Якімі якасцямі павінен валодаць настаўнік?

- 11:57Адукацыйная прастора

Гэтае пытанне адкрывае перад намі безліч іншых. Які настаўнік? Для чаго і каму павінен? Якасці асабістыя або прафесійныя? І якія з іх важнейшыя? Напрыклад, ці можна педагогу закласці ў абавязак любоў да дзяцей або дастаткова, каб ён звяртаўся да іх паважліва і добра вучыў свайму прадмету? Ці павінен настаўнік быць камунікабельным завадатарам? Якая настаўніца лепшая — добрая ці строгая? Якая будзе больш паспяховай — бунтар або канфармістка?

Мы можам бясконца разважаць, спрачацца і даказваць. Усё таму, што няма ўніверсальнага настаўніка. Яшчэ раз пераканацца ў гэтым нам дазволіў адкрыты конкурс “Мая дарога — быць педагогам” для навучэнцаў профільных класаў педагагічнай накіраванасці.

У бягучым навучальным годзе на базе гімназіi № 5 Віцебска быў адкрыты раённы рэсурсны цэнтр “Арганізацыя дапрофільнай і профільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў”. Дзейнасць цэнтра ўключае распрацоўку зместу, арганізацыю і метадычнае суправаджэнне, удзел у даследча-эксперыментальнай і інавацыйнай рабоце, падрыхтоўку метадычных рэкамендацый, метадычнае суправаджэнне работы па самаадукацыі, фарміраванне банка педагагічных і метадычных матэрыялаў.

У конкурсе прынялі ўдзел 44 навучэнцы з 11 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Віцебскай вобласці. Ініцыятыву падтрымалі школы і гімназіі Віцебска, Полацка, Наваполацка, Гарадка, Шуміліна. 30 творчых работ навучэнцаў і педагогаў былі прадстаўлены ў чатырох намінацыях: “Рэкламны буклет (плакат) “Прыходзь у клас педагагічнай накіраванасці маёй школы”, “Прэзентацыя “Педагагічная дынастыя ў маёй школе” і “Педагагічная дынастыя ў маёй сям’і”, “Творчая работа эпісталярнага жанру “Ліст мне, настаўніку 2025 года”, “Творчая работа эпісталярнага жанру “Ліст мне, студэнту першага курса педагагічнага ўніверсітэта”.

Ідэя конкурсу прыйшла з назірання за вучнямі і настаўнікамі розных школ. У нашай гімназіі вучацца дзеці, якія ўжо вырашылі стаць настаўнікамі і імкнуцца даведацца пра прафесію больш. Заўважаючы, што часам нават самыя таленавітыя і дапытлівыя дзеці страчваюць цікавасць да вучобы, яны як будучыя педагогі вырашылі адшукаць корань праблемы і змадэляваць вобраз ідэальнага настаўніка. Вобраз, які дапаможа вучням стаць лепшымі.

Члены журы конкурсу не толькі атрымалі велізарнае задавальненне, зарад бадзёрасці, але і кампетэнтныя парады, разумныя меркаванні наконт таго, як удасканальваць сваю работу, у якіх кірунках працаваць.

Аліна Макаранка, навучэнка 10 класа Шумілінскай раённай гімназіі, падзялілася разважаннямі пра тое, якім павінен быць настаўнік будучыні, якімі якасцямі ён павінен валодаць, каб выканаць сваю місію на зямлі. Вобраз настаўніка будучыні прадстаўлены ў сачыненні Аляксандры Ладычынай, навучэнкі 11 “Б” класа гімназіі № 5 Віцебска.

Пра цяжкую, але ганаровую працу педагога расказвае ў сваім творы Ірына Дварцавая, вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 1 Наваполацка. У лісце Юліі Шынкаровай (сярэдняя школа № 4 Віцебска) адзначаецца асэнсаваны падыход да выбару прафесіі, станоўчы ўплыў заняткаў у педагагічным класе, урокаў роднай мовы.

Вучаніца сярэдняй школы № 16 Полацка Віялета Ускова ўпэўнена, што, каб стаць сапраўдным настаўнікам, архітэктарам чалавечых душ, трэба быць бязмежна ўлюбёным у свой прадмет і вучняў, быць добрым, справядлівым, уважлівым. Карына Салевіч (сярэдняя школа № 1 Гарадка) сцвярджае, што прафесія настаўніка — самая запатрабаваная ў грамадстве, у ёй выяўляюцца лепшыя якасці чалавека, яна ніколі не застанецца па-за модай, бо нясе дабро.

Пасля цырымоніі ўзнагароджвання ў гімназіі № 5 Віцебска для вучняў — пераможцаў конкурсу і іх настаўнікаў былі праведзены прадметныя і метадычныя майстар-класы.

Галіна СУХАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры,
настаўнік-метадыст гімназіі № 5 Віцебска.