Больш за трэць пераможцаў трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы на Віцебшчыне склалі вучні Аляксандра Шугаля і Святланы Матросавай з гімназіі № 2 абласнога цэнтра. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах аб’яднаў звыш тысячы навучэнцаў паўночнага рэгіёна. Лепшых з лепшых выявілі ў ходзе выпрабаванняў, якія адбыліся ў Віцебску, Полацку і Оршы. Асноўнымі вучэбна-практычнымі базамі спаборніцтва сталі каледжы, універсітэты і кадэцкія вучылішчы.
Традыцыйна алімпіяда выяўляе сярод навучэнскай моладзі высокую колькасць прыхільнікаў дакладных навук. Сёлета 118 чалавек прынялі ўдзел у трэцім этапе алімпіяды па матэматыцы і 78 — па фізіцы. Юныя матэматыкі спаборнічалі ў філіяле БДПУ “Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж”. Гэтая пляцоўка не толькі амаль штогод выкарыстоўваецца для правядзення абласнога этапу, але і неаднаразова прымала фіналістаў інтэлектуальнага спаборніцтва па названых вучэбных прадметах. Як паведаміла начальнік упраўлення прафесійнага развіцця і навуковай, інавацыйнай, прагназуючай дзейнасці ВАІРА Вольга Шпанькова, дыпломамі па выніках пройдзеных выпрабаванняў узнагародзілі 53 юных матэматыкаў.
— У нас ёсць абсалютны пераможца, — адзначыла Вольга Аляксандраўна. — Дзесяцікласнік сярэдняй школы № 12 Наваполацка Дзяніс Вістуноў набраў 56 балаў з 56 магчымых. Рашаць складаныя задачы правільна і прыгожа ён вучыцца пад кіраўніцтвам настаўніцы матэматыкі Вольгі Беразнёвай. Заданні былі няпростыя, што бачна на прыкладзе адзінаццацікласнікаў. Па балах у іх больш сціплыя вынікі, хаця спаборнічалі вопытныя навучэнцы, уключаючы пераможцаў папярэдніх рэспубліканскіх алімпіяд і бронзавага прызёра 65-й Міжнароднай матэматычнай алімпіяды Максіма Манастырскага. Затое да найвышэйшай планкі дружна наблізіліся дзевяцікласнікі: напрыклад, па 55 балаў на рахунку віцяблян Паўла Пухава з гімназіі № 8 (настаўніца Аксана Будкевіч, трэнер Міхаіл Волкаў) і Уладзіслава Уладыкі з гімназіі № 2 (настаўніца Святлана Матросава).
Усяго на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах навучэнцы гімназіі сёлета заваявалі 59 дыпломаў — абсалютны абласны рэкорд.
Трое пераможцаў на абласным узроўні сёлета сярод вучняў Іны Зайцавай з гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава, двое — у яе калегі з той жа ўстановы адукацыі Наталлі Плют. Выдатна выступілі на алімпіядзе прадстаўнікі Глыбоцкай раённай гімназіі, сярэдніх школ № 1 Новалукомля імя Ф.Ф.Дуброўскага, № 16 і № 18 Полацка, № 1 Гарадка імя І.Х.Баграмяна. Акрамя віцяблян, асобна варта вылучыць каманду Наваполацка: у скарбонцы — 6 дыпломаў, прычым іх уладальнікі — з розных устаноў адукацыі. А лідарства па колькасці перамог упэўнена ўтрымлівае гімназія № 2 Віцебска. Пра якасць падрыхтоўкі тут лепш за ўсё, напэўна, скажуць лічбы: 14 з 20 навучэнцаў, якія ўвайшлі ў склад каманды вобласці для ўдзелу ў фінале Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, — вучні Аляксандра Шугаля і Святланы Матросавай.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара