоўга на атрыманых рабочых месцах з-за нізкіх заробкаў.

Асноўная задача сістэмы прафесійнай адукацыі — якасць пад­рыхтоўкі рабочых і спецыялістаў у адпаведнасці з сучасным узроўнем вытворчасці. З гэтай мэтай на базе УПА працуюць рэсурсныя цэнтры. Сярод іншых задач — аптымізацыя структуры і аб’ёмаў падрыхтоўкі кадраў, сеткі ўстаноў, мадэрнізацыя іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, павышэнне эфектыўнасці ўзаемадзеяння УПА з арганізацыямі — заказчыкамі кад­раў і інш.

— Перад сістэмай адукацыі Брэстчыны стаіць шмат актуальных задач, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі. — Сярод іх — забеспячэнне крокавай даступнасці дашкольнай адукацыі, удасканаленне здароўезберагальнага і бяспечнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі, актывізацыя даследчай дзейнасці вучняў, зніжэнне дакументаабароту, развіццё сеткі дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, павышэнне вучэбнай дысцыпліны і якасці адукацыі на ўсіх узроўнях, прафесійнага майстэрства педагогаў, асабліва сацыяльных педагогаў і педагогаў-псіхолагаў, і кіраўніцкіх кадраў, іх юрыдычнай, эканамічнай і ІТ-кампетэнтнасці і інш. Магчымасцей для выканання пастаўленых задач дастаткова.

З гэтым пагадзіўся і намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Г.І.Барысюк: “Сістэма адукацыі Брэстчыны валодае добрым кадравым патэнцыялам, але адчувальных вынікаў ад гэтага няма. Не хапае адказнасці, выканальніцкай дысцыпліны і пэўных прафесійных кампетэнцый. Неабходна павышаць кіраўніцкую культуру і прафесіяналізм”.

— Нягледзячы на шэраг праблем, адукацыйная галіна вобласці дэманструе і пэўныя станоўчыя вынікі, — заўважыў памочнік Прэзідэнта Беларусі — інспектар па ­Брэсцкай вобласці А.М.Маркевіч. — Павышаная ўвага — маладым спецыялістам, ад якіх залежыць будучыня айчыннай адукацыі. Галоўнае — добрасумленна выконваць прафесійныя абавязкі.

Закранаючы пытанне, звязанае з новымі ўмовамі аплаты працы, А.М.Маркевіч адзначыў, што ні ў якім разе нельга пакрыў­дзіць настаўніцтва. На жаль, новы закон пакуль не прынёс чаканых вынікаў. Сітуацыя, якая склалася з яго рэалізацыяй, патрабуе сур’ёзнага аналізу на ўзроўні Савета Міністраў Беларусі і Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.

Напрыканцы мерапрыемства лепшыя педагогі, кіраўнікі і аддзелы па адукацыі атрымалі ўзнагароды ад Брэсцкага аблвыканкама і галіновага прафсаюза. Нагрудны знак “Выдатнік адукацыі” ўручаны дырэктару Пінскага дзяржаўнага ПТК машынабудавання С.Ф.Палхоўскаму.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.