Які эфект назіраюць ва ўстановах адукацыі Віцебшчыны, дзе адмовіліся ад выкарыстання мабільных тэлефонаў

- 10:10Актуально

Свабоднай ад мабільных тэлефонаў тэрыторыяй ужо даўно з’яўляюцца віцебскія гімназіі № 2 і № 5 імя І.І. Люднікава. Своечасовасць і карысць гэтага рашэння пераканаўча даказала практыка, падкрэслілі ў размове з карэспандэнтам «Настаўніцкай газеты» дырэктары гэтых устаноў адукацыі Канстанцін і Аляксандр Кісялёвы.

Дзеткі не ў сетках

— Абмяжоўваць выкарыстанне мабільных тэлефонаў у гімназіі мы пачалі больш за пяць гадоў назад, да ўступлення ў сілу патрабаванняў дзеючага Дзяржаўнага школьнага стандарту, — адзначыў дырэктар віцебскай гімназіі № 2 Канстанцін Кісялёў. — На пэўным этапе прааналізавалі меркаванні педагогаў, запыты бацькоў. У выніку было прынята кіраўніцкае рашэнне, своечасовасць і карысць якога пераканаўча даказала практыка. На працягу некалькіх гадоў працуем у рэжыме свабоднай ад мабільных тэлефонаў тэрыторыі, можна знак на ўваходзе ставіць. У нас з гэтым строга: навучэнец прыйшоў, здаў гаджэт на захаванне і атрымаў назад, калі завяршыўся адукацыйны працэс, уключаючы дадатковыя заняткі. Цяпер паслядоўна набліжаемся да таго, каб нават па суботах і на канікулах дзеці, якія займаюцца ў гімназіі, абыходзіліся без тэлефонаў.

— За 2024/2025 навучальны год мы здзейснілі, як я лічу, педагагічную перамогу: дружна сказалі «не» мабільнікам, — заўважыў дырэктар віцебскай гімназіі № 5 імя І.І. Люднікава Аляксандр Кісялёў. — Раней, знаходзячыся ў гімназіі, навучэнцы насілі іх з сабой, паставіўшы на «вібра» або бязгучны рэжым. Карыстацца тэлефонам можна было ў выключных выпадках з дазволу настаўніка на занятках і для сувязі з роднымі на перапынках. Аднак спакуса для многіх дзяцей неадольная: у намерах — «я вазьму толькі час паглядзець», на справе — «і заадно хуценька зайду ў сацыяльныя сеткі», а там прапаў для сяброў аднакласнік, бо інтэрнэт зацягвае. Таму сабраныя ў вучняў перад пачаткам першага ўрока тэлефоны цяпер захоўваюцца ў настаўніцкай, у спецыяльна адведзеных ячэйках і пад наглядам відэакамеры. У сем’ях навучэнцаў станоўча прынялі новаўвядзенне, часткова ініцыятыва зыходзіла ад бацькоўскага актыву.   

А вось дзецям першым часам было няпроста: у моладзі відавочная залежнасць ад тэлефонаў. Затое яны адразу пачалі больш размаўляць адно з адным. Масава ўзяліся за падручнікі, вучэбныя дапаможнікі: прызнацца, такой колькасці кніжак у руках навучэнцаў на перапынках я ніколі раней не бачыў за 4 гады работы ў гімназіі. Сёлета значна прыраслі вучнёўскія каманды, што фарміруюцца вакол нашых вядучых педагогаў-прадметнікаў. Іншымі словамі, павялічылася колькасць дзяцей, каму цікава вывучаць прадметы на паглыбленым узроўні, хто гатовы аддаваць дадатковы час на вучобу, ісці за настаўнікам, дасягаць поспехаў. Адпаведна, павысілася выніковасць. Не скажу, каб на 100 % змяненні абумовіла абмежаванне ў выкарыстанні тэлефонаў. Тым не менш, як складнік у агульным выніку гэта прысутнічае.

Сямейны падыход

У кантэксце размовы папрасіла братоў Кісялёвых падзяліцца таксама ўласным бацькоўскім вопытам. У Канстанціна Леанідавіча двое дзяцей, у Аляксандра Леанідавіча — трое.   

— Праблема з мабільнымі тэлефонамі велізарная, — лічыць А. Кісялёў. — Інтэрнэт, гаджэты розныя насамрэч па-вар’яцку прыцягальныя. Гэта тайм-кілеры. Дайце ў рукі тэлефон бескантрольна — і неўзабаве рызыкуеце ўбачыць, што дзіця можа ахвотна праводзіць за ім па 10—20 гадзін запар.

Тут мой суразмоўнік даў добрую параду бацькам: неабходна больш размаўляць з дзецьмі, хатнімі справамі разам займацца, шукаць цікавыя напрамкі развіцця і знаходзіць агульныя інтарэсы, спрачацца, вучыць, тлумачыць і паказваць правільны прыклад. Часам малым проста трэба выгаварыцца.

— Калі вы штодзень дома пасля работы сядзіце ў тэлефоне, не здзіўляйцеся, што і ваш сын ці дачка будуць гэтак жа рабіць, — падкрэсліў А. Кісялёў. — Маім малодшым сыну і дачцэ пакуль з прычыны ўзросту тэлефоны нецікавыя, хіба што мульцік паглядзець. У старэйшай дачкі правіла: пакуль урокі не зроблены, тэлефона няма. Праўда, з урокамі яна хутка спраўляецца. Дадаткова дачка займаецца ў цыркавой студыі, танцуе, малюе — мы стараемся даць магчымасць дзіцяці паспрабаваць сілы ў тым, што захапляе. Чытаць падабаецца — адназначна падтрымліваем. Дома маленькія сястрычка і брацік, да іх у дачкі вялікая ўвага. Тут варта аддаць належнае нашым з Косцем дзецям: дзякуй Богу, яны між сабой вельмі дружныя.

— Дарослыя ў сям’і, у першую чаргу бацькі, павінны быць безумоўным аўтарытэтам для дзяцей, — упэўнены К. Кісялёў. — Рэцэпт сямейнага дабрабыту ўніверсальны — узаемныя любоў і давер, клопат і павага. Бацькоўскі кантроль неабходны, толькі зноў жа ў меру. Нам падабаецца разам праводзіць вольны час, аднак у кожнага, у тым ліку ў дзяцей, ёсць асабістая прастора. З узростам яе межы пашыраюцца і разам з тым павялічваецца адказнасць.

Каб дапамагчы пазбегнуць залежнасці ад мабільных тэлефонаў, у сям’і існуе правераны спосаб: максімальна, адпаведна магчымасцям, заняць дзіця цікавай для яго прадукцыйнай дзейнасцю, у ідэале — з акцэнтам на вучобе.

— Старэйшы сын зараз рыхтуецца да паступлення ва ўніверсітэт і асаблівы ўпор робіць на прадметы, якія спатрэбіцца здаваць: матэматыку, фізіку, рускую мову, — прывёў прыклад К. Кісялёў. — Плюс гуляе ў футбол — гэта наша агульнае захапленне, трэніруецца ў СДЮШАР ФК «Віцебск». Малодшы сын нямала часу ў камп’ютары праводзіць па вучобе, бо паглыблена займаецца інфарматыкай пад кіраўніцтвам заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь Веранікі Лакціной. Бацькоўскі прынцып — «давярай і правярай». Стараюся неназойліва, але сістэмна і ўважліва кантраляваць знаходжанне сына ў інтэрнэце. Час ад часу пачаў разам з ім выконваць заданні. Ведаеце, я захапіўся праграмаваннем! 

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара і pixabay.com