Дзіцячы сад № 40 Мазыра па выніках VI адкрытага конкурсу «Інфарматыка без разеткі» сярод устаноў дашкольнай адукацыі атрымаў два прызавыя месцы ў намінацыях «Лабараторыя адкрыццяў» і «Рыхтуемся да школы», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
— Наш дзіцячы сад штогод прымае ўдзел у названым конкурсе, і кожны раз мы заваёўваем прызавыя месцы, — гаворыць загадчык установы Жанна Літвінюк. — Трэці год у нас функцыянуе раённы рэсурсны цэнтр «Фарміраванне алгарытмічнай дасведчанасці ў дзяцей 5—7 гадоў» пад кіраўніцтвам намесніка загадчыка Таццяны Булавай. Распрацаваны і назапашаны багаты метадычны матэрыял. У аснове поспеху — дзейнасць творчай групы ўстановы, у якую ўваходзяць 15 чалавек. Усе прайшлі анлайн-навучанне ў ПВТ.
У 2023 г. дзіцячы сад далучыўся да адукацыйнага праекта ПВТ «Лабараторыя адкрыццяў», які дае магчымасць выхаванцам у даступнай форме азнаёміцца з прыродазнаўчымі навукамі (фізіка, хімія). На занятках аб’яднання па інтарэсах «Лабараторыя адкрыццяў» акцэнт робіцца на доследах і эксперыментах, у працэсе якіх выхаванцы 5—6 гадоў вучацца аналізаваць, назіраць, вылучаць гіпотэзы і рабіць высновы. Пры гэтым карыстаюцца фірменнай атрыбутыкай: індывідуальнымі дзённікамі, у якія ўклейваюць стыкеры пасля правядзення кожнага доследу, нататнікамі для заняткаў і халатамі. Штогод для кожнага ўдзельніка вырабляецца бэйдж «навукоўца» з фатаграфіяй і імем. У дзіцячую лабараторыю было набыта абсталяванне для доследаў: ёмістасці рознага аб’ёму, ліхтарыкі, кантэйнеры, трубачкі, шарыкі, лінейкі, фарбы і іншае.
Цьютары праекта «Лабараторыя адкрыццяў» — выхавальнікі Алеся Шалюта і Ірына Хількавец.
— Малыя ператвараюцца нібыта ў чараўнікоў, у іх руках адбываюцца сапраўдныя цуды, — адзначаюць педагогі. — У гульнявой форме дзеці даведваюцца аб прынцыпах работы падводнай лодкі, вадзянога тэрмометра, перыскопа, тэрмаса, сонечных гадзіннікаў і г. д. Да адукацыйнага працэсу мы далучаем сем’і выхаванцаў. Распрацавалі інтэрактыўны і займальны крос-чат «Сямейная лабараторыя», і па выніках каманднай гульні пераможца атрымлівае падарунак ад дзіцячага сада — набор з серыі «Дамашняя лабараторыя» для доследаў і эксперыментаў. З гэтай ініцыятывай сёлета мы занялі 1-е месца ў конкурсе «Інфарматыка без разеткі».
«Сямейная лабараторыя» доўжыцца 5 дзён. Удзельнікам даецца 15 заданняў, распрацаваных на аснове праграмы «Лабараторыя адкрыццяў». Кожная сям’я штодзень выконвае мінімум 5 заданняў, высылае ў групавы чат фота- і відэасправаздачы, за што атрымлівае балы-лабрыкі. У якасці дадатковай інфармацыі ў выглядзе спасылак бацькам прапануюць кароткае апісанне доследаў і эксперыментаў, падборку мультфільмаў і тэлеперадач, звязаных з навукай, спіс казак і г. д.
«Інфарматыка без разеткі» эфектыўная пры падрыхтоўцы дзяцей да школы. З будучымі першакласнікамі займаюцца выхавальнікі Васіліна Жураўская і Наталля Мартыновіч.
— «Інфарматыка без разеткі» ўдала дапаўняе змест праграмы дашкольнай адукацыі і з’яўляецца мастком ад заняткаў у дзіцячым садзе да ўрокаў у першым класе, — заўважаюць выхавальнікі. — Праект дае магчымасць рэалізаваць канцэпцыю 4К — гэта 4 навыкі, якія дапамагаюць паспяхова дзейнічаць у любой сферы, а менавіта крэатыўнасць, крытычнае мысленне, камандная работа і камунікацыя. Дзеці не толькі гуляюць, але і ствараюць свае сюжэты, гісторыі, правілы, алгарытмы. Таксама мы фарміруем уяўленні аб сучасных прафесіях — праграміста, распрацоўшчыка гульняў, вэб-дызайнера.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы