Год моладзі для шэрага міністэрстваў і ведамстваў, грамадскіх аб’яднанняў праходзіць пад знакам развіцця маладзёжнага турызму. Актуальныя кірункі гэтай работы, праблемныя пытанні, шляхі іх вырашэння абмяркоўваліся падчас прэс-канферэнцыі “Маладзёжны турызм у Беларусі: развіццё перспектыўных кірункаў”, якая прайшла ў прэс-цэнтры сталічнага Дома прэсы.
Тое, што турызм з’яўляецца важным фактарам усебаковага гарманічнага развіцця асобы навучэнца, што ён можа прыносіць у бюджэт краіны немалыя грошы, — ісціны агульнавядомыя. Як агульнавядома і тое, што для далучэння сучаснай моладзі да заняткаў турызмам неабходна выкарыстоўваць новыя падыходы і формы работы. Па словах кансультанта аддзела планавання і арганізацыі турыстычнай дзейнасці дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Марыны Веньямінаўны Масташовай, наша моладзь нярэдка лічыць класічныя экскурсіі сумнаватымі, таму ўсё больш турыстычных арганізацый акцэнтуюць увагу ў рабоце з моладдзю на адукацыйных праектах, такіх як экскурсіі-квесты, экскурсіі-віктарыны. Апошняе дзесяцігоддзе ў экскурсійным турызме актыўна ўкараняецца такі кірунак, як анімацыя, атракцыя, калі экскурсанты з’яўляюцца не толькі слухачамі, гледачамі, але і актыўнымі ўдзельнікамі экскурсійнага працэсу. Пра любоў моладзі да турызму і экскурсій сведчыць і штогадовы фэст экскурсаводаў, які традыцыйна праводзіцца па ўсёй краіне з нагоды Міжнароднага дня аховы помнікаў і гістарычных мясцін, які адзначаецца 18 красавіка. Каб пераканацца ў тым, што наша моладзь цікавіцца гісторыка-культурнай спадчынай, дастаткова паглядзець на фотаздымкі з падобных мерапрыемстваў. На фэст маладыя людзі прыходзяць не толькі з сябрамі, але і прывозяць у калясках сваіх маленькіх дзетак. Набываюць папулярнасць і веласіпедныя маршруты. Добрую ідэю даў Мінск, і цяпер як мінімум у кожным абласным цэнтры распрацаваны шэраг веласіпедных экскурсій, адправіцца на якія можна не толькі на сваім двухколавым сябры, але і арандаваць веласіпед у спецыяльных пунктах пракату.
Культурна-пазнавальны турызм у гэтым годзе афарбаваны ў колеры 70- годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Кожная школа, калі не кожны клас, наведала знакавыя мемарыяльныя комплексы, удзельнічала ў экскурсіях па ваенна-гістарычнай тэматыкі. Падобныя экскурсіі найбольш распаўсюджаныя, паколькі Беларусь на працягу стагоддзяў з’яўлялася арэнай баявых дзеянняў. У кожнай вобласці дзейнічаюць як мінімум 25 экскурсійных маршрутаў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Не дзіўна, што Беларусь ва ўсім свеце асацыіруецца як краіна-партызанка, краіна, дзе знаходзяцца знакамітыя комплексы “Брэсцкая крэпасць-герой”, “Хатынь”, Курганы Славы, апошнім часам карыстаецца папулярнасцю і гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”.
— Турызм, як і ўвесь свет, як і ўсё жыццё, — за маладымі. Тыя турыстычныя кампаніі, тыя арганізацыі, тыя ўстановы адукацыі, грамадскія аб’яднанні, якія сур’ёзна займаюцца сваёй справай, прафесійна і з любоўю адносяцца да яе, разумеюць, што падчас работы з усімі катэгорыямі турыстаў-экскурсантаў трэба ў тым ліку, а можа, і ў першую чаргу, думаць пра моладзь, пра тых, хто праз некалькі гадоў будзе найбольш актыўным спажывальнікам турыстычных паслуг, — адзначыла Марына Веньямінаўна.
Па словах дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алены Уладзіміраўны Ануфровіч, у сістэме адукацыі на сённяшні час працуюць 62 цэнтры турызму і краязнаўства, у якіх у больш чым 2 тысячах аб’яднанняў па інтарэсах займаецца больш за 25 тысяч навучэнцаў. У рамках Года маладзёжнага турызму (аб’яўленага нашым партнёрам Міністэрствам спорту і турызму) упраўленнем па справах моладзі Міністэр-ства адукацыі было арганізавана правядзенне новых мерапрыемстваў, якія прыцягнулі вялікую ўвагу моладзі. Гэта ў першую чаргу праект “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. Сёлета моладзь была максімальна прыцягнута да спартыўна-турыстычных мерапрыемстваў: праведзены маладзёжныя спаборніцтвы краіны па турыстычна-прыкладным мнагаборстве па тэхніцы горна-пешаходнага турызму ў Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці. Значнай падзеяй для юных турыстаў з’яўляецца ўдзел у турыстычным злёце навучэнцаў Саюзнай дзяржавы. Урад, Міністэрства адукацыі вялікую ўвагу ўдзяляюць экскурсійнай рабоце з навучэнцамі. Праводзіцца работа па змяненні нарматыўна-прававых актаў, падрыхтаваны шэраг метадычных матэрыялаў у дапамогу арганізатарам экскурсійнай работы. У першую чаргу распрацаваны пералік экскурсійных аб’ектаў, якія рэкамендаваны для наведвання навучэнцамі падчас навучальнага года. Гэтыя турыстычна-экскурсійныя маршруты прайшлі экспертызу ў Нацыянальным інстытуце адукацыі і рэкамендаваны як дадатак да вучэбнага працэсу.
Фінансавае пытанне з’яўляецца адным з асноўных у развіцці маладзёжнага турызму. “Канечне, нам усім хацелася б, каб вярнуліся тыя добрыя часы, калі дзяржава і транспартныя арганізацыі маглі прадаставіць для юных турыстаў значныя скідкі. Аднак з-за пэўных эканамічных умоў гэта не заўсёды магчыма. Нельга забываць той факт, што большасць музейных устаноў рэгулярна арганізоўваюць дні бясплатных наведванняў, а ў кожным музеі існуе і пэўная сістэма скідак для навучэнцаў і студэнтаў. Добры прыклад тут можна ўзяць у нашых суседзяў-расіян, дзе ў рамках патрыятычнай праграмы “Дарогі Перамогі” навучэнская моладзь можа наведваць аб’екты, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны бясплатна, за дзяржаўны кошт”, — адзначыла Марына Веньямінаўна.
Адным з перспектыўных кірункаў развіцця маладзёжнага турызму з’яўляецца распрацоўка Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства праграмы “Кадры”. У рамках праграмы ў найбліжэйшыя тры гады плануецца стварыць банкі даных лепшых экскурсаводаў, трэнераў, баз, арганізаваць эфектыўную сістэму павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Плануецца, што праграма будзе садзейнічаць вырашэнню пытання падрыхтоўкі кадраў для спартыўнага турызму і ў першую чаргу турыстаў-інструктараў. Адным са стымулаў для развіцця маладзёжнага турызму, як мяркуецца, стане ўвядзенне, а дакладней, вяртанне старой савецкай традыцыі ўзнагароджвання лепшых юных турыстаў прыгожым металічным значком за выкананне пэўных нарматываў. Прыцягваюць увагу моладзі і вяровачныя гарадкі, якія актыўна ствараюцца ў розных рэгіёнах краіны.
— Турыстычная сфера — гэта сфера не толькі адпачынку, але і яго арганізацыі, гэта прадпрымальніцкая сфера. Менавіта на развіццё турыстычнай сферы і накіраваны шэраг праектаў “100 ідэй для Беларусі”, у першую чаргу гэта праекты, звязаныя з аграэкатурызмам. Сёння мы гаварылі пра аніміраваны турызм. Падобныя паслугі аказваюцца, напрыклад, у Раванічах Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці на тэрыторыі былой панскай сядзібы. Там праводзяцца шляхецкія балі, падтрымліваюцца шляхецкія традыцыі, — адзначыў галоўны спецыяліст аддзела праектнай дзейнасці ЦК БРСМ Уладзімір Віктаравіч Дзёмін.
На думку старшыні Рэспубліканскага турыстычна-спартыўнага саюза Мікалая Мікалаевіча Дубовіка, асновай асноў айчыннага турызму заўсёды быў, ёсць і будзе дзіцяча-юнацкі турызм. “Сёння мы працуем пераважна на экскурсійны, камерцыйны турызм. Гэта добра, мы павінны развіваць гэтую індустрыю. Аднак мы не павінны забываць, што любы від турызму пачынаецца з развіцця дзіцяча-юнацкага турызму. Я 14 гадоў працаваў у сістэме прафтэхадукацыі, стварыў два турыстычныя клубы, навучэнцамі якіх былі пераважна цяжкія падлеткі. Магу з упэўненасцю сказаць, што пасля аднаго-двух паходаў яны станавіліся самымі надзейнымі таварышамі, ніколі не падводзілі нас, педагогаў. Турызм — гэта выдатны інструмент для выхавання. Большасць маіх выхаванцаў атрымлівалі спартыўныя разрады па турызме, служылі ў элітных войсках. Турызм — гэта вялікая сіла, якая выхоўвае маладога чалавека, вучыць яго жыць у калектыве, рыхтуе да службы ў арміі”, — адзначыў Мікалай Мікалаевіч.
Дзеці хочуць займацца турызмам — і гэта факт. На думку Мікалая Мікалаевіча Дубовіка, калі зайсці ў любы клас і спытаць у вучняў, хто хоча пайсці ў паход, то амаль усе падымуць руку. Дзіця, якое займаецца ў турыстычным гуртку, — гэта дзіця, якое ў першую чаргу адарвана ад шкоднага ўплыву вуліцы. Юныя турысты ніколі не будуць кідаць смецце ў непатрэбным месцы, яны прызвычаены да жыцця. Кожны з іх можа прыгатаваць сабе паесці, кожны зможа своечасова сарыентавацца і выйсці са складанай жыццёвай сітуацыі. Падобнаму іх вучаць педагогі, падобнаму яны вучацца ў турыстычных гуртках, падчас паходаў.
Ад таго, наколькі паспяхова будзе развівацца маладзёжны турызм, залежыць паспяховае развіццё айчыннай турыстычнай сферы. Усе мы, безумоўна, хочам, каб у нашай краіне павялічвалася колькасць турыстаў, прычым не толькі айчынных, але і замежных, каб аб’екты нашай гісторыка-культурнай спадчыны былі вядомыя ва ўсім свеце, каб да нас актыўна прызджалі і каб у нас здзіўляліся. Каб у будучым не здзіўляцца, што запланаванае не спраўдзілася, трэба развіваць дзіцяча-юнацкі, маладзёжны турызм, падтрымліваць яго і нічога дзіўнага ў гэтым няма.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.