Якімі даследаваннямі займаюцца ў школьным навуковым таварыстве навучэнцаў «Будучыня»

- 14:07Образование

Куды дзяваць пластыкавыя адходы? Гэтым глабальным пытаннем задаюцца многія. Задалася ім і выпускніца Вуцеўскай сярэдняй школы Добрушскага раёна Паліна Рабчанка.

Яе падтрымала кіраўнік школьнага навуковага таварыства навучэнцаў “Будучыня” настаўніца хіміі і біялогіі Ірына Ярцава. Вынікам навуковых пошукаў школьніцы стала даследаванне “Дарожнае пакрыццё з пластыку”, за якое, прынамсі, яна атрымала дыплом ІІІ ступені XХVII Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару навучэнцаў у секцыі па хіміі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ірына Міхайлаўна адзначыла, што ра­зам з вучаніцай яны паспрабавалі пластыкавыя адходы другасна выкарыстоўваць для стварэння дарожнага пакрыцця: “Частковая замена аднаго з асноўных кампанентаў асфальту — бітуму — перапрацаваным пластыкам дапамагае выра­шаць праблему забруджвання навакольнага асяроддзя. Мы правялі сваё даследаванне і атрымалі ўзоры палімерасфальтабетоннага пакрыцця ў школьнай хімічнай лабараторыі. Доследна-эксперыментальным шляхам праверылі іх уласцівасці і выявілі самы падыходзячы склад утрымання пластыку ва ўзорах. Толькі пасля гэтага прапанавалі спосабы яго прымянення”.

Як працуе атрыманы склад, праверылі на практыцы. Ім пакрылі невялічкую частку тэрыторыі школьнага двара. З дапамогай перапрацаваных пластыкавых адходаў, лічаць даследчыкі з Вуцеўскай сярэдняй школы, можна пашырыць сыравінную базу дарожнага будаўніцтва і паменшыць яго кошт без пагаршэння эксплуатацыйных характарыстык дарожнага пакрыцця. Такім чынам, пластыкавыя адходы будуць утылізаваны і навакольнае асяроддзе не будзе пакутаваць.

“Да таго ж дарогі, пабудаваныя з прымяненнем пластыку — гэта рашэнне на карысць змяншэння выкарыстання асфальту, што ўрэшце эканоміць прыродныя рэсурсы, — адзначае адзінаццацікласніца Паліна Рабчанка. — Бо асфальтабетон патрабуе нафты, якая становіцца ўсё больш дэфіцытнай. Яшчэ адзін плюс — выкід парніковых газаў пры вытворчасці дарог з пластыку меншы”.

Паліна, дарэчы, збіраецца працяг­ваць займаццца навукай. Зараз дзяўчына рыхтуецца да здачы тэстаў, каб потым па­даць дакументы на архітэктурны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. У Вуцеўскай школе ўсе юныя члены навуковага таварыства “Будучыня” вучацца самастойна здабываць неабходныя веды. Яны працуюць з рознымі крыніцамі інфармацыі, праводзяць іх аналіз, вучацца супастаў­ляць, абагульняць, пацвярджаць тэарэтычныя матэрыялы доследна-эксперыментальнымі метадамі.

Дырэктар Вуцеўскай сярэдняй школы Ганна Станкевіч радуецца: дзеці актыўна ўдзельнічаюць у раённых, абласных і рэс­публіканскіх канферэнцыях, становяцца пераможцамі на розных узроўнях.

“Здольных і адораных дзяцей у нашай школе многа, — адзначае Ганна Мікалаеўна. — Нашы вучні правялі, напрыклад, такія даследаванні, як “Пітная вада вёскі Вуць”, “Экалагічныя праблемы ракі Вуць”, “Дзіўная магнітная вадкасць”, “Аграгарадкам — цеплавую энергію з аднаўляльных крыніц”, “Альтэрнатыва дарожнай сумесі”, “Мікрапластык і ўтрыманне кіслароду ў вадзе ракі Вуць”, “Спосабы ачысткі вады ад мікрапластыку”. Многія вучнёўскія работы былі ўзнагароджаны дыпломамі раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара