Маладыя педагогі Бабруйска актыўна рыхтуюцца да конкурсу «Настаўнік года»

- 13:20Планерка

Якія праекты аб’яднаюць педагогаў устаноў адукацыі Бабруйска ў бягучым навучальным годзе і што прапаноўваецца маладым спецыялістам для іх замацавання на працоўных месцах, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік упраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама Алена Лісіца.

— 1 верасня за парты ў горадзе села амаль 24 000 навучэнцаў, у тым ліку больш за 2000 першакласнікаў. Безумоўна, установы адукацыі рыхтаваліся да прыёму дзяцей. У летнія месяцы праведзены рамонты вучэбных кабінетаў, спартыўных залаў, харчаблокаў. У 6 установах адукацыі адрамантаваны дах, у 28 дзіцячых садах заменена надворнае абсталяванне. Абноўлены фасады будынкаў і агароджы, ажыццёўлена добраўпарадкаванне і азеляненне прылеглых тэрыторый. Так, у гімназіі № 3 імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) у старым будынку замянілі падлогу, а ў гардэробе паклалі плітку. Школа № 1 сустракае гаспадароў і гасцей новым асфальтавым пакрыццём і фасадам. У цэлым на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года было выдзелена больш за 12 млн рублёў. І да яе педагагічныя калектывы паставіліся з вялікай адказнасцю, крэатыўна, з душой. Думаю, прыйшоўшы ў школы, юныя бабруйчане гэта ўбачылі і адчулі.

У гэтым годзе ў 8 установах агульнай сярэдняй адукацыі Бабруйска будзе працягнута рэалізацыя эксперыментальных і інавацыйных праектаў. Так, у сярэдняй школе № 35 імя П.І.Батава творчых педагогаў зноў аб’яднаў праект “Укараненне мадэлі выкарыстання драматызацыі як сродку духоўна-маральнага развіцця навучэнцаў (на прыкладзе традыцыйнага беларускага тэатра “Батлейка”)”. Над укараненнем мадэлі эфектыўнага настаўніцтва для прафесійнага і асобаснага росту педагогаў працуе калектыў гімназіі № 1. Мадэль дапрофільнай падрыхтоўкі ў сістэме бесперапыннай інжынернай адукацыі, а таксама мадэлі кіравання якасцю адукацыі апрабуюцца ў гімназіі № 3 імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) — тут рэалізуюцца эксперыментальныя праекты.

Педагагічная грамадскасць Бабруйска актыўна рыхтуецца да рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Ужо ў студзені 2026 года пройдзе гарадскі этап.

Пахвальна, што конкурс дапоўнены намінацыяй “Малады настаўнік”. Упэўнена, што яна будзе самай запатрабаванай сярод маладых педагогаў нашага горада.

Штогод у горадзе прахо­дзяць агляды-конкурсы кабінетаў. Сёлета акцэнт будзе зроблены на афармленні і аснашчэнні кабінетаў кіраўнікоў па ваенна-патрыя­тычным выхаванні. У пяцігодку якасці з мэтай выяўлення, падтрымкі і распаўсюджвання эфектыўных практык пройдзе конкурс для педагагічных работнікаў устаноў да­школьнай, агульнай сярэдняй і спе­цыяльнай адукацыі “Метадычны канструктар”, працягнуць работу рэсурсныя цэнтры па падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд. У мэтах развіцця інфраструктуры ўстаноў адукацыі, навядзення парадку на прылеглай тэрыторыі, стварэння і падтрымання зручнага, бяспечнага, сучаснага і эстэтычна арганізаванага асяроддзя дадзены старт гарадскому чэленджу па добраўпарадкаванні і азеляненні “#БлагоустройствоБезГраниц”. Яго вынікі будуць падведзены ў снежні 2025 года.

— Алена Сяргееўна, уведзены абмежаванні на выкарыстанне мабільных тэлефонаў у школе. Як гэтае пытанне вырашаецца ў вашых установах?

— Ва ўстановах адукацыі створаны ўмовы для захоўвання мабільных прылад. Мы паклапаціліся пра гэта загадзя. За кошт сродкаў бюджэту набыты спецыяльныя шафы для захоўвання смартфонаў, устаноўлены камеры відэаназірання. Ва ўсіх школах і гімназіях распрацаваны парадак захоўвання мабільных тэлефонаў, прызначаны адказныя людзі.

Рэакцыя бацькоў і дзяцей на ўве­дзенае абмежаванне аказалася надзвычай спакойнай. Гэта звязана з тым, што была праведзена папярэдняя растлумачальная работа. Бацькі адзначаюць, што ў дзяцей павышаецца канцэнтрацыя ўвагі, знімаецца ўзровень трывожнасці, паляпшаецца эмацыянальны стан. Думаю, правільныя адносіны да тэхналогій павінны стаць часткай школьнай адукацыі, каб навучыць дзяцей бяспечнаму і ўсвядомленаму ўзаемадзеянню з лічбавымі прыладамі.

— Ці папоўніліся педагагічныя калектывы маладымі спецыялістамі? Што робіцца для іх замацавання?

Сёлета да работы ва ўстановах адукацыі горада прыступілі 120 маладых спецыялістаў. Мы робім усё неабходнае, каб яны замацаваліся на сваіх працоўных месцах. Кіраўніцтвам устаноў адукацыі заключаюцца кантракты на працяглыя тэрміны (больш за 2 гады). Мы практыкуем настаўніцтва як форму індывідуальнай работы з маладымі педагогамі. У межах дзейнасці гарадскіх метадычных фарміраванняў, гарадскіх школ маладых педагогаў праводзіцца работа з пачынаючымі настаўнікамі па ўкараненні абноўленага зместу адукацыі, авалоданні сучаснымі інфармацыйнымі і адукацыйнымі тэхналогіямі і методыкамі, формамі кантрольна-ацэначнай дзейнасці.

З мэтай павышэння прафесійнага майстэрства, развіцця творчага патэнцыялу маладыя спецыялісты прыцягваюцца да ўдзелу ў фестывалях і конкурсах рознага ўзроўню, патрыятычных акцыях, экскурсіях і інш. І даволі паспяхова. Так, на заключным этапе IX абласнога фестывалю маладых педагогаў “Прызванне — педагог” прыза “Залатое пяро” ўдастоена настаўніца замежнай мовы сярэдняй школы № 34 Кацярына Крылова. Дарэчы, напрыканцы жніўня ў рамках рэспубліканскага праекта “Дзень маладога спецыяліста”, галоўная мэта якога — дапамагчы новым кадрам уліцца ў працоўныя калектывы, знайсці сябе, у 34-й школе прайшла тэматычная сустрэча “Педагагічны маршрут па імені Поспех”. Некаторыя з пачынаючых настаўнікаў — выпускнікі школы, якія вярнуліся ў родныя сцены, але ўжо ў іншым амплуа. Маладыя спецыялісты пагутарылі з кіраўніцтвам школы, вызначылі лепшыя якасці сучаснага настаўніка, разабралі варыянты зносін з вучнямі ў розных сітуацыях.

Штогод арганізоўваюцца сустрэчы кіраўніцтва горада з маладымі спецыялістамі сістэмы адукацыі. Калектыўныя дагаворы ўстаноў адукацыі прадугледжваюць для іх дадатковыя гарантыі і льготы. Аказваецца матэрыяльная дапамога на бытавое ўладкаванне ў сувязі з пераездам, на частковую аплату найму жылога памяшкання, на павышэнне педагагічнага ўзроўню. Устанаўліваюцца надбаўкі за высокія дасягненні ў рабоце маладым спецыялістам з улікам аб’ёму і якасці работ, якія выконваюцца (ад 10 да 30%). Кіраўніцтва ўстаноў адукацыі штогод вывучае месцы пражывання маладых спецыялістаў, аказвае дапамогу ў добраўпарадкаванні жылых памяшканняў у інтэрнаце.

Мы адчуваем істотную падтрымку органаў мясцовай улады. Толькі за апошнія тры гады педагогам сістэмы адукацыі выдзелена 45 арэндных кватэр, у тым ліку 15 — маладым педагогам.

Упэўнены, што моладзь, валодаючы новымі ведамі і свежымі ідэямі, здольна ўнесці значны ўклад у працэс навучання, стварыць унікальнае адукацыйнае асяроддзе і забяспечыць высокія вынікі як для навучэнцаў, так і для сябе.

Наталля КАЛЯДЗІЧ