Якімі праектамі ганарацца ў Гомельскім дзяржаўным тэхнічным ўніверсітэце імя П.В.Сухога

- 10:06Главная, Образование

Гомельшчына знакамітая не толькі сваімі прадпрыемствамі, але і вучонымі, многія з якіх — выпускнікі Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Гомельшчына — рэгіён прамысловы, дзе пераважна развіваецца станкабудаванне, машынабудаванне і нафтавая галіна. Наш універсітэт політэхнічны, а значыць, шматпрофільны. На працягу амаль 55 гадоў установа цесна супрацоўнічае з вытворчасцю, рэальным сектарам эканомікі, рыхтуючы высокакваліфікаваных спецыялістаў. Гэтаму спрыяе і актыўнае развіццё ўніверсітэцкай навукі. Увогуле, мы перакананы: навука і захопленыя ёй людзі — найважнейшы складнік нацыянальнага багацця краіны, магутны рэсурс эканамічных пераўтварэнняў. І адна з галоўных задач вопытных вучоных — падтрымка адораных і мэтанакіраваных маладых людзей, — адзначыў прарэктар на навуковай рабоце ГДТУ Андрэй Бойка.

Кожны факультэт універсітэта супрацоўнічае з прадпрыемствамі рэгіёна праз філіялы кафедр, якіх больш за 20.

— Гэта дазваляе нам быць у курсе усіх праблем прадпрыемстваў, якія мы спрабуем дапамагчы вырашыць у тым ліку з прыцягненнем студэнтаў. Штогод наш універсітэт выконвае каля 150 прамых гаспадарчых дагавораў з прамысловымі прадпрыемствамі, пад іх патрэбы. За апошні год больш як 50 універсітэцкіх распрацовак укаранёны ў народную гаспадарку і 46 — у вучэбны працэс. У нас функцыянуе 9 навукова-педагагічных школ і некалькі лабараторый, — паведаміў Андрэй Андрэевіч.

Тэхнічныя лабараторыі

На машынабудаўнічым факультэце з 2010 года дзейнічае студэнцкая навуковая лабараторыя “Машынабудаўнік”. За час яе работы студэнты на чале з дэканам факультэта Р.В.Пятрышыным падрыхтавалі шэраг паспяховых праектаў на Рэспубліканскі конкурс навуковых работ. Да таго ж тут усім жадаючым прадастаўляецца неабходнае абсталяванне для творчасці, таму і нядзіўна, што многія цікавыя праекты для “100 ідэй для Беларусі” нарадзіліся менавіта ў гэтай лабараторыі.

Параўнальна нядаўна на кафедры “Тэхналогія машынабудавання” створана студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя сістэмнага аналізу працэсаў тэхналагічнага праектавання пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры А.У.Петухова. Па яго словах, на пачатковай стадыі ў лабараторыі будуць праводзіцца даследаванні праблем, звязаных са стварэннем і развіццём інтэграванага інфармацыйнага асяроддзя шэрага гомельскіх прадпрыемстваў. Выкананне далейшых даследаванняў павінна завяршыцца практычнай рэалізацыяй выпрацаваных метадычных рэкамендацый па стварэнні такога асяроддзя не толькі на прадпрыемствах Гомельшчыны, але і ў розных арганізацыях краіны.

На выставе навукова-тэхнічных дасягненняў “Беларусь інтэлектуальная” ГДТУ прадставіў дзве распрацоўкі, якія ўвайшлі ў лік лепшых праектаў.

— Хоць наш універсітэт і тэхнічны, аднак ён мае сацыялагічную лабараторыю, створаную яшчэ ў 1990 годзе. Яна адна з нямногіх у краіне мае права на правядзенне сацыялагічных апытанняў, практыкаарыентаваных даследаванняў маральна-псіхалагічнага клімату працоўных калектываў, карпаратыўнай культуры, задаволе­насці вытворчымі і сацыяльнымі ўмовамі і г.д. Творчым калектывам лабараторыі на чале з прафесарам В.В.Кірыенкам штогод праводзіцца міжнародная навуковая канферэнцыя маладых вучоных “Беларусь у сучасным свеце” і адзін раз на два гады міжнародная канферэнцыя “Менталітэт славян і інтэграцыйныя працэсы: гісторыя, сучас­насць, перспектыва”. Такія мерапрыемствы фарміруюць як у нашых маладых людзей, так і ў суседзяў разуменне месца беларусаў у свеце, — лічыць прарэктар на навуковай рабоце ГДТУ.

Гомельскія інтэлектуалы

На выставе навукова-тэхнічных дасягненняў “Беларусь інтэлектуальная” ГДТУ прадставіў дзве распрацоўкі, якія ўвайшлі ў лік лепшых праектаў. Першая — малагабарытны гідрадынамічны пульсатар-кавітатар, распрацаваны сумесна з БелНДПІнафта. Ён прызначаны для ўзбуджэння ваганняў вадкасці з частотамі ад 0 да 2000 Гц у прызабойнай зоне нафтаздабываючай свідравіны.

— Гэты праект звязаны з распрацоўкай і павышэннем нафтааддачы нафтаздабываючага ўпраўлення “Рэчыцанафта”. У нас глыбокая здабыча нафты, і, адпаведна, неабходна абнаўляць свідравіну, для чаго і распрацаваны пульсатар-кавітатар. Праз яго падаецца пад высокім ціскам раствор, які ўздзейнічае на сценкі самой свідравіны, і такім чынам павялічваецца здабыча нафты. На сённяшні дзень прыбор прайшоў апрабацыю і дзякуючы яму здабываецца каля 4 тон нафты ў суткі, — расказаў Андрэй Бойка.

Другая распрацоўка, якую маглі паба­чыць наведвальнікі “Беларусі інтэлектуальнай”, — гарэлка печы патэнтавання, распрацаваная сумесна з ААТ “Рэфраліт”. Выраб з вогнетрывалага матэрыялу прымяняецца на БМЗ у вытворчасці стальнога высокавугляродзістага латуніраванага і бранзіраванага дроту і металакорднага дроту ў печах патэнтавання для тэрмічнай апрацоўкі бесперапыннай драцяной нарыхтоўкі з мэтай паляпшэння пластычных уласцівасцей.

Штогод ГДТУ дасягае высокіх вынікаў у розных конкурсах. Так, у абласным этапе “100 ідэй для Беларусі” студэнты факультэта аўтаматызаваных і інфармацыйных сістэм В.Ермашкевіч, Д.Дарашко і М.Расшывалаў занялі 2-е месца. Яны прадставілі праект па стварэнні шматфункцыянальнага колавага аграрнага робата з маніпулятарам для збору пладоў, які будзе карысны пры выкананні сельскагаспадарчых работ. На рэспубліканскі этап конкурсу выйшаў праект універсітэцкага камунікатыўнага цэнтра Baningа. Каманда дзяўчат прапанавала стварыць адкрытую культурна-камунікатыўную беларуска-афрыканскую прастору для этнакультурнай адукацыі беларусаў і сацыялізацыі афрыканскіх студэнтаў ва УВА Беларусі.

— У гэтым годзе на “100 ідэй для Беларусі” мы таксама прадставілі сацыяльныя праекты, накіраваныя на падтрымку пажылых людзей і бяздомных жывёл. А вось летась мы дэманстравалі разумнага робата для дваровай тэрыторыі. Яшчэ адзін наш вядомы сацыяльны праект — “Аўтобус прадказанняў”. Ён прызёр абласнога этапу “100 ідэй для Беларусі” 2018 года. Гэты аўтобус аздоблены беларускім арнаментам звонку. Сімвалы арнамента размешчаны і ў салоне на сядзеннях, выконваючы ролю ­своеасаблівых прадказанняў. Аўтар гэтага праекта — ужо выпускніца кафедры “Маркетынг” гуманітарна-эканамічнага факультэта Маргарыта Краўчанка. Дарэчы, такі аўтобус з лістапада 2019 года курсіруе па вуліцах нашага горада. Яго прадказанні дапамагаюць пасажырам вывучаць сваю гісторыю і вытокі, а яшчэ ўзнімаюць настрой перад або пасля працы, — паведаміў Андрэй Андрэевіч.

Да таго ж ва ўніверсітэце пяты год запар на энергетычным факультэце право­дзіцца конкурс стартап-праектаў па альтэрнатыўнай энергетыцы. У 2022 годзе на конкурс было пададзена 26 заявак з розных устаноў адукацыі Беларусі і Туркменістана. Праект ГДТУ “Рэгуляванне скрыжаванняў з дапамогай пераноснага святлафора з элементамі альтэрнатыўнай энергетыкі”, створаны пад кіраўніцтвам А.А.Капанскага, стаў бронзавым прызёрам.

Яшчэ ў ГДТУ праводзіцца штогадовы Міжнародны конкурс праектаў па 3D-мадэляванні 3D Invention. Студэнты, магістранты, аспіранты, навучэнцы каледжаў і школьнікі змагаюцца ў намінацыі “Лепшы 3D-камп’ютарны праект тэхнічнай сістэмы”.

— З году ў год юныя канструктары дэманструюць высокі ўзровень інжынернай думкі, прапаноўваюць новыя рашэнні, паказ­ваюць сваё імкненне да ўдасканалення навыкаў у 3D-мадэляванні. Галоўная ж задача конкурсу — абуджэнне цікавасці да прафесіі інжынера. Здаровая канкурэнцыя, шырокія магчымасці для рэалізацыі патэнцыялу, жаданне зрабіць канструктарскі і навуковы прарыў у інжынернай справе спрыя­юць таму, што ўдзельнікі развіваюцца як спе­цыялісты і асобы, — перакананы Андрэй Бойка.

Навуковы цэнтр

Адказны за правядзенне большасці навуковых мерапрыемстваў — універсітэцкі савет маладых вучоных, які дзейнічае ўжо 12 гадоў. Зараз яго ўзначальвае старшы выкладчык кафедры “Металургія і тэхналогія апрацоўкі металаў” Юрый Вадзімавіч Марцьянаў.

Наша вобласць унікальная тым, што аблвыканкам штогод праводзіць конкурс маладых вучоных з прысуджэннем прэміі ў памеры 60 базавых велічынь. Бо Гомель — не толькі прамысловы, але і навуковы цэнтр.

— Канечне, нам вельмі хочацца, каб колькасць маладых вучоных расла. У нас праводзяцца маладзёжныя канферэнцыі, традыцыйна ў маі для аспірантаў арганізоўваем школу па напісанні артыкулаў і дысертацыйных работ. На базе ўніверсітэта і з удзелам яго супрацоўнікаў за апошні год былі праведзены чатыры навуковыя канферэнцыі, з іх тры — міжнародныя, — акцэнтаваў увагу прарэктар па навуковай рабоце.

Ганарацца ў ГДТУ і навуковымі дасягненнямі супрацоўнікаў. Так, летась малады спецыяліст Аль-Камалі Марван Фархан Саіф Хасан стаў пераможцам конкурсу на прэмію Гомельскага аблвыканкама па падтрымцы найбольш таленавітых маладых вучоных і спецыялістаў у намінацыі “Навуковае даследаванне і распрацоўка ў галіне прыродазнаўчых і тэхнічных навук”.

— Наша вобласць — адзіная ў краіне, дзе аблвыканкам штогод праводзіць конкурс маладых вучоных з прысуджэннем прэміі ў памеры 60 базавых велічынь. Бо Гомель — не толькі прамысловы, але і навуковы цэнтр. Пацвярджэннем гэтага служыць той факт, што ў нас 6 УВА і 2 філіялы сталічных універсітэтаў, мноства навуковых арганізацый, напрыклад, Інстытут лесу, Інстытут механікі металапалімерных сістэм імя У.А.Белага, Інстытут радыебіялогіі, РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека, — дадаў Андрэй Андрэевіч.

Ён не без гордасці паведаміў, што фіна­лістамі Рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў 2022 года ў намінацыі “Лепшы інавацыйны праект” сталі кандыдаты тэхнічных навук У.В.Камракоў і старшы выкладчык С.Я.Астраханцаў, а ў намінацыі “Лепшы маладзёжны інавацыйны праект” — магістрант Іван Ярмаловіч.

— Нязменна высокі ўзровень конкурсных праектаў універсітэта сведчыць пра вялікі патэнцыял нашай моладзі і пра будучыя ўзлёты нашай прамысловасці, — рэзюмаваў Андрэй Бойка.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара