Падтрымка маладых спецыялістаў, новыя праекты, здароўезберагальныя тэхналогіі ў рабоце з дашкольнікамі — тэмы, якія карэспандэнты “Настаўніцкай газеты” абмеркавалі ва ўстановах адукацыі Свіслацкага раёна.
Падтрымка маладых
У гімназіі № 1 імя П.Васіленкі Свіслачы арганізавана сістэма работы з маладымі педагогамі, якая ўключае настаўніцтва, метадычную падтрымку, псіхолага-педагагічнае суправаджэнне.
У новым навучальным годзе ў гімназію прыйшлі два маладыя спецыялісты — настаўніца беларускай мовы Настасся Віннік і настаўніца англійскай мовы Аліна Папіціч. Дзяўчаты скончылі Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. У Свіслачы ім прадастаўлена арэнднае жыллё.

— Для нас важна не проста вучыць, а далучаць, не толькі адаптаваць, а натхняць, не ацэньваць, а падтрымліваць, — адзначае дырэктар гімназіі Святлана Гірэй. — З першых дзён мы суправаджаем маладых спецыялістаў, знаёмім з лакальнымі дакументамі і традыцыямі гімназіі. Імкнёмся стварыць асяроддзе, дзе кожны адчувае сябе значным, патрэбным і пачутым, дзе яго ідэі знойдуць водгук, а памылкі стануць прыступкамі да росту. Мы стараемся стварыць культуру бесперапыннага развіцця і ўзаемнай павагі. Мы давяраем маладым важныя справы, спрыяем таму, каб яны мелі поспех. Нашы маладыя настаўнікі ў гэтым навучальным годзе праявілі свой талент, крэатыўнасць, ініцыятыву пры падрыхтоўцы гімназістаў да ўдзелу ў рэспубліканскіх конкурсах: “Я патрыёт сваёй краіны”, ЮІД, “Энергамарафон”, “Філарэтаўскія чытанні” і інш.
За кожным пачынаючым педагогам замацоўваецца настаўнік, які дапамагае ў адаптацыі, дзеліцца сваім вопытам, ведамі і карпаратыўнай культурай. Вопытны педагог сумесна з маладым распрацоўвае індывідуальную траекторыю настаўніцтва ў форме чэленджа “35 кропак росту”. Кожная кропка — не проста навык, а крок да таго, каб стаць сапраўдным педагогам.
У ліку вопытных настаўніца англійскай мовы Алена Супрун:
— Малады чалавек, які прыходзіць у новы калектыў, — гэта чатыры “Я”: настаўнік-прадметнік, класны кіраўнік, калега, асоба. Менавіта па гэтых напрамках арганізуецца работа педагога-настаўніка па пагружэнні ў педпрафесію. Так, фарміраванне асобы маладога педагога адбываецца праз далучэнне да дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў БРСМ, прафсаюза, “Белай Русі”, БСЖ. Базай для гэтага з’яўляецца гімназічны музей “Адукацыя Свіслацкага раёна”.
На сайце гімназіі ёсць рубрыка “У дапамогу маладому педагогу” з карыснымі матэрыяламі, прысвечанымі праектаванню ўрокаў. Важны складнік — псіхолага-педагагічнае суправаджэнне. Педагог-псіхолаг раз у месяц праводзіць арт-тэрапеўтычныя сустрэчы з моладдзю.
Да новага навучальнага года падрыхтаваліся
— Сярэдняя школа № 2 імя М.П.Масонава Свіслачы да новага навучальнага года падрыхтавалася добра, — расказала дырэктар Наталля Баўфалік. — Акрамя традыцыйных рамонтаў, закупкі мэблі і тэхнікі былі абсталяваны кабінет (мультымедыйны цір) па дапрызыўнай падрыхтоўцы і музейны пакой, прысвечаны 217-й стралковай дывізіі, камандзірам якой быў Герой Савецкага Саюза М.П.Масонаў. На тэрыторыі ўстановы закладзены сад Перамогі, высаджаны 80 яблынь за кошт спонсарскай дапамогі СУП “Ханчыцы-Нёман”, створаны мурал, прысвечаны М.П.Масонаву, і абсталявана лаўка памяці, прысвечаная 80-годдзю Перамогі.
З 2025 года ў школе пачаў функцыянаваць раённы інжынерна-тэхнічны цэнтр, на базе якога праводзяцца вучэбныя і факультатыўныя заняткі прыродазнаўча-матэматычнага цыкла, у тым ліку для інжынерных класаў.
Музей для сяброў
У Дабравольскай сярэдняй школе вялікая ўвага ўдзяляецца экалагічнаму выхаванню, тут больш за 30 гадоў дзейнічае музей лесу. Нагадаем, што на значнай тэрыторыі Свіслацкага раёна знаходзіцца Белавежская пушча.
— Наш музей складаецца з 8 экспазіцый, у якіх налічваецца 568 экспанатаў. Тут шырока прадстаўлена разнастайнасць лесу і свету дзікай прыроды. Створаны калекцыі лекавых траў, горных парод і мінералаў, — расказала дырэктар школы Людміла Петрасян. — Збору экспанатаў садзейнічаюць паходы, экскурсіі, сумесная дзейнасць педагогаў са школьнікамі і іх бацькамі, жыхарамі аграгарадка, работа з рознымі крыніцамі інфармацыі, архіўнымі матэрыяламі і г.д.

Курыруе дзейнасць музея настаўніца хіміі і біялогіі Ірына Амельчанка. Музей з часам пашырыў свае межы. Створана яго выязная версія “Дзверы ў зялёны дом”, віртуальная экскурсія “Музей для сяброў”. Вучні праводзяць экскурсіі для гасцей. Дзесяцікласніца Міраслава Іванюк адзначана дыпломамі I ступені на абласным і заключным этапах Рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў устаноў адукацыі ў 2024 і 2025 гадах.
У Дабравольскай школе працуе абласны цэнтр эфектыўных педагагічных практык па праваслаўным краязнаўстве. З 2013 года рэалізуюцца рэспубліканскія інавацыйныя праекты па духоўна-маральным выхаванні. З 2025 па 2028 год запланаваны ўдзел у новым праекце “Укараненне мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння рэсурсных цэнтраў па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні”.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры школы Зоя Урбановіч разам з вучнямі правяла пошукавую работу па зборы матэрыялаў аб страчанай храмавай архітэктурнай спадчыне Свіслацкага раёна. Яны атрымалі звесткі аб мінулым дзесяці храмаў, стварылі гістарычную экскурсію і міні-інсталяцыю “Здабытае страчанае малой радзімы”, якая на рэспубліканскім этапе патрыятычнай акцыі “Любім Беларусь, ганарымся Беларуссю, падарожнічаем па Беларусі” была ўзнагароджана дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі ў намінацыі “Мая Радзіма ў адным імгненні”. На міжнародным конкурсе “Духоўнае святло” вучні 11 класа Настасся Урбановіч і Арсеній Васіленка адзначаны дыпломамі I ступені ў 2024 і 2025 гадах.
Здароўе дашкольнікаў
Кіраўнік фізічнага выхавання дзіцячага сада № 2 Свіслачы Алена Дульнева расказала пра асаблівасці арганізацыі асноўных форм рухальнай актыўнасці дашкольнікаў: заняткаў фізкультурай у памяшканні і на свежым паветры, штодзённай ранішняй гімнастыкі, прагулак, рухавых гульняў, фізкультхвілінак, актыўнага адпачынку і г.д. У садзе традыцыйна праходзяць дні здароўя, насычаныя рухальнай актыўнасцю, гульнямі, прагулкамі за межы дзіцячага сада: на школьны стадыён, у гарадскі парк, да возера і г.д. У рабоце з дзецьмі Алена Георгіеўна выкарыстоўвае методыку комплекснага ўздзеяння практыкаванняў фітбол-гімнастыкі для развіцця фізічных здольнасцей. Ва ўстанове створаны бацькоўскі клуб “Здаравячок”. Праводзяцца дадатковыя заняткі з дзецьмі.

Кіраўнік фізвыхавання Наталля Бойка ўдзяляе ўвагу і карэкцыйнай дапамозе дзецям з парушэннямі маўлення. Здольнасць навучыцца гаварыць, а затым і чытаць напрамую звязана з узроўнем развіцця пачуцця рытму. У дзяцей з парушэннямі маўлення, як правіла, пакутуе здольнасць да ўспрымання і ўзнаўлення рытму.
Педагог паспяхова апрабавала інавацыйныя здароўезберагальныя тэхналогіі. Адна з іх drums аlive — імітацыя ігры на барабанах, якімі служаць вялікія мячы — фітболы, замацаваныя адметным спосабам, і драўляныя палачкі. Аснову рытмічных практыкаванняў складаюць простыя, але разнастайныя рухі ў адпаведнасці з пэўным рытмам: хада і бег на месцы, крокі ўбок, павароты, нахілы, скачкі, прысяданні, спружынкі і г.д. Гэта простая і ўніверсальная тэхналогія: “барабаніць” могуць усе незалежна ад фізічнай падрыхтоўкі.
Добра сябе зарэкамендавала і тэхналогія body percussion (перкусія цела), калі ўласнае цела выкарыстоўваецца ў якасці інструмента. Тэхніка body percussion дапамагае не проста пачуць, але і адчуць рытм унутры сябе і прайграць яго. Рытмічныя малюнкі выконваюцца на розных частках цела. Напрыклад, тупат нагамі або прытупванне рознай сілы, паляпванні па каленях або плясканні адной ці дзвюма рукамі па бядры, воплескі раскрытымі або сагнутымі лодачкай далонямі, пстрычкі пальцамі, пстрыканне пальцам па шчаках.
Наталля Бойка праводзіць цялесную перкусію з выхаванцамі ў канцы заняткаў, прысвячаючы гэтаму літаральна пару мінут. Пры выкананні практыкаванняў яна звяртае ўвагу на выразнасць рухаў, іх тэмп і рытм, заахвочвае дзяцей вымаўляць тэкст.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





