Якімі павінны быць заданні па фарміраванні функцыянальнай адукаванасці, разглядалі на рэспубліканскім семінары

- 13:29Клуб «Хрустальный журавль»

Пытанні фарміравання і дыягностыкі сфарміраванасці функцыянальнай адукаванасці (ФА) вучняў былі ў цэнтры ўвагі самых перадавых настаўнікаў краіны. Вучэбна-практычны семінар арганізаваны Акадэміяй адукацыі сумесна з клубам “Крыштальны журавель”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Загадчык сектара суправаджэння “НИКО” і міжнародных даследаванняў якасці адукацыі цэнтра ацэнкі якасці адукацыі Акадэміі адукацыі Вячаслаў Караткевіч акрэс­ліў значэнне функцыянальнай адукаванасці. Гэта комплекс здольнасцей, якія забяспечваюць выяўленне, ідэнтыфікацыю і вырашэнне актуальных жыццёвых праб­лем, што дае чалавеку магчымасць быць паўнапраўным і паспяховым членам со­цыуму.

На сёння ідэі ФА прасочваюцца ў адукацыйных стандартах, вучэбных праграмах і падручніках. І, дарэчы, у праекце адукацыйных стандартаў функцыянальнай адукаванасці даецца больш дэталёвае азначэнне — ступень адукаванасці чалавека (прыродазнаўчай, матэматычнай, інфармацыйнай, чытацкай, эканамічнай, мастацка-эстэтычнай і інш.), якая абумоўлівае яго здольнасць да эфектыўнага функцыянавання ў розных сферах жыцця (соцыум, прырода, матэрыяльная і духоўная культура) і галінах дзейнасці (работа з тэкстамі і інфармацыяй, у тым ліку лічбавай, прыродазнаўства, сацыяльна-эканамічная галіна і прадпрымальніцтва, мастацтва, тэхналогіі, побыт).

Вячаслаў Іванавіч звярнуў увагу, што ФА вызначаецца дзейснымі паказчыкамі, калі чалавек гатовы, здольны, мае патрэбу што-небудзь рабіць, усведамляе персанальную і сацыяльную каштоўнасць вырашаемай задачы, валодае спосабамі дзейнасці, прымяняе на практыцы веды і навыкі.

— Такім чынам, веды чалавека з’яў ляюцца абавязковым, але недастатковым кампанентам функцыянальнай
падрыхтаванасці чалавека да жыцця, — падсумаваў Вячаслаў Караткевіч.

І далей прывёў адрозненні паміж акадэмічнай адукаванасцю і функцыянальнай. Напрыклад, пры акадэмічнай адукаванасці навучэнцы засвойваюць сістэму паняццяў канкрэтнай навукі і іх тэарэтычныя абагульненні, а пры функцыянальнай — сістэму канцэптаў, якія ўключаюць прадметныя веды, становяцца апорай, сродкам вырашэння задач у рэальных жыццёвых сітуацыях.

Затым спікер спыніўся на характарыс­тыках сітуацыйных задач, якія з’яўляюцца сродкам фарміравання і кантролю сфарміраванасці ФА. Такія заданні найперш павінны быць практыка-арыентаванымі — у іх мадэлююцца сітуацыі, з якімі вучні суст­ракаюцца за межамі школы.

— Напрыклад, разлічыце кошт двухдзённай экскурсіі ў Мінск для класа (праезд на цягніку, харчаванне, уваходныя білеты ў музеі). Бюджэт групы — 500 рублёў, — прапанаваў Вячаслаў Іванавіч.

Акрамя таго, такія заданні характарызуюцца міжпрадметнасцю (ФА патрабуе інтэг­рацыі ведаў з розных галін). Каб улічыць такую характарыстыку, можна прапанаваць вучням стварыць экалагічны пашпарт школы.

Па меркаванні спецыялістаў, заданні павінны быць адкрытымі і варыятыўнымі (добрае заданне не мае адзінага правільнага адказу). Яшчэ адзін прыклад.

Чаму ў вашым горадзе пачалі часцей здарацца ДТЗ? Прапануйце тры рашэнні, абапіраючыся на статыстыку аварый і меркаванні жыхароў.

Функцыянальная адукаванасць уключае наступныя групы кампетэнцый:

  • чытацкую — знахо­джанне інфармацыі ў тэксце, інтэрпрэтацыя інфармацыі, асэнсаванне і ацэнка зместу і формы тэксту, выкарыстанне інфармацыі тэксту для вырашэння практычнай задачы;
  • матэматычную — фармуляванне сітуацыі на мове матэматыкі, прымяненне матэматычных канцэпцый, фактаў, працэдур для вырашэння сфармуляванай задачы, інтэрпрэтацыя і ацэнка матэматычных вынікаў;
  • прыродазнаўчанавуковую — тлумачэнне з’явы на мове навукі, прымяненне прыродазнаўчых метадаў даследавання, інтэрпрэтацыя даных і выкарыстанне навуковых доказаў для атрымання вынікаў;
  • фінансавую — выяў­ленне фінансавай інфармацыі ў тэксце, аналіз інфармацыі ў фінансавым кантэксце, ацэнка фінансавых праблем, прымяненне фінансавых ведаў для вырашэння жыццёвай праб­лемы.

Вячаслаў Караткевіч засяродзіў увагу на кантэкстнасці заданняў і параіў выкарыс­тоўваць актуальныя для вучняў кантэксты.

— Як можна пры вывучэнні гісторыі Старажытнага свету стварыць сітуацыю з рэальным жыццёвым кантэкстам? — звярнуўся ён да аўдыторыі. — Прапанаваць схадзіць у музей, паглядзець гістарычны фільм або прачытаць мастацкі твор (для выяўлення гістарычнай праўды). Яшчэ такую сітуацыю можна стварыць пры пад­рыхтоўцы да навуковай канферэцыі, падчас удзелу ў школьным спектаклі або пры стварэнні афішы.

Заданні па фарміраванні функцыянальнай адукаванасці павінны быць рознаўзроўневымі. Заданні нізкага ўзроўню выконваюць не менш за 50% навучэнцаў. Пры іх вырашэнні можна абапірацца на побытавыя ўяўленні, разважанні і жыццёвы вопыт. У такіх заданнях апісваюцца вядомыя навучэнцам жыццёвыя або вучэбныя сітуацыі.

З заданнямі сярэдняга ўзроўню, як правіла, спраўляецца трэцяя частка вучняў. Іх можна выканаць, абапіраючыся на базавыя навуковыя веды і жыццёвы вопыт (могуць быць прадстаўлены незнаёмыя, але частыя жыццёвыя ці вучэбныя сітуацыі).

З заданнямі высокага ўзроўню спраўляецца 10—15% навучэнцаў, якія дэманструюць упэўненае валоданне базавымі навуковымі ведамі, уменне самастойна разабрацца ў праблеме. У такіх заданнях, як правіла, апісваюцца жыццёвыя сітуацыі, якія выходзяць за межы звычайных жыццёвых/вучэбных.

Пры складанні тэста з заданнямі рэкамендуецца прытрымлівацца наступных суадносін: 30% — нізкага ўзроўню, 50% — сярэдняга і 20% — высокага. Калі да праблемы фармулюецца 6 пытанняў/заданняў, то 3 з іх могуць быць сярэдняга ўзроўню, 2 — нізкага, 1 — высокага.

Важна, каб заданне адпавядала наступнай структуры:

  • кантэкст (напрыклад, артыкул пра ўздзеян­не сацсетак на падлеткаў);
  • даныя (графікі, табліцы, цытаты экспертаў);
  • пытанні для аналізу.

Прарэктар па вучэбнай рабоце Акадэміі адукацыі Інеса Зубрыліна заўважыла, што ў акадэміі створана анлайн-школа, дзе можна павысіць сваю кваліфікацыю ў галіне функцыянальнай адукаванасці. Акрамя таго, яна звярнула ўвагу, што апошнім часам у кантэксце ФА разглядаюцца ўніверсальныя кампетэнцыі.

— Працэс фарміравання функцыянальнай адукаванасці ў нашых вучняў запушчаны і развіваецца. Каб ён быў паспяховым, нам усім неабходна развіваць свае кампетэнцыі, бо заданні па фарміраванні ФА патрабуюць іншых падыходаў, — адзначыла Інеса Уладзіміраўна.

І гэта сапраўды так, бо нават у “жураўлёў” (а гэта настаўнікі-метадысты і педагогі з багатым практычным вопытам) узні­каюць пытанні. Напрыклад, як ацэньваць дзей­насць вучняў пры выкананні такіх заданняў? А з іншага боку, менавіта гэтыя падзвіжнікі прапануюць алгарытмы вырашэння ўзнікаючых праблем. Менавіта так падчас семінара зрабіла настаўнік-метадыст, настаўніца фізікі, член савета клуба “Крыштальны журавель” Алена Ананчыкава, якая паказала, як ФА працуе на ўроках.

А настаўнік фізікі і матэматыкі сярэдняй школы № 45 Мінска Максім Яўланаў прадэманстраваў прымяненне сітуацыйных задач для падрыхтоўкі навучэнцаў да “НИКО”. Больш за тое, Максім Вітальевіч прапанаваў адаптаваную структуру такіх задач, прывёў прыклады, заснаваныя на звестках пра жураўлёў, і даў рэкамендацыі па іх ацэньванні.

* * *

Завяршэнне семінара атрымалася святочным. Клубу “Крыштальны журавель” споўнілася 18 гадоў. Віншуем! Гэтая супольнасць прафесіяналаў зарэкамендавала сябе рухаючай сілай сістэмы адукацыі краіны. З іх актыўным удзелам прымаліся і прымаюцца ключавыя рашэнні. Старшыня клуба настаўнік інфарматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Іван Якіменка ў сваім віншаванні адзначыў, што “жураўлі” былі і будуць на перадавой, бо яны першыя апрабуюць новыя методыкі і тэхналогіі, распрацоўваюць свае падыходы да іх рэалізацыі, а затым вучаць калег. Асаблівыя словы падзякі прагучалі ў адрас Ірыны Багачовай і Івана Фёдарава, метадыста аддзела прафесійнага развіцця педагогаў Акадэміі адукацыі, якія стаялі ля вытокаў стварэння клуба, падтрымлівалі і дапамагалі разві­ваць усе яго пачынанні.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара