Ці магчыма выпускніку атрымаць размеркаванне на работу на ўмовах няпоўнай занятасці — на пытанні адказалі ў Мінадукацыі

- 15:32Новости, Школа управления

На пытанні чытачоў адказала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі і арганізацыйна-аналітычнай работы — начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела Міністэрства адукацыі Любоў Мальковіч.

— Я прайшоў навучанне ў аўташколе і атрымаў пасведчанне аб падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў, самаходных машын. Потым здаў экзамены ў ДАІ і атрымаў вадзіцельскае пасведчанне, якое дае мне права на кіраванне аўтамабілем катэгорыі В, С, Е, аб чым была зроблена адзнака ў гэтым пасведчанні. У адпаведнасці з артыкулам 91 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, пасведчанне аб падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў, самаходных машын з’яўляецца дакументам аб навучанні (у гэтым выпадку па прафесіі вадзіцель).

Ці можа гэтае пасведчанне з адзнакай ДАІ быць прадстаўлена для заключэння дагавора з установай адукацыі і залічэння мяне на навучанне па адукацыйнай праграме перапад­рыхтоўкі рабочых (служачых)?

— У адпаведнасці з пунктам 7 артыкула 91 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (далей — Кодэкс), пасведчанне аб пад­рыхтоўцы, перападрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў, самаходных машын выдаецца навучэнцам, якія засвоілі змест адукацыйнай праграмы падрыхтоўкі ва­дзіцеляў механічных транспартных сродкаў, самаходных машын, або адукацыйнай праграмы перападрыхтоўкі вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў, самаходных машын, або адукацыйнай праграмы павышэння кваліфікацыі вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў, самаходных машын.

Названыя адукацыйныя праграмы, згодна з артыкулам 248 Кодэкса, накіраваны на фарміраванне ці ўдасканаленне кампетэнцый, неабходных для кіравання механічным транспартным сродкам, самаходнай машынай адпаведнай катэгорыі, а не на атрыманне прафесіі рабочага.

Згодна з пунктамі 8 і 9 артыкула 248 Кодэкса, у рамках дадатковай адукацыі дарослых на атрыманне прафесіі рабочага накіраваны адукацыйная праграма прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) і адукацыйная праграма перападрыхтоўкі рабочых (служачых).

Пунктам 6 артыкула 91 вызначана, што засваенне зместу адукацыйных праграм прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі рабочых (служачых), а таксама прысваенне кваліфікацыі рабочага (служачага) пры засваенні зместу адукацыйнай праграмы прафесійна-тэхнічнай, або адукацыйнай праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, або адукацыйнай праграмы бакалаўрыята, або бесперапыннай адукацыйнай праграмы вышэйшай адукацыі пацвярджае дакумент аб навучанні ўстаноўленага ўзору — пасведчанне аб падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі рабочага (служачага). У адпаведнасці з падпунктам 27.5 пункта 27 Палажэння аб установе дадатковай адукацыі дарослых, зацверджанага пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 10 кастрычніка 2022 года № 379, для засваення змес­ту адукацыйнай праграмы перападрыхтоўкі рабочых (служачых) прадастаўляюцца арыгінал і копія дакумента аб адукацыі (дакумента аб навучанні), які пацвярджае факт атрымання прафесіі рабочага і прысваення кваліфікацыі.

З улікам сказанага пасведчанне аб падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў, самаходных машын не з’яўляецца дакументам аб адукацыі (дакументам аб навучанні), на падставе якога слухач можа быць прыняты (залічаны) для засваення зместу адукацыйнай праграмы перападрыхтоўкі рабочых (служачых).

— Ці мае права сын 16 гадоў, які мае інваліднасць І групы, паступаць на завочнае навучанне ў вышэйшую навучальную ўстанову без выканання патрабаванняў па стажы 10 месяцаў па профілі выбранай спецыяльнасці? Якія асаблівасці паступлення такой катэгорыі дзяцей?

— Прыём абітурыентаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Правіламі прыёму асоб для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі, зацверджанымі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеня 2022 года № 23 (далей — Правілы прыёму).

У адпаведнасці з абзацам 8 часткі 1 і абзацам 7 часткі 2 пункта 4 Правіл прыёму, у конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі ў завочнай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту і на платнай аснове маюць права ўдзельнічаць асобы, якія з’яўляюцца дзецьмі-інвалідамі ва ўзросце да 18 гадоў, інвалідамі I ці II групы, пры адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў да навучання па спецыяльнасці. Наяўнасць 10-месячнага стажу па выбраным профілі (напрамку) адукацыі для гэтай катэгорыі абітурыентаў не патрабуецца.

Акрамя таго, абітурыенты, якія з’яўляюцца інвалідамі I ці II групы, дзецьмі-інвалідамі ва ўзросце да 18 гадоў, якія прадставілі пры прыёме дакументаў адпаведнае пасведчанне і заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі або медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі аб адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў да навучання па спецыяльнасці, маюць пераважнае права на залічэнне пры роўнай агульнай суме балаў у адпаведнасці з абзацам 9 часткі 2 пункта 27 Правіл прыёму.

Палажэннем Савета Міністраў былі ўнесены змяненні ў пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 жніўня 2022 года № 572. А іменна ў пункце 13 прадугледжана, што “выпускнікі не размяркоўваюцца на дыстанцыйную работу і (ці) на работу з няпоўным рабочым часам, за выключэннем выпадкаў, калі наймальнік абавязаны ўстанаўліваць няпоўны рабочы час у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі”.

Хацелася б удакладніць: ці мае гэтая норма зваротную сілу і ці распаўсюджваецца яна на выпускнікоў 2023/2024 навучальнага года?

У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 8 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, акты заканадаўства аб адукацыі, калі іншае не ўстаноўлена Канстытуцыяй Рэспуб­лікі Беларусь і прынятымі ў адпаведнасці з ёй іншымі заканадаўчымі актамі, не маюць зваротнай сілы і прымяняюцца да адносін, якія ўзніклі пасля ўвядзення іх у дзеянне, а таксама да ўвядзення іх у дзеянне ў частцы правоў і абавязкаў, якія ўзніклі пасля ўвядзення іх у дзеянне.

Разам з тым няпоўная занятасць мала­дога спецыяліста не забяспечвае эфектыўнасць размеркавання і прафесійнае станаў­ленне маладога спецыяліста, не дазваляе апраўдаць сродкі, затрачаныя дзяржавай на яго падрыхтоўку, супярэчыць дзяржаўнай палітыцы кадравага забеспячэння галін эканомікі і сацыяльнай сферы. Таму выпадкі няпоўнай занятасці маладога спецыяліста могуць быць разгледжаны на прадмет фіктыўнага працаўладкавання ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі.

Ала КЛЮЙКО
Фота з архіва рэдакцыі, носіць ілюстрацыйны характар