Якія прапановы ўнеслі педагогі падчас абмеркавання праекта метадычных рэкамендацый па выкарыстанні тэхналогій ШІ

- 10:05Актуально, Образование

Праект метадычных рэкамендацый па выкарыстанні тэхналогій штучнага інтэлекту ў адукацыйным працэсе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі абмяркоўваўся на тэматычных пляцоўках канферэнцыі “Практычнае прымяненне тэхналогіі “Штучны інтэлект” для павышэння якасці адукацыйнага працэсу”, якая прайшла на базе Акадэміі адукацыі, паведамляе карэспандэнт  “Настаўніцкай газеты”.

Мадэратары тэматычных пляцовак ра­зам з педагогамі ўнеслі свае заўвагі і прапановы па змесце праекта, выпрацавалі бачанне па ўключэнні тэхналогій ШІ ў змест выкладання асобных прадметаў.

— Сярод пытанняў, якія ўзніклі ў працэсе абмеркавання праекта метадычных рэкамендацый, адзначу тое, што звязана з інклюзіўнай адукацыяй. Лічым, што мае сэнс раскрыць спецыфіку выкарыстання ШІ ў рабоце з дзецьмі з АПФР, — падкрэсліла Вольга Кіслова, нас­таўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 10 Гомеля. — У рэкамендацыях напісана пра генерацыю ілюстрацый, што гэта найбольш эфектыўна пры рабоце з дзецьмі малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Прапануем зняць гэтае абмежаванне, паколькі візуалізацыя добра працуе і са старшакласнікамі. Ёсць фраза пра тое, што ШІ можа аналізаваць сачыненні і пераказы. Мэтазгодна замяніць яе на “творчыя работы”.

Што тычыцца выкарыстання ШІ пры вывучэнні філалагічных дысцыплін, то ён дапаможа ў дасягненні наступных задач. Гэта распрацоўка канспектаў урокаў і выхаваўчых мерапрыемстваў у рамках прадмета; стварэнне дыдактычных матэрыялаў, у тым ліку гульнявога характару, узораў і шаблонаў творчых даследчых работ; планаванне дзейнасці ў рамках вучэбных міні-праектаў; аналіз таблічных даных вынікаў праверачных кантрольных работ; арганізацыя самастойнага засваення няцяжкіх вучэбных тэм, у тым ліку прапушчаных дзіцем; стварэнне індывідуальных праграм карэкцыі ведаў вучняў і праграм падрыхтоўкі адораных навучэнцаў; тэхнічнае суправаджэнне падрыхтоўкі творчых праектаў (прэзентацый, відэаролікаў); стварэнне пераліку пытанняў для актывацыі самастойнага чытання вучнямі літаратурных твораў; навучанне розным спосабам скарачэння і сістэматызацыі матэрыялу праз узоры, створаныя ШІ; пабудова вучэбных дыялогаў, трэнажораў для вучняў; мадэляванне альтэрнатыўных рэальнасцей, у прыватнасці, у літаратуры; аналітычная ра­бота з тэкстам.

Метадычнымі асаблівасцямі выкарыстання тэхналогій ШІ па названай прадметнай галіне з’яўляюцца найбольш запатрабаваныя функцыі: генерацыя тэкстаў, агляд, сістэматызацыя, пабудова сістэмы навучання, аналіз, мадэляванне, персаналізацыя навучання. Тэхналогіі ШІ могуць быць выкарыстаны ў працэсе навучання наступным відам дзейнасці: стварэнне тэкстаў розных форм і стыляў, аналіз, структураванне і сістэматызацыя матэрыялу, даследчая і пошукавая дзейнасць, аналіз інфармацыі, рэдагаванне, карэкціраванне, выбудоўванне траекторыі дасягнення мэт, актыўнае чытанне, устанаўленне міжпрадметных сувязей, мадэляванне розных форм візуалізацыі матэрыялу.

Асаблівасці выкарыстання ШІ абмеркавалі настаўнікі інфарматыкі, фізікі і матэматыкі.  

— Мы рэкамендуем выкарыстоўваць тэхналогію ШІ, напрыклад, для візуалізацыі працэсаў або аб’ектаў з выкарыстаннем мадэ­лявання, у тым ліку 3D-мадэлявання, для генерацыі індывідуальна адаптаваных задач, — адзначыла адзін з мадэратараў пляцоўкі Інеса Бразгунова, загадчыца кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі адукацыі. — Настаўнік можа загрузіць, напрыклад, рэшаныя задачы ў ШІ і для кожнага вучня атры­маць набор задач пэўнага ўзроўню складанасці і зместу ў адпаведнасці з тым, як той справіўся ці не справіўся з папярэднімі задачамі. У працэсе работы з праграмным кодам на ўроку інфарматыкі ШІ можа выкарыстоўвацца на розных этапах, пачынаючы са стварэння праграмнага кода, заканчваючы яго наладкай, тэсціраваннем і г.д. Для педагогаў, якія толькі пачынаюць работу з ШІ, хацелі б дадаць у мета­дычныя рэкамендацыі інфармацыю аб тым, як трэба працаваць з формуламі і графікамі.

Неабходна таксама тлумачэнне магчымасці выкарыстання згенерыраваных ШІ тэстаў і заданняў у тых прадметах, дзе рэкамендавана выкарыстоўваць самастойныя і кантрольныя работы з грыфаваных дапаможнікаў. Мы можам генерыраваць заданні, тэсты, практыкаванні, задачы, але ці ёсць абмежаванне ў іх выкарыстанні? Ці магчыма стварыць нейкую базу канкрэтных прыкладаў промтаў для кожнага вучэбнага прадмета, для пэўных тэм? Узоры такіх промтаў можна вынесці ў дадатак да метадычных рэкамендацый.

— У цэлым праект метадычных рэкамендацый нашай пляцоўкай адобраны, — адзначыла мадэратар пляцоўкі па выкарыстанні ШІ ў выкладанні вучэбных прадметаў прыродазнаўчанавуковага цыкла Ірына Дзюба, прафесар кафед­ры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі адукацыі. — Ёсць прапанова дадаць некалькі абзацаў па арганізацыі выхаваўчага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, рэкамендацыі для класных кіраўнікоў. Акрамя таго, да рызык, пералічаных у метадычных рэкамендацыях, дадаць схаваную рызыку, якая звязана з тым, што пры выкарыстанні ШІ мы не можам прадухіліць навязванне вучням інфармацыі, якая будзе супярэчыць іх узроставым асаблівасцям, рэлігійным поглядам, будзе некарэктнай. Важна звярнуць увагу на магчымасць выкарыстання сэрвісаў ШІ для стварэння інтэрактыўных і мультымедыйных рэсурсаў, генерацыі наглядных матэрыялаў на аснове наяўных у педагогаў вучэбных дапаможнікаў у адпаведнасці з праграмамі па прадметах. Прапанавана сродкі ШІ выкарыс­тоўваць для аптымізацыі, у прыватнасці, для скарачэння аб’ёму вучэбнай інфармацыі, стымулявання вучэбна-пазнавальнай цікавасці, пабудовы прагнозных, футурыстычных мадэлей і г.д.

Што тычыцца практыкі дзейнасці або ўзаемадзеяння з вучнямі, то тут прадстаўнікі прыродазнаўчанавуковых прадметаў робяць акцэнт на розных формах эксперыментальнай дзейнасці, выкарыстанні віртуальных памочнікаў, сімулятараў, лабараторый, на магчымасці сродкамі ШІ мадэлявання хімічных і фізічных працэсаў, рэакцый, мадэлей малекул і г.д. Арганізацыя праектнай дзейнасці вучняў у названым прадметным кірунку павінна на­сіць у першую чаргу даследчы, надпрадметны і метапрадметны характар. Магчыма генерацыя экскурсійных маршрутаў у прыроду, гістарычнае мінулае, геаграфічную прастору для вырашэння канкрэтных дыдактычных задач.

Сродкамі ШІ неабходна дадаткова раскрываць выхаваўчы патэнцыял прадметаў, прафесійнага арыентавання, развіваць і папулярызаваць сацыяльна значныя праекты, напрыклад, у галіне экалогіі, здароўезберажэння.

— Выкарыстанне тэхналогій ШІ ў выкладанні прадметаў гуманітарнага цыкла прызначана для дасягнення педагогам наступных задач: аптымізаваць час на падрыхтоўку да заняткаў, забяспечыць варыятыўнасць стварэння адукацыйнага кантэнту, спрыяць развіццю крэатыўнасці, інтарэсу да даследчай і праектнай дзейнасці і пашырэнню прафесійнай адукацыі самога педагога, — гаворыць Аліна Чарняўская, старшы выкладчык кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі адукацыі. — Метадычныя асаблівасці выкладання прадметаў гуманітарнага цыкла зводзяцца да стварэння заданняў для работы з тэкстам, аналізу гэтага тэксту. Пры гэтым застаюцца пытанні, якія тычацца аналізу нацыя­нальнага кантэнту пры выкладанні гісторыі Беларусі.

Стварэнне візуальнага аўдыя- і відэакантэнту можна выкарыстоўваць для арганізацыі даследчай і праектнай дзейнасці, для прафарыентацыі, выхавання нацыянальнай самасвядомасці і г.д. У змест метадычных рэкамендацый можна дадаць інструкцыі па рэгістрацыі пэўных сэрвісаў, інфармацыю аб тым, што такое прадастаўленне канфідэн­цыяльных даных, па стварэнні промтаў па канкрэтных прадметах.

— Да метадычных асаблівасцей выкарыс­тання тэхналогій ШІ ў працэсе навучання замежнай мове можна аднесці інтэрактыўнасць, віртуальныя асістэнты і сімулятары маўлення, якія ствараюць умовы для моўнай практыкі, набліжаныя да натуральных. ШІ дазваляе падстройваць вучэбны матэрыял пад моўны ўзровень вучняў і дыферэнцыраваць яго, забеспячвае зваротную сувязь у рэальным часе, — расказала Інеса Зубрыліна, прарэктар па вучэбнай рабоце Акадэміі адукацыі. — Тэхналогіі ШІ ў працэсе навучання замежнай мове могуць быць выкарыстаны для навучання ўсім відам маўленчай дзейнасці: маўленне, пісьмо, чытанне, аўдзіраванне і па ўсіх аспектах мовы (фанетыка, лексіка, граматыка). Акрамя развіцця маўленчай і моўнай кампетэнцыі вучняў, прымяненне тэхналогій ШІ на ўроках замежнай мовы можа быць накіравана на вырашэнне шэрага метадычных задач. Напрыклад, персаналізацыя навучання. Адаптыўныя платформы падбіраюць заданні ў залежнасці ад узроўню навучанасці вучняў, асабістага тэмпу засваення, матывацыі і ўключанасці ў адукацыйны працэс, развіцця крытычнага і крэатыўнага мыслення для фармі­равання функцыянальнай адукаванасці.

Работа па вывучэнні розных аспектаў выкарыстання тэхналогій ШІ ў адукацыйным працэсе будзе працягнута. Удзельнікам тэматычных пляцовак, педагогам-практыкам будзе прадастаўлена вір­туальная пляцоўка на базе Акадэміі адукацыі для папулярызацыі сваіх ідэй, матэрыялаў, дэманстрацыі іх калегам, сумеснага абмеркавання і выпрацоўкі пра­грэсіўных падыходаў у гэтым кірунку.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара