Педагагічны савет ва ўстанове адукацыі з’яўляецца калегіянальным органам самакіравання, у склад якога ўваходзяць усе педагагічныя работнікі гэтай установы.
Галоўная мэта педагагічнага савета — аб’яднаць намаганні калектыву для павышэння якасці адукацыйнага працэсу, выкарыстання на практыцы дасягненняў педагагічнай навукі і перадавога вопыту, абмену інфармацыяй паміж асобнымі настаўнікамі і вучэбна-метадычнымі аб’яднаннямі.
Віды педсаветаў:
- установачны (праводзіцца да пачатку навучальнага года (у канцы жніўня) і прысвячаецца аналізу вынікаў папярэдняга года і прыняццю плана дзейнасці);
- тэматычны (прысвячаецца разгляду адной з асноўных задач педагагічнага калектыву);
- выніковы (праводзіцца ў канцы навучальнага года).
Педагагічны савет ажыццяўляе сваю работу ў форме пасяджэнняў, якія праходзяць не радзей, чым адзін раз у чвэрць у адпаведнасці з планам работы або па меры неабходнасці для вырашэння пытанняў, якія адносяцца да кампетэнцыі педагагічнага савета.
Класічныя (традыцыйныя) педагагічныя саветы будуюцца на аснове дакладаў з захаваннем стандартнай арганізацыйнай схемы абмеркавання. Інтэнсіфікаваныя пасяджэнні прадугледжваюць работу праблемных груп з частковым захаваннем стандартнай арганізацыйнай схемы абмеркавання пытанняў (дзелавая гульня, семінар-практыкум, аўкцыён педагагічных ідэй, дыспут (дыскусія, дэбаты), прэзентацыя педагагічных інавацый і інш.). Да нетрадыцыйных (нестандартных) можна аднесці педсаветы ў форме калектыўнай творчай справы, метадычнага дня, творчай справаздачы, конкурсу, фестывалю, канферэнцыі, майстар-класа і інш.
Класічныя педагагічныя саветы характарызуюцца пераважным прымяненнем слоўных (вербальных) метадаў, традыцыйным характарам зместу, аўтарытарным стылем зносін кіраўніцтва з педагогамі, пасіўнасцю большасці ўдзельнікаў, што не адпавядае сутнасці педагагічнага савета як органа самакіравання. Таму для аб’яднання намаганняў усіх членаў педкалектыву ў вырашэнні асноўных пытанняў мэтазгодна выкарыстоўваць інтэнсіфікаваныя, нетрадыцыйныя формы правядзення педагагічных саветаў, што садзейнічае актывізацыі работы кожнага педагога, павышэнню зацікаўленасці ў паглыбленні ведаў у галіне пытанняў, якія разглядаюцца, асэнсаванню ўсімі членамі калектыву ролі, месца і зместу сваёй дзейнасці ў адукацыйным працэсе.
Немалаважную ролю пры правядзенні пасяджэння педагагічнага савета адыгрывае псіхаэмацыянальны стан настаўнікаў, які шмат у чым вызначаецца ступенню задаволенасці сваёй дзейнасцю, ацэнкай з боку калектыву і кіраўніцтва. Мы абапіраемся ў рабоце на правілы, прапанаваныя адным з тэарэтыкаў менеджменту М.Біркенбілем:
1) пачынаць пасяджэнне своечасова, не чакаць тых, хто спазніўся;
2) максімальна дакладна фармуляваць мэту пасяджэння;
3) пачынаць з пазітыўных момантаў, што надае ўпэўненасці ў паспяховым завяршэнні;
4) праблему, што вырашаецца, прадставіць цікава, вобразна.
Вельмі важна пастаянна кантраляваць ход педсавета і ўмела кіраваць ім. Кіраўніку (дырэктару) трэба прытрымлівацца нейтральнай пазіцыі. Трэба адхіляць непрадуманыя ідэі, беручы пад увагу толькі падмацаваныя фактычным матэрыялам прапановы. Пры гэтым мэтазгодна выслухваць думкі ўсіх, пры неабходнасці задаваць удакладняльныя пытанні.
Падвядзенне прамежкавых вынікаў дазваляе прадэманстраваць удзельнікам ступень набліжэння да мэты. Дасягнуты вынік павінен быць сфармуляваны коратка і дакладна. Рознагалоссе трэба прадставіць такім чынам, каб і меншасць магла быць згодна з ім, не мяняючы пры гэтым свайго меркавання. Неабходна вызначыць, якія крокі павінны быць зроблены пасля прыняцця рашэння, размеркаваць абавязкі, назначыць адказных за выкананне рашэння і ўказаць механізм кантролю.
Тэматыка пасяджэнняў педагагічнага савета вызначаецца падчас праблемна-арыентаванага аналізу вынікаў дзейнасці ўстановы адукацыі. Выбар тэм, якія выносяцца на педсавет, падыходаў да іх разгляду адлюстроўвае прафесійны ўзровень кіраўніцтва школы.
Цікавасць у настаўнікаў выклікаюць пытанні, вырашэнне якіх з’яўляецца складаным для многіх з іх і ў той жа час мае вялікае значэнне для ўдасканалення адукацыйнага працэсу. На жаль, гэтая акалічнасць не заўсёды ўлічваецца пры планаванні работы педагагічнага савета. Немэтазгодная і занадта агульная фармулёўка пытанняў (напрыклад, “Узровень выкладання прадметаў у школе”, “Пазакласная і пазашкольная работа як сродак выхавання і развіцця інтэлекту навучэнцаў”), паколькі ў такім выпадку складана выпрацаваць канкрэтную праграму дзеянняў педагагічнага калектыву.
Этапы падрыхтоўкі і правядзення педагагічнага савета
I. Арганізацыйна-падрыхтоўчы этап
- Правядзенне пасяджэння адміністрацыйнага савета.
- Інфармацыйнае забеспячэнне (афармленне стэнда).
- Работа творчых і экспертных груп (правядзенне кансультацый, дыягностыкі, аналізу і г.д.).
- Падрыхтоўка метадычных мерапрыемстваў (метадычнага савета, навукова-тэарэтычнага семінара, семінара-практыкуму, творчай дыскусіі).
II. Дзейнасны этап
- Выступленне асноўнага дакладчыка.
- Прэзентацыя вопыту работы, выкананне інтэрактыўных заданняў.
III. Рэфлексіўна-ацэначны этап
- Правядзенне рэфлексіі.
- Падвядзенне вынікаў, зацвярджэнне праекта рашэння.
План пасяджэння
- Інфармаванне аб прысутных і адсутных, вызначэнне правамоцтва педсавета.
- Уступнае слова старшыні (тэма, парадак дня, актуальнасць праблемы).
- Інфармаванне аб выкананні рашэнняў папярэдняга пасяджэння педсавета.
- Абмеркаванне пытанняў у адпаведнасці з парадкам дня: тэарэтычная частка, практычная частка.
- Прыняцце рашэння.
- Рэфлексія. Падвядзенне вынікаў.
- Заключнае слова старшыні педсавета.
Вельмі распаўсюджаная памылка ў арганізацыі работы педсавета — абмеркаванне пытанняў, якія не адносяцца да дзейнасці ўсяго калектыву. Акрамя таго, часта на пасяджэннях педагагічнага савета заслухоўваюць даклады дырэктара або яго намеснікаў па вучэбнай, выхаваўчай рабоце аб выніках наведвання ўрокаў настаўнікаў. Гэта мэтазгодна толькі тады, калі выяўлена як станоўчая, так і адмоўная тэндэнцыя ў рабоце педагогаў. Калі будзе ўстаноўлена, напрыклад, што значная частка настаўнікаў неэфектыўна арганізоўвае работу па замацаванні матэрыялу, то гэтае пытанне можа стаць прадметам разгляду на чарговым ці пазачарговым пасяджэнні. Падчас наведвання ўрокаў часта выяўляюцца такія прыёмы ў рабоце асобных настаўнікаў, якія ёсць сэнс рэкамендаваць усім — гэта значыць даклад дырэктара або яго намеснікаў можа стаць формай прапаганды эфектыўнага вопыту.
Калі ўзнікае неабходнасць азнаёміць удзельнікаў педагагічнага савета з вынікамі праверак, мэтазгодна заслухаць даклад, які змяшчае толькі асноўныя высновы, і разгледзець пытанні, накіраваныя на ўдасканаленне работы ўсяго калектыву. Прыватныя пытанні павінны абмяркоўвацца правяраючымі з зацікаўленымі асобамі да пачатку работы педагагічнага савета (напрыклад, на пазапланавым пасяджэнні прадметных вучэбна-метадычных аб’яднанняў). Неабходна пераадолець аднабаковы пераважна інфармацыйны характар выступленняў. Прыцягнуць увагу, выклікаць плённую дыскусію можа даклад, які разам з глыбокім і аргументаваным аналізам змяшчае канкрэтныя, дакладна сфармуляваныя прапановы.
Прыняцце кіраўніцкіх рашэнняў па выніках правядзення педагагічных саветаў
На пасяджэнне педсавета трэба выносіць падрыхтаваны загадзя, глыбока прадуманы праект рашэння, які распрацоўваецца ўсімі членамі рабочай групы. Перад галасаваннем абавязковае абмеркаванне праекта; пасля галасавання (адкрытага) аналізуюцца прапановы аб папраўках, удакладненні, затым зноў праводзіцца галасаванне.
Праект рашэння павінен быць навукова абгрунтаваным (адлюстроўваць глыбокае разуменне заканамернасцей педагагічнага працэсу, вынікі аналізу канкрэтнай сітуацыі) і канструктыўным. Важна дасягнуць разумення ўсімі выканаўцамі неабходнасці выканання прынятых рашэнняў, распрацаваць дакладную праграму дзейнасці, якая ўключае аптымальную колькасць элементаў. Фармулёўка кожнага пункта павінна быць дакладнай, лаканічнай, канкрэтнай, напрыклад: выдаць метадычны зборнік па выніках педсавета, абагульніць эфектыўны педагагічны вопыт (прозвішча, імя, імя па бацьку) па тэме “…”, распрацаваць рэкамендацыі (палажэнні, лакальныя дакументы), падрыхтаваць матэрыял для публікацыі ў навукова-метадычных часопісах і інш. (вынік можна пракантраляваць і ацаніць). Варта пазбягаць такіх фармулёвак: павысіць узровень, рэзка ўзмацніць, паглыбіць, адобрыць вопыт, дасягнуць лепшых вынікаў, стымуляваць разумовую дзейнасць і інш.
Кожны пункт рашэння неабходна адрасаваць канкрэтнаму педагогу або групе педагогаў з указаннем адказных, а таксама тэрмінаў выканання (не больш за 1,5—2 месяцы, гэта значыць да чарговага пасяджэння).
Пасяджэнні педагагічнага савета лічацца паўнамоцнымі, калі на іх прысутнічае не менш як дзве трэці членаў. На пасяджэнні могуць запрашацца супрацоўнікі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, законныя прадстаўнікі навучэнцаў і іншыя зацікаўленыя асобы, якія маюць права дарадчага голасу.
Рашэнні педагагічнага савета прымаюцца адкрытым галасаваннем простай большасцю галасоў. Пры роўнай колькасці галасоў вырашальным з’яўляецца голас старшыні. Пры прыняцці рашэнняў, якія патрабуюць галасавання, у пратаколе пасяджэння абавязкова адзначаецца, колькі чалавек “за”, “супраць”, “устрымаліся”.
На завяршальным этапе работы педсавета арганізоўваецца падвядзенне вынікаў з адказамі на наступныя пытанні.
- Чаго дасягнулі (не ўдалося дасягнуць) падчас абмеркавання?
- Хто з педагогаў быў найбольш актыўным, а хто пасіўным? Па якой прычыне?
- Якія высновы неабходна зрабіць?
Заключнае слова старшыні педсавета павінна быць кароткім, канкрэтным, змяшчаць канструктыўныя прапановы.
На пасяджэннях педагагічнага савета вядзецца пратакол, у якім фіксуюцца ход абмеркавання пытанняў, рашэнні, вынікі галасавання. Пратакол падпісваецца старшынёй і сакратаром педсавета. Пратаколы пасяджэнняў педагагічных саветаў адносяцца да ўнутраных дакументаў установы адукацыі.
Пытанні і заданні для самакантролю
- Закончыце сказ: “Педагагічны савет ажыццяўляе сваю дзейнасць у адпаведнасці з…”.
- Якія асноўныя мэты, задачы, функцыі, кампетэнцыі педагагічнага савета?
- Пералічыце асноўныя этапы падрыхтоўкі і правядзення педагагічнага савета, этапы пасяджэння.
- Што ўваходзіць у пералік дакументаў педагагічнага савета ўстановы адукацыі?
- Якія формы правядзення педагагічных саветаў лічыце найбольш эфектыўнымі (пераважнымі)? Чаму?
- Распрацуйце план пасяджэння педагагічнага савета па адной з актуальных тэм для абмеркавання ў вашай установе адукацыі.