Якія маштабныя праекты ў найбліжэйшы час будуць рэалізоўвацца ў Лельчыцах?

- 14:07Планерка

З начальнікам аддзела адукацыі Лельчыцкага райвыканкама Уладзімірам Грыбам карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” абмеркавала асноўныя напрамкі развіцця галіны, а таксама падрыхтоўку да абласных “Дажынак”, якія пройдуць у раёне ў 2025 годзе.

— Уладзімір Адамавіч, раскажыце, калі ласка, пра працэсы аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі ў Лельчыцкім раёне.

— У нас функцыянуюць 17 школ, 1 гімназія і 12 дзіцячых садоў. Колькасць навучэнцаў у раёне складае 3 тысячы 102 чалавекі, а выхаванцаў — 919. Пытанні аптымізацыі знаходзяцца на кант­ролі Міністэрства адукацыі. Закрыццю падляга­юць тыя дзіцячыя сады, дзе займаецца менш за 10 выхаванцаў, і тыя школы, дзе вучыцца менш за 25 навучэнцаў. Сёння ў раёне такіх няма, таму ў будучым навучальным годзе аптымізацыя не плануецца. Хоць у перспектыве, да 2030 года, тэндэнцыя праглядаецца.

Да пачатку бягучага навучальнага года мы ліквідавалі Замошскую базавую школу. Гэта была самая старая ўстанова адукацыі раёна, якая размяшчалася ў драўляным будынку. Праблем не ўзнікла, усе настаўнікі працаўладкаваны, а для дзяцей арганізаваны падвоз у найбліжэйшую Ударненскую сярэднюю школу. Прайшла рэарганізацыя Стадоліцкай сярэдняй школы і дзіцячага сада шляхам іх зліцця. Як правіла, дзіцячыя сады мы не закрываем, а далучаем да найбліжэйшай школы і, адпаведна, мяняем статус установы. Пры гэтым будынак сада працягвае функцыянаваць, прымаць выхаванцаў.

Наш клопат — забеспячэнне даступнасці дашкольнай адукацыі. Мы прапаноўваем спектр разнастайных форм арганізацыі адукацыйных паслуг для дзяцей, якія не наведваюць дзіцячыя сады. Асабліва запатрабаваны групы з рэжымам знаходжання ад 2 да 7 гадзін, такой работай ахоплены 210 дзяцей.

— У якіх спецыялістах вы маеце патрэбу? Колькі маладых педагогаў прыступіла да работы ў пачатку гэтага навучальнага года?

— Сёння ў сістэме адукацыі раёна працуюць 780 педагогаў, у тым ліку 25 маладых спецыя­лістаў, у асноўным гэта ўраджэнцы нашага раёна. У верасні да нас прыбылі 12 маладых спецыялістаў. Зараз мы асабліва маем патрэбу ў педагогах-псіхолагах. Гэтыя вакансіі з’явіліся на працягу навучальнага года. Што тычыцца настаўнікаў матэматыкі або фізікі, то такіх спецыялістаў мы чакаем заўсёды. Пакуль вялікай праблемы не адчуваем, паколькі некаторыя педагогі працуюць больш, чым на стаўку. Падстаўляюць плячо і настаўнікі пенсіённага ўзросту. Кваліфікацыйны ўзровень педагогаў раёна даволі высокі: адзін мае катэгорыю “настаўнік-метадыст” — гэта настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Казачэнка з гімназіі Лельчыц, 73% педагогаў — вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.

Атэстацыя педагогаў застаецца адным з рычагоў павышэння не толькі іх прафесійнага ўзроўню, але і заработнай платы.

— Як арганізаваны профільнае навучанне і прафесійная падрыхтоўка навучэнцаў?

— Старшакласнікі сёння не проста вывучаюць профільныя прадметы на павышаным узроўні, а робяць гэта з прывязкай да канкрэтнай прафесіі, запатрабаванай эканомікай. У сельскіх школах мы ствараем агракласы, яны заключаюць дагаворы з сельгаспрадпрыемствамі. На базе Лельчыцкай раённай гімназіі імя І.А.Коласа і Сіманіцкай сярэдняй школы функцыяну­юць класы інжынернай накіраванасці. У гімназіі дзейнічаюць яшчэ і педагагічныя класы, а з верасня ў гэтым напрамку працуе лельчыцкая сярэдняя школа № 2 імя М.Д.Некрашэвіча.

У нашых планах на наступны навучальны год стварыць ваенна-патрыятычны клас, бо ёсць адпаведны запыт. У такіх класах на павышаным узроўні вывучаюцца фізіка і матэматыка, а яго выпускнікі атрымліваюць прэферэнцыі пры паступленні на ваенныя спецыяльнасці. Наш раён прыгранічны, і ў трох школах, якія знаходзяцца ў крокавай даступнасці ад граніцы (у Глушкавічах, Стадолічах і Баравым), функцыянуюць клубы юных пагранічнікаў, наладжана супрацоўніцтва з Мазырскім пагранатрадам.

Яшчэ адзін папулярны профіль — хіміка-біялагічны. Прапрацоўваецца пытанне аб адкрыцці медыцынскіх класаў у супрацоўніцтве з Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам.

Магчымасць асвоіць прафесію дзеці атрымліваюць і на ўроках працоўнага навучання. У гэтым кірунку мы ўзаемадзейнічаем з нашым каледжам. Старшакласнікі вучацца быць прадаўцамі, кухарамі, тынкоўшчыкамі, агароднікамі, слесарамі па рамонце аўтамабіляў. Актуальным застаецца пытанне абнаўлення і ўмацавання вучэбна-матэрыяльнай базы майстэрняў у школах. Дзякуючы дапамозе Міністэрства адукацыі, у мінулым навучальным годзе ў Сіманіцкую і Прыбалавіцкую сярэднія школы было пастаўлена сучаснае абсталяванне для кабінетаў працоўнага навучання. У 2023 годзе пачата пастаўка кабінетаў абслуговай і тэхнічнай працы ў Мілашавіцкую сярэднюю школу.

— Вядома, што ў 2025 годзе ў Лельчыцкім раёне пройдуць абласныя “Дажынкі”. Як сістэма адукацыі рыхтуецца да гэтай падзеі?

Педагагічныя калектывы заўсёды адказна і з душой рыхтуюцца да новага навучальнага года. Нароўні з бюджэтным фінансаваннем для правядзення рамонтаў прыцягваюцца сродкі дабрачыннай і спонсарскай дапамогі. У 2025 годзе на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі Лельчыцкага раёна да новага навучальнага года вы­дзяляецца 4 млн 200 тысяч рублёў. Плануецца правядзенне рамонту ва ўсіх гарадскіх установах адукацыі. Сур’ёзныя рамонтныя работы закра­нуць сярэднюю школу № 1 і дзіцячы сад № 4 Лельчыц. Сярод маштабных праектаў гэтага года — мадэрнізацыя будынка вучэбна-вытворчага камбіната для размяшчэння Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Установа будзе аснашчана сучасным абсталяваннем, у распараджэнні педагогаў і дзяцей з’явяцца студыя гуказапісу і тэлестудыя. Адкрыццё цэнтра плануецца ў верасні.

Савет Міністраў Беларусі зацвердзіў Праграму развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся на 2025—2030 гады, у тым ліку і Лельчыцкага. Мэтавыя грошы гэтай праграмы (1 млн 150 тысяч рублёў) будуць накіраваны на мадэрнізацыю самага вялікага ў раёне сельскага дзіцячага сада ў Глушкавічах.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота на прэўю з архіва рэдакцыі