Якасць у прыярытэце: педагагічныя калектывы Чавускага раёна падзяліліся вопытам і дасягненнямі

- 13:17Репортаж

Змястоўна і прадукцыйна прайшоў прэс-тур прадстаўнікоў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” ў Чавускім раёне. Паездка выдалася насычанай цікавымі знаёмствамі і перадавым педагагічным вопытам.

Увага ўсім напрамкам

У навучальных установах раёна сваёй асноўнай задачай педагогі бачаць захаванне якасных паказчыкаў па розных напрамках дзейнасці.

— За апошнія некалькі гадоў многае было зроб­лена па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. Летась капітальныя рамонты былі зроблены ў 1-й і 2-й школах райцэнтра. Сёлета цалкам мадэрнізаваны 5-ы дзіцячы сад. Стварэнню належных умоў для навучання ўдзяляем асаблівую ўвагу. Па матэрыяльным забеспячэнні чавускія школы нічым не ўступа­юць установам буйных гарадоў, — расказаў начальнік аддзела па адукацыі Чавускага райвыканкама Дзяніс Нікіфараў.

Па яго словах, у бягучым навучальным го­дзе школьнікі раёна паспелі ўжо праявіць сябе ў алімпіядным руху, творчасці, спорце. За дасягненнямі вучняў стаяць педагогі. Чавускія настаўнікі стараюцца быць у курсе новаўвядзенняў у адукацыйнай сферы. Сёння звыш 74% педагагічных работнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.

— Ва ўстановах адукацыі актыўна займаюцца ўкараненнем інавацый, рэалізуюць эксперыментальныя праекты. Плённая работа настаўнікаў прыно­сіць адпаведныя вынікі. Нашы навучэнцы дэманструюць дастаткова высокі ўзровень ведаў. З ліку сёлетніх выпускнікоў трое атрымалі атэстаты з адзнакай і залатыя медалі, — адзначыў Дзяніс Нікіфараў.

У прыярытэце педагагічных калектываў раёна выхаваўчая работа, падтрымка вучняў у жыццёвым самавызначэнні. Дзейнічаюць два ваенна-патрыятычныя клубы, з верасня павялічылася колькасць профільных класаў.

— У сярэдняй школе № 1 горада адкрылі медыцынскі клас. Функцыянуюць таксама класы і групы педагагічнай, аграрнай, інжынернай, спартыўна-педагагічнай накіраванасці. Профільным навучаннем ахоплена звыш 82% старшакласнікаў, — заўважыў Дзяніс Уладзі­міравіч. — Імкнёмся да таго, каб навучэнцы рабілі свядомы прафесійны выбар.

Здабытак — настаўнікі

У Сласцёнаўскай сярэдняй школе ўсяго 22 вучні. Установа малакамплектная, але гэтая акалічнасць ніяк не ўплывае на якасць адукацыі.

— Школа на перадавых пазіцыях у раёне. Сёлета мы занялі 2-е месца ў абласным спабор­ніцтве, сталі адной з лепшых сельскіх навучальных устаноў на Магілёўшчыне. Нашы вучні рэгулярна выходзяць у лік пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, прычым заваёўваюць дыпломы нават заключнага этапу. Праяў­ляюць сябе навучэнцы таксама ў даследчых і творчых конкурсах, спартыўных турнірах, — расказаў дырэктар установы Мікалай Калашнікаў. — Калектыў складаецца з дванаццаці педагогаў. Большасць настаўнікаў маюць адзін запіс у працоўнай кніжцы, усё іх жыццё звязана з аграгарадком Сласцёны і навучаннем мясцовай дзятвы.

Сярод тых, хто працуе ў школе з моманту адкрыцця, — Сяргей Аршаўскі, які мае амаль тры з паловай дзесяцігоддзі педагагічнага стажу. Увесь гэты час ён выкладае тэхнічную працу і чарчэнне.

У арганізацыі вучэбнага працэсу настаўнік робіць упор на праектны метад і ўсебаковае развіццё здоль­насцей вучняў. Асабліва вынікова Сяргей Аршаўскі працуе з адоранымі дзецьмі: ён падрыхтаваў 99 пераможцаў розных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні.

Капітальная мадэрнізацыя

Ярка, сучасна, прывабна выглядае дзіцячы сад № 5 Чавус пасля маштабнага капітальнага рамонту з элементамі мадэрнізацыі. Некалькі тыдняў назад дашкольная ўстанова зноў расчыніла дзверы для сваіх выхаванцаў.

На правядзенне рамонтных работ было накіравана звыш 1 млн рублёў. Усяго за чатыры месяцы сад цалкам змяніў знешні і ўнутраны выгляд.

— Было адрамантавана ў літаральным сэнсе ўсё. Перафарбаваны фасад будынка, заменены дах, уваходныя групы і ганкі, пераабсталяваны харчаблок, пральня, санвузлы ў групах, музычная зала і сістэма пажарнай сігналізацыі. На прылеглай тэрыторыі з’явіліся новыя ценявыя навесы, гульнявыя і спартыўная пляцоўкі, прыгожая алея з туй. Дзеці і бацькі ў захапленні ад зробленага. Толькі станоўчыя водзывы пра змяненні і ў педагогаў. Наша ўстанова стала больш сучаснай, створаны дадатковыя магчымасці для творчага і фізічнага выхавання малышоў, — расказала намеснік загадчыка Ала Званарова.

Зараз 5-ы сад наведваюць 148 хлопчыкаў і дзяўчынак. Ва ўстанове адзінаццаць груп, прычым тры — інтэграваныя, а адна — спецыяльная для выхаванцаў з цяжкімі парушэннямі маўлення. Тут увогуле робяць значны акцэнт на рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця.

— Мы з’яўляемся апорнай пляцоўкай у раёне па рабоце з дзецьмі з АПФР. Выхавальнікі маюць вялікі вопыт па ажыццяўленні якаснай карэкцыйна-педагагічнай дапамогі асаблівым малышам. Дзякуючы індывідуальнаму падыходу і выкарыстанню перадавых адукацыйных методык, каля 70% выпускнікоў сада не маюць маўленчых парушэнняў, у астатніх прасочваецца перспектыва выхаду на норму, — патлумачыла Ала Анатольеўна.

Свае эфектыўныя напрацоўкі калектыў актыўна трансліруе сярод калег. У садзе наладжана ўзаемадзеянне з цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Дарэчы, спецыяльная ўстанова працуе на базе сада, таму яе таксама закранула істотнае перааснашчэнне.

З акцэнтам на выхаванні

Не проста даць трывалыя веды, а выхаваць вучняў патрыётамі і дастойнымі грамадзянамі. Пад такім дэвізам працуюць педагогі сярэдняй школы № 2 Чавус.

Ва ўстанове адукацыі вучацца звыш 680 хлопчыкаў і дзяўчынак. Нягледзячы на вялікую колькасць дзяцей у класах, нас­таўнікі распрацоўваюць персанальную вучэбную траекторыю да кожнага, стараюцца разгледзець таленты вучняў, прывіць ім духоўна-маральныя арыенціры, дапамагчы знайсці сваё месца ў грамадстве.

— Шырока выкарыстоўваем магчымасці профільнага навучання. У нас дзейнічаюць пяць профільных груп. Асаблівай папулярнасцю ў вучняў карыстаецца інжынерны кірунак. Першачарговай задачай лічым не толькі адукацыю, але і выхаванне, фарміраванне асобы дзіцяці. Вялікай падмогай у гэтай справе стала адкрыццё ваенна-патрыятычнага клуба “Абаронца”, — адзначыў дырэктар школы Аляксандр Старавойтаў.

Падчас наведвання 2-й чавускай школы карэспандэнты пазнаёміліся з настаў­ніцай фізікі Вольгай Сярогінай. З фізічнымі таямніцамі Вольга Віктараўна знаё­міць дзяцей на працягу ўжо 35 гадоў, у яе прафесійнай скарбонцы мноства дасягненняў. Але самае каштоўнае для гэтага педагога тое, што ўсе былыя вучні сталі кампетэнтнымі спецыялістамі, якія жывуць і працуюць на карысць Радзімы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА