“Усе людзі, якія чагосьці дасягнулі ў жыцці, былі абсалютна ўпэўнены ў сабе і сваіх магчымасцях. Калі ты верыш у свае сілы, то і навакольныя павераць у іх, — мяркуе пераможца абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2023” настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Оршы імя Г.В.Сямёнава Аксана Шукаловіч. — Веру ў сябе і хачу перамагчы ў конкурсе. А навошта ісці на спаборніцтва, калі не ставіць перад сабой такую мэту?” Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сіла — у камандзе
Як прыгадвае Аксана Анатольеўна, паўдзельнічаць у конкурсе ёй прапанавала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Емяльянава-Раманоўская, якая сама прымала ўдзел у такіх спаборніцтвах і не па чутках ведае, што гэта такое. Як чалавек актыўны, дзейсны, які прагне новых эмоцый і ўражанняў, авантурыст у добрым сэнсе гэтага слова, педагог пагадзілася на прапанову.
— Я люблю такі педагагічны рух, бо калі доўгі час працуеш у школе, разумееш, што табе чагосьці не хапае, адчуваеш патрэбу ў прафесійным росце. Мабыць, гэта і прывяло мяне спярша ў праграму “Настаўнік для Беларусі”, у якую летась я прайшла адбор і стала ўдзельніцай 4-га набору, а потым і на конкурс “Настаўнік года”. Безумоўна, складана, калі ты дэманструеш свае напрацоўкі і цябе ацэньваюць, але гэта пэўная кропка росту, прафесійнае ўдасканаленне, рух наперад, магчымасць узбагаціцца і пераняць вопыт. Ды і я не адна ў гэтым выпрабаванні. Са мной разам мая каманда, якая своечасова дасць слушную параду, дапаможа і словам, і справай. Дома — надзейны тыл: муж у мяне таксама настаўнік, які добра разумее ўсе нюансы нашай прафесіі, заўсёды падтрымлівае. Удзельнікаў конкурсу не лічу сваімі канкурэнтамі, гэта таварышы, калегі, у якіх сапраўды ёсць чаму павучыцца, — адзначае Аксана Шукаловіч.
Самымі складанымі выпрабаваннямі абласнога этапу конкурсу для маёй суразмоўніцы стала псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, дзе правяраліся тэарэтычныя веды (веданне нарматыўнай дакументацыі, метадычных нюансаў, дыдактыкі, псіхалогіі і інш.), якія трывала ўвайшлі ў практыку работы і прымяняюцца дзесьці нават інтуітыўна, але якія неабходна было абнавіць у памяці і прывесці ў сістэму, а таксама міні-ўрок на сцэне.
— У апошнім выпрабаванні прысутнічаў момант стрэсу, калі ты не ведаеш, якая тэма трапіцца для правядзення міні-ўрока, на падрыхтоўку якога адводзілася 10 мінут і на якім павінны прасочвацца ўсе структурныя элементы, — расказвае настаўніца. — Мне пашчасціла з тэмай, якая гучала “Сеяць разумнае, добрае, вечнае”, бо было пра што пагаварыць з “вучнямі”-калегамі. Я люблю ўзаемадзейнічаць з аўдыторыяй, праводзіць майстар-класы. Таму ўсё добра атрымалася.
Адным з галоўных конкурсных выпрабаванняў быў урок у незнаёмым класе. Аксана Шукаловіч праводзіла яго па прадмеце “Мая радзіма Беларусь” для чацвёртакласнікаў. Тэма ўрока — “Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Планавалася, што напрыканцы ўрока вучні будуць ведаць гістарычныя падзеі, якія адбыліся на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і імёны славутых герояў-землякоў.
— Мне неабходна было выклікаць вучняў на дыялог, каб яны ўмелі наладжваць зносіны, размаўляць з настаўнікам і адно з адным. Каб не педагог саліраваў на ўроку, а было арганізавана цеснае ўзаемадзеянне. Мы гаварылі пра Канстанціна Заслонава, пра мемарыяльны комплекс “Кацюша”. А гэта ж наша роднае, аршанскае. Цікавы момант: калі члены журы запыталіся ў дзяцей, адкуль настаўніца, якая праводзіла ўрок, яны хорам адказалі: “З Оршы”. А гэта значыць, зачапіла дзяцей, матэрыял застаўся ў іх памяці.
На ўроку выкарыстоўвала інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі (вучні слухалі запіс Левітана аб аб’яўленні вайны, праглядзелі невялікі фрагмент відэа пра Брэсцкую крэпасць, якая першай прыняла ўдар ворага, убачылі залп “Кацюшы”). Малодшыя школьнікі працавалі індывідуальна і ў групах — прапрацоўвалі тэкст падручніка і дадатковы матэрыял. Для работы на ўроку ім была прапанавана брашура, дзе яны рабілі запісы. З ёй, дарэчы, вучні пайшлі дадому. Брашура спатрэбілася ім для выканання дамашняга задання і на наступны ўрок. Малодшым школьнікам быў прапанаваны дыягнастычны тэст, і практычна 90 працэнтаў дзяцей выканалі яго беспамылкова. Мэты ўрока былі дасягнуты. Вучні актыўна працавалі і з добрым настроем пайшлі на перапынак. Я атрымала задавальненне ад праведзеных заняткаў.
Дом ведаў
У жніўні споўніцца 26 гадоў, як Аксана Шукаловіч працуе з малодшымі школьнікамі. На выбар прафесіі аказала ўплыў першая настаўніца Валянціна Украінцава, якая пакінула ў душы дзяўчынкі глыбокі след.
— Мне хацелася быць падобнай на Валянціну Мікалаеўну, яна была чулай, сардэчнай, заўсёды арганізаванай. Мы да яе цягнуліся, давяралі, з любымі праблемамі маглі звярнуцца. Нават са слабапаспяваючымі вучнямі ёй удавалася выбудаваць добрыя ўзаемаадносіны, — прыгадвае настаўніца.
А.А.Шукаловіч скончыла Аршанскі педагагічны каледж, а потым, у 2001 годзе, — ВДУ імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Пачатковыя класы”. У 2006-м атрымала дыплом Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў гэтага ж універсітэта па спецыяльнасці “Практычны псіхолаг”.
Як прызнаецца педагог, веды па псіхалогіі дапамагаюць арганізаваць індывідуальную работу з дзецьмі. На гіперактыўных дзяцей, напрыклад, не дзейнічае павышэнне голасу, ім трэба прапанаваць парухацца, даць выхад эмоцыям, пераключыць увагу, трывожных дзяцей трэба падтрымаць, падбадзёрыць, стварыць сітуацыю поспеху.
Сённяшнія вучні значна адрозніваюцца ад нас. Мы былі ў свой час замкнёнымі, а яны больш адкрытыя, лягчэй ідуць на кантакт. Малодшыя школьнікі не баяцца трансліраваць тое, што яны перажываюць, свае эмоцыі. І гэта я хачу захаваць, каб яны такімі і заставаліся па жыцці.
Педагог імкнецца ў кожным сваім вучні ўбачыць асобу, а не дацягнуць яго да агульнапрынятай нормы, прывівае цікавасць да атрымання ведаў, стварае ўмовы для развіцця, сітуацыі поспеху, абапіраецца на псіхалагічныя і індывідуальныя асаблівасці дзяцей. Выбудоўвае ўзаемаадносіны з бацькамі як з паўнапраўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, аднадумцамі. Даверлівыя адносіны з дзецьмі і бацькамі дапамагаюць пражыць чатыры гады шчаслівага школьнага жыцця.
Каб захаваць цікавасць дзіцяці на ўроках, Аксана Анатольеўна выкарыстоўвае прыёмы актывізацыі ўвагі вучняў, практыкуе частую змену відаў дзейнасці. Яна не ставіць зорачак, сонейкаў, смайлікаў, а з першага дня разам з вучнямі пачынае будаваць дом ведаў, у якім 1 клас — гэта фундамент. У 2 класе вучні кладуць цэглу. І часам яны самі заўважаюць, што ў іх або таварыша па парце будзе дзірачка ў сцяне, бо сёння ён паленаваўся, штосьці не зрабіў. Да гэтай метафары педагог звяртаецца даволі часта. Яна імкнецца, каб дзеці хацелі вучыцца не дзеля адзнакі, а для атрымання ведаў, каб разумелі, што сёння яны ўзняліся на адну прыступку вышэй у параўнанні з самім сабой учарашнім.
Настаўніцы ўдалося стварыць добразычлівую камфортную атмасферу ў класе. Школьная сям’я Аксаны Шукаловіч жыве так, што вучням сумна развітвацца пасля заняткаў і радасна сустракацца на наступны дзень. У гэтыя летнія дні, сустракаючы настаўніцу ў школе, яны са шкадаваннем гавораць, што цяпер канікулы і не трэба хадзіць у школу.
У нязмушанай атмасферы
У сваёй рабоце настаўніца выкарыстоўвае сучасныя адукацыйныя методыкі і тэхналогіі: дыялогавае і праблемнае навучанне, лічбавыя інструменты (Plikers для фарміруючага ацэньвання; фарміруючае ацэньванне — гэта не адзнака, а механізм збору інфармацыі аб уласным прасоўванні вучня, накіраваны на вызначэнне яго індывідуальных дасягненняў, фарміраванне і развіццё асобы), ZipGrade; GoogleКлас для ўзаемадзеяння з бацькамі і навучэнцамі — на рэсурсе размяшчаюцца спасылкі на вучэбныя заняткі і заданні для навучэнцаў, якія знаходзяцца дома па прычыне хваробы; электронныя трэнажоры і праграмы для адпрацоўкі ўменняў і навыкаў), элементы стратэгіі актыўнай ацэнкі.
Адным з найважнейшых такіх элементаў, які непарыўна звязаны з мэтамі ўрока і фарміруе своеасаблівы масток да зваротнай інфармацыі, з’яўляюцца крытэрыі дасягнення мэт — так званы “НаШтоБуЗу”(на што буду звяртаць увагу). Таму для большай матывацыі навучэнцаў і дасягнення пастаўленых у пачатку ўрока мэт настаўніца прагаворвае і прапісвае разам з дзецьмі крытэрыі, якія ўдакладняюць гэтыя мэты і фактычна прадугледжваюць пэўны план дзеянняў на ўроку.
З першых урокаў педагог уводзіць прынцып “непаднімання рукі”. Часцей за ўсё на ўроку працуюць актыўныя дзеці, а сціплыя сядзяць і спадзяюцца, што выклічуць актыўнага. Прынцып “непаднімання рукі” дапамагае настаўніцы лепш кантраляваць, наколькі раўнамерна яна апрошвае ўсіх вучняў, трымае навучэнцаў у актыўным стане, прымушае думаць, бо невядома, каму выпадзе адказваць. Да таго ж, калі Аксана Анатольеўна наўгад выцягвае імя таго, хто будзе адказваць, гэта ўносіць ва ўрок элемент латарэі, гульні і паляпшае атмасферу на ўроку, робіць яе больш нязмушанай і прыемнай для навучання.
Зараз педагог актыўна рыхтуецца да конкурсу, шукае матэрыялы да новага навучальнага года, бо планаў у Аксаны Шукаловіч шмат. Каб разнастаіць і ажывіць заняткі, настаўніца збіраецца больш актыўна прымяняць на ўроках прыёмы візуалізацыі, працягнуць вывучэнне Scratch-праграмавання, а таксама пачаць укараняць знаходкі сінгапурскай методыкі, школы лічбавага фарсайта Інгі Ціханавецкай і элементы тэхналогіі “Інтэлект”.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва педагога