Які ён, сучасны музей?

- 12:10Меркаванне

Апошні месяц быў насычаным на музейныя па­дзеі. Праведзена метадычнае аб’яднанне арганізатараў музейнай справы, конкурс на лепшую метадычную распрацоўку музейных заняткаў і конкурс юных экскурсаводаў, семінар кіраўнікоў музеяў, маштабны музейны форум. На ўсіх гэтых рэспубліканскіх мерапрыемствах неаднаразова падкрэслівалася: каб быць запатрабаваным, школьнаму музею неабходна станавіцца сучасным.

Агучваліся і некаторыя крытэрыі гэтай сучаснасці: выкарыстанне мультымедыйных тэхналогій, правядзенне віртуальных экскурсій, абсталяванне інтэрактыўных зон, стварэнне яркіх экспазіцый. Хацелася б пагаварыць пра яшчэ адзін вельмі важны крытэрый — захаванне той душэўнасці, па-дамашняму ўтульнай атмасферы, якая характэрна толькі для школьных музеяў.

Вы калі-небудзь знаходзіліся ў этнаграфічным музеі сам-насам з прадметамі побыту нашых продкаў? Каб ні вучняў-экскурсаводаў, ні кіраўніка музея ў гэты момант не было побач. Толькі ты — і вышытыя ручнікі. Ты — і саматканыя абрусы. Ты — і гліняныя збаны. Ты — і абразы ў чырвоным куце. Ты — і цішыня… Хіба не ўзнікала жаданне вярнуцца ў такі музей, каб яшчэ раз адпачыць ад штодзённай мітусні, азнаёміцца з жыццём прадзедаў, іх светапоглядам, народнай мудрасцю?

А цяпер уявіце, што музей, дзе вы нядаўна цудоўна правялі час, прызнаны музейнымі спецыялістамі несучасным і яго кіраўніку рэкамендавана правесці рэканструкцыю. Старыя стэнды, якія самі ўжо сталі каштоўнымі экспанатамі, будуць заменены на сучасныя, больш яркія. Музейная зала будзе аформлена з дапамогай новых якасных матэрыялаў. На сцяне з’явіцца нават інтэрактыўная дошка або вялікі тэлевізар з магчымасцю праглядаць 4k.

Сучасна… Вось толькі ці патрэбна ўсё гэта школьнаму этнаграфічнаму музею? Хіба мы прыходзім у такія музеі, каб атрымаць ваў-эфект? Тую ж інтэрактыўную дошку мэтазгодна выкарыстоўваць у вялікіх музейных залах, а ў школьным музейным пакоі ўвагу наведвальнікаў павінны прыцягваць усё ж такі экспанаты. Наогул, у любым музеі цэнтральнае месца павінен займаць экспанат. А ваў-эфект… Ён, канечне, прыцягальны, асабліва для юных наведвальнікаў, але выхаваўчы эфект ад яго невялікі.

Падчас камандзіровак неаднаразова чуў ад педагогаў-краязнаўцаў сумныя словы, маўляў, усяго год назад іх музей быў ледзь не эталонам, а сёння чамусьці экспазіцыя лічыцца састарэлай. Вось і задаюцца кіраўнікі такіх музеяў пытаннем: “Можа, выйшла якая-небудзь пастанова або інструкцыя, дзе прапісана, як павінна выглядаць сучасная экспазіцыя, а мы не адпавядаем новым патрабаванням?”

За адказам звярнуўся ў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Ні ў адным з нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць дзейнасць дзяржаўных музеяў, не гаворыцца пра знешні выгляд экспазіцыі. Адзінае, на што варта звярнуць увагу, — гэта адпаведнасць музейнага памяшкання патрабаванням па захоўванні прадметаў і музейных калекцый. Таму варта перачытаць, напрыклад, главу 19 “Музейная справа” Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

А прычына, чаму школьныя музеі з багатай гісторыяй і традыцыямі раптам страчваюць сваю су­ча­с­насць, часта даволі банальная: у прадстаўнікоў камісіі, якая ацэньвае іх дзейнасць, і ў кіраўнікоў музеяў проста не супадаюць густы адносна дызайнерскага афармлення экспазіцыі. Таму мой зварот у першую чаргу да метадыстаў аддзелаў адукацыі, якія курыруюць музейную справу ў раёне. Паверце, не знешні выгляд вызначае сучаснасць музея. Недарэмна ж пераможцамі рэспубліканскіх конкурсаў становяцца музеі з экспазіцыяй, аформленай яшчэ ў савецкія часы.

Сучаснасць музея — гэта ў першую чаргу ўменне зацікавіць наведвальніка, стварыць атмасферу ўтульнасці, душэўнасці, якой так не хапае ў нашым мітуслівым жыцці.