Якое другое жыццё чакае школьныя музеі і дзе захоўваюцца іх каштоўныя экспанаты, разбіраўся карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
«Прыедзь у край мой ціхі…” — запрашае Яўгенія Янішчыц у сваім знакамітым вершы. Людзі актыўна адгукаюцца на прапанову “палескай ластаўкі” і ў любую пару года едуць на яе родную Піншчыну, каб палюбавацца і “белымі бусліхамі”, і “мудрымі лясамі”. Да нядаўняга часу папулярным месцам на малой радзіме паэтэсы быў літаратурны музей Парэцкай школы.

Сёлета школа, на жаль, была закрыта. Але ёсць і добрая навіна: каштоўныя экспанаты не страчаны, а беражліва перададзены (як таго і патрабуе заканадаўства) у Музей Беларускага Палесся. І ўсё ж узнікае справядлівае пытанне: ці не згубяцца асабістыя рэчы Яўгеніі Іосіфаўны сярод шматлікіх экспанатаў аднаго з найбуйнейшых дзяржаўных музеяў краіны?
Пракаменціраваць сітуацыю пагадзілася дырэктар Музея Беларускага Палесся Ірына Дзямчук:
— Цяпер якраз прымаем фонды школьнага музея. Гэта справа не аднаго дня — трэба зверыць спісы, унесці больш за 1800 прадметаў у дзяржаўны каталог. Калі завершым, пачнём афармляць. Ужо вызначана і асобная зала. Таксама сфарміруем навукова-дапаможны фонд, якім зможа карыстацца любы, хто грунтоўна вывучае творчасць Янішчыц.

Гучыць аптымістычна. Значыць, экспанаты з Парэчча не лягуць мёртвым грузам, не будуць пакрывацца пылам у цёмным кутку, а зоймуць пачэснае месца ў пастаяннай экспазіцыі.
— Плошча дазваляе размясціць усе прадметы. Канечне, іх новае афармленне будзе адрознівацца ад школьнага, стане больш сучасным, але пастараемся захаваць стыль, да якога прывыкла не адно пакаленне парэцкіх настаўнікаў. Так што хутка ў нас з’явіцца яшчэ адна выставачная зала, ужо 11-я па ліку, прысвечаная знакамітай зямлячцы, — дадае Ірына Генадзьеўна.
Па яе словах, рашэнне Міністэрства культуры перадаць экспанаты народнага музея Парэцкай базавай школы ў Музей Беларускага Палесся было апраўданым. Па-першае, тут створаны неабходныя ўмовы для іх захоўвання. Па-другое, з творчасцю Яўгеніі Янішчыц будуць знаёміцца штогод больш за 40 тысяч наведвальнікаў. Ім нават не давядзецца набываць асобны квіток, паколькі новая зала стане часткай асноўнай экспазіцыі. Як вынік, павялічыцца колькасць людзей, якія захочуць наведаць родныя мясціны “палескай кнігаўкі” — вёскі Рудка, Мерчыцы, Парэчча.
Узнікае пытанне ўжо іншага плану: як малая радзіма Яўгеніі Янішчыц будзе сустракаць гасцей? Што з турыстычнай інфраструктурай? Ці ў дастатковай колькасці там, напрыклад, інфармацыйныя знакі, стэнды, указальнікі?
Як паведаміла былы дырэктар Парэцкай базавай школы імя Я.І.Янішчыц Наталля Юшкевіч (сёння яна ўзначальвае Валішчанскую сярэднюю школу), у вёсцы Рудка захаваўся бацькоўскі дом Яўгеніі Іосіфаўны, на якім ёсць мемарыяльная шыльда. У Парэцкай сельскай бібліятэцы створана экспазіцыя, прысвечаная Я.Янішчыц. На ёй прадстаўлены партрэт і бюст паэтэсы, стэнды, якія расказваюць пра жыццё і творчасць зямлячкі. На сценах размешчаны макеты ўсіх паэтычных зборнікаў. Ёсць і выстава кніг. Кожны жадаючы можа прыйсці і азнаёміцца з экспазіцыяй.
— У Парэцкім доме культуры выдатна было б адкрыць мемарыяльны пакой або куток. Гэты крок больш рэальны і ў фінансавым, і ў кадравым плане, чым стварэнне там філіяла нашага музея. Мы з калегамі гатовы прадаставіць якасныя копіі дакументаў і фотаздымкаў, звязаных з жыццём паэтэсы, дапамагчы ў афармленні пакоя. Кампраміс заўсёды можна знайсці, тым больш што мы адкрыты да супрацоўніцтва. А яшчэ гатовы ладзіць на малой радзіме паэтэсы часовыя выставы арыгінальных экспанатаў, напрыклад, да гадавіны нараджэння Яўгеніі Янішчыц або ў рамках літаратурных форумаў, — працягвае Ірына Генадзьеўна.
Кожны, хто наведваў музей Парэцкай школы, адзначаў асаблівую атмасферу, якая панавала ў экспазіцыйнай зале. Тут было па-дамашняму ўтульна. Упэўнены, такую ж утульнасць хутка адчуюць і наведвальнікі Музея Беларускага Палесся, асабліва ў той момант, калі экскурсавод будзе няспешна зачытваць знакамітае “Прыедзь у край мой ціхі…”.
Віктар Гаўрыловіч, начальнік аддзела па адукацыі Пінскага райвыканкама:
— На радзіме “палескай ластаўкі” любяць яе творчасць і робяць усё, каб літаратурная спадчына таленавітай паэтэсы і памяць пра яе беражліва захоўваліся.
У кабінетах беларускай мовы і літаратуры ўстаноў адукацыі аформлены тэматычныя куткі, прадстаўлены зборнікі “Снежныя грамніцы”, “Дзень вечаровы”, “Ясельда”, “Пара любові і жалю”, “У шуме жытняга святла”. У школьных бібліятэках арганізаваны выставы “Звонкае слова маіх землякоў”.
У рамках тыдня беларускай мовы і літаратуры ствараюцца насценныя газеты, рэалізуюцца праекты, якія расказваюць пра беларускіх пісьменнікаў, паэтаў-землякоў. У кожнай школе ёсць тры тамы выдання “Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі”.
Да юбілею паэтэсы плануем правесці на ўзроўні раёна шэраг значных мерапрыемстваў: конкурс буктрэйлераў, навукова-практычную канферэнцыю, конкурс чытальнікаў. Іх актыўнымі ўдзельнікамі, безумоўна, стануць настаўнікі і вучні.
Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прысвоена імя Яўгеніі Янішчыц. Наогул, у бібліятэках раёна, у тым ліку школьных, штогод у лістападзе праводзіцца Тыдзень папулярызацыі творчасці Яўгеніі Янішчыц “Янішчыцкі лістапад”, прымеркаваны да дня яе нараджэння 20 лістапада: функцыянуюць кніжна-ілюстрацыйныя выставы, ладзяцца літаратурныя вечарыны, гадзіны паэзіі, конкурсы чытальнікаў, гучныя чытанні і мноства іншых цікавых мерапрыемстваў.

Наталля Юшкевіч, былы дырэктар Парэцкай базавай школы імя Я.І.Янішчыц:
— Канечне, нам хацелася б, каб музей, які ствараўся некалькімі пакаленнямі настаўнікаў, у першую чаргу Антанінай Паўлаўнай Сідарук, працягваў дзейнічаць у Парэччы. Але трэба сыходзіць з рэальнай сітуацыі. І варыянт перадачы экспанатаў у Музей Беларускага Палесся — найлепшы з магчымых. А памяць пра таленавітую паэтэсу будзе і надалей захоўвацца на яе малой радзіме.
Аляксандр Строкач, загадчык аддзела краязнаўства Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі:
— На жаль, нам перыядычна даводзіцца вырашаць лёс музеяў пасля таго, як школы закрываюцца. Як бы там ні было, важна захаваць музейныя фонды. Гэта ў тым ліку задача і нашай установы адукацыі, якая курыруе дзейнасць школьных музеяў рэгіёна, аказвае ім метадычную дапамогу і падтрымку. У першую чаргу кіруемся заканадаўствам, Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры, згодна з якімі пры ліквідацыі дзяржаўнага музея (усе музеі ўстаноў адукацыі маюць такі статус) яго прадметы павінны быць перададзены ў бліжэйшы дзяржаўны музей, які з’яўляецца юрыдычнай асобай. У выпадку з Пінскім раёнам гэта Музей Беларускага Палесся. Згодзен з думкай, што экспазіцыю Парэцкай школы варта было б пакінуць на малой радзіме Яўгеніі Янішчыц. Але зноў жа пытанне пра ўмовы захавання. У Музеі Беларускага Палесся такія ўмовы, вядома, ёсць.
Ірына Дзямчук, дырэктар Музея Беларускага Палесся:
— Рашэнне Міністэрства культуры перадаць экспанаты народнага музея Парэцкай базавай школы ў наш музей было апраўданым. Па-першае, тут створаны неабходныя ўмовы для захоўвання. Па-другое, з творчасцю Яўгеніі Янішчыц у асобнай выставачнай зале будуць знаёміцца штогод больш за 40 тысяч наведвальнікаў. Многія з іх пасля экскурсіі захочуць наведаць родныя мясціны паэтэсы.
***
Пасля закрыцця Мядзвядскай базавай школы Карэліцкага раёна, дзе размяшчаўся музей гістарычнай асобы Ігнація Дамейкі, яго экспазіцыя была перададзена ў сярэднюю школу Міра імя Г.І.Сташэўскай.
Гэты музей — яшчэ адзін выдатны прыклад таго, як неабыякавасць педагогаў і мясцовай улады дазваляе захаваць унікальную спадчыну, якой можам ганарыцца не толькі мы, але і ўвесь свет.

— У 2013 годзе Мядзвядская базавая школа спыніла сваё функцыянаванне і паўстала пытанне аб далейшым лёсе музея. Згодна з тагачасным заканадаўствам, а таксама рашэннем Карэліцкага райвыканкама і аддзела адукацыі, экспанаты былі перададзены нашай установе адукацыі. Экспазіцыю вырашылі размясціць у асобным памяшканні. Пасля правядзення рэканструкцыі музей у абноўленым выглядзе прыняў першых наведвальнікаў, — расказвае дырэктар сярэдняй школы Міра імя Г.І.Сташэўскай Таццяна Ільінічна Шаплыка.
Важная акалічнасць: падчас рэканструкцыі пакінулі першапачатковы варыянт афармлення экспазіцыі, што дазволіла захаваць пераемнасць у музейнай справе і выказаць падзяку стваральнікам музея ў Мядзвядцы. Там гэтая работа вялася пад кіраўніцтвам былога дырэктара школы Васіля Іванавіча Хіневіча і яго жонкі настаўніцы гісторыі Галіны Канстанцінаўны. Усе звесткі яны збіралі практычна з нуля. А штуршком для пошукавай справы стаў 2002 год, аб’яўлены ЮНЕСКА годам Ігната Дамейкі. Настаўнікі працавалі ў архівах Мінска і Гродна, наладжвалі перапіску з родзічамі славутага земляка. Пазней тыя некалькі разоў прыязджалі на зямлю продкаў не толькі з далёкага Чылі, але і іншых куткоў свету.

Сёння музей — не проста мемарыяльны куток, прысвечаны сусветнавядомаму вучонаму. Гэта цэнтр выхаваўчай работы. За час функцыянавання музея ў сярэдняй школе Міра ён папоўніўся каштоўнымі экспанатамі. Сярод іх — капсула з магілы земляка ў Сант’яга, гістарычныя выданні Чылійскага ўніверсітэта, рэктарам якога быў І.Дамейка, а таксама багатая калекцыя мінералаў.
— Звярніце ўвагу вось на гэты экспанат, — працягвае Таццяна Ільінічна, трымаючы ў руках невялікі гадзіннік. — Да 220-годдзя з дня нараджэння Ігнація Дамейкі мінскі завод “Луч” выпусціў эксклюзіўную калекцыю гадзіннікаў колькасцю 220 экзэмпляраў. Гадзіннік пад нумарам 000 перададзены ў наш музей. Тут бачым карту горнага храбта Дамейкі, а таксама формулу мінерала дамейкіта, названага ў гонар земляка.
Мінула ўжо 12 гадоў, як музей гістарычнай асобы Ігнація Дамейкі пераехаў з Мядзвядкі ў Мір. За гэты час некаторыя копіі фотаздымкаў, гістарычных дакументаў выцвілі, ды і экспазіцыя маральна састарэла. Таму ў планах — абнаўленне музейнай залы. Як запэўніла дырэктар школы, канцэпцыя застанецца ранейшай, музей захавае адметнае аблічча і будзе надалей карыстацца папулярнасцю ў наведвальнікаў.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара і з архіва Наталлі Юшкевіч





