Якой будзе медыяцыя ў школе?

- 12:36Актуально, Апошнія запісы

Школьная медыяцыя з’явілася ў краіне 6 гадоў назад і вельмі хутка заваявала прыхільнасць не толькі навучэнцаў, але і бацькоў, настаўнікаў. Урэгуляванне і вырашэнне спрэчак мірным шляхам — вельмі важны крок для падтрымання бесканфліктнага асяроддзя ў навучальнай установе. Прыкметна, што стварэнне школьнай сеткі медыятараў дапамагае дзецям не толькі мірна вырашаць канфлікт, але і бачыць яго перадумову, а значыць, фарміруе ў навучэнцаў адэкватнае разуменне праблемы і тое, што яе можна “вылечыць” спакойна, без крыўды і абраз.

Пацвярджэннем таго, што школьнай медыяцыі неабходна развівацца і далей, а колькасць навучальных устаноў, якія падтрымліваюць гэты метад у рабоце з дзецьмі, пашыраць, стала правядзенне круглага стала па тэме “Комплекснае міждысцыплінарнае ўзаемадзеянне дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў у фарміраванні бесканфліктнага адукацыйнага асяроддзя і грамадства”.

На пачатку мерапрыемства міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка і намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу старшыня Беларускага саюза юрыстаў Валерый Вацлававіч Міцкевіч падпісалі пагадненне аб узае­мадзеянні ў сферы развіцця школьнай медыяцыі. Асноўная мэта пагаднення — умацаванне і развіццё супрацоўніцтва ў сферы прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, стварэнне бесканфліктнага адукацыйнага асяроддзя.

Пасля падпісання пагаднення ўдзельнікі круглага стала абмеркавалі далейшыя магчымасці развіцця школьнай медыяцыі, падзяліліся сваім вопытам і прапановамі па ўдасканаленні сістэмы мірнага вырашэння канфліктаў.

Больш за ўсё запытаў ад устаноў адукацыі і бацькоў паступае па магчымасці правядзення медыяцыі па індывідуальных і групавых школьных канфліктах, у тым ліку з удзелам тых дзяцей, якія знаходзяцца ў канфлікце з законам.

“Цэнтр “Медыяцыя і права” на працягу 6 гадоў рэалізуе праект школьнай медыяцыі. У краіне сабраны ўнікальны нацыянальны вопыт па аказанні медыятыўнай дапамогі дзецям, іх бацькам і ўстановам адукацыі.

Мы адразу былі матываваны на стварэнне і развіццё ва ўстановах адукацыі школьных службаў медыя­цыі, якія б маглі прымяняць медыя­цыю і яе падыходы ў рэгуляванні школьных канфліктаў”, — паведаміў пасля падпісання пагаднення з Міністэрствам адукацыі В.В.Міцкевіч.

Перавагай школьнай медыяцыі з’яўляецца тое, што ў вырашэнні спрэчных сітуацый прымаюць удзел дзеці, юныя медыятары. Практыка паказвае, што часам навучэнцы могуць самі больш эфектыўна вырашыць канфлікт, чым калі ў сітуацыю ўмешваюцца дарослыя.

Прадстаўнік саюза юрыстаў адзначыў, што паступова праект школьнай медыяцыі паказаў неабходнасць супрацоўніцтва з камісіяй па справах непаўналетніх і з сацыяльна-педагагічнымі цэнтрамі і ў выніку прывёў да развіцця аднаўленчых практык у адносінах да непаўналетніх.

У кастрычніку мінулага года Саветам па пытаннях прававой судовай дзейнасці пры прэзідэнце была адобрана канцэпцыя ўдасканалення юстыцыі для непаўналетніх, якая разглядае развіццё аднаўленчага падыходу ў правапарушэннях непаўналетніх, у тым ліку на стадыі выканання пакарання.

“Школа выконвае важную ролю ў развіцці дзяцей, іх сацыялізацыі і рэалізацыі ў грамадстве. Канфлікты, якія не знаходзяць канструктыўнага вырашэння ў школе, уплываюць на будучае жыццё дзіцяці. Практычны вопыт паказвае: чым раней пачынаецца работа з канфліктам, тым менш траўматычныя яго наступствы для дзіцяці. Прафілактыку правапарушэнняў трэба пачынаць раней, не даво­дзячы канфлікт да прыняцця прававых мер крымінальнага ці адміністратыўнага характару. Безумоўна, асноўны прафілактычны эфект дае работа з канфліктам у школе”, — выказаў меркаванне В.В.Міцкевіч.

Бяспечнае асяроддзе ў школе

У тым, што Міністэрства адукацыі таксама падтрымлівае ідэі мірнага ўрэгулявання спрэчак ва ўстановах адукацыі, а медыяцыя з’яўляецца адным з самых эфектыўных метадаў канструктыўнага вырашэння канфліктаў, запэўніў міністр адукацыі.

І.В.Карпенка лічыць, што ўдасканаленне нацыянальнай сістэмы адукацыі патрабуе новых падыходаў не толькі ў выкладанні пэўных дысцыплін, але і ва ўдасканаленні працэсу ўзаемадзеяння паміж педагогамі, навучэнцамі і бацькамі. “Сёння, калі стандарты навучання ў школе пабудаваны на прынцыпах дэмакратычных гуманных адносін, мы сустракаемся і з фактамі аўтарытарнага падыходу ў выхаванні і канфліктных сітуацыях, якія актыўна абмяркоўваюцца не толькі ў прафесійнай супольнасці, але і ў грамадстве ў цэлым. З мэтай умацавання супрацоўніцтва ў стварэнні бесканфліктнага адукацыйнага асяроддзя, укаранення новых форм і метадаў медыяцыі, аднаўленчых падыходаў у рабоце спецыялістаў устаноў адукацыі Міністэрства адукацыі прымае пэўныя меры. Год назад пачаў праца­ваць Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі, таксама былі сфарміраваны рэгіянальныя сеткі крызісных псіхолагаў, распрацаваны праект прыкладных этычных правіл педагога, які сёння знаходзіцца ў стадыі грамадскага абмеркавання. У Мінску і Гродзенскай вобласці праходзіць апрабацыю ініцыятыва па адаптацыі і ўкараненні ва ўстановы адукацыі харвацкай мадэ­лі “Бяспечнае падтрымліваючае асяроддзе ў школах”.

Школьная медыяцыя, са слоў міністра, павінна стаць новай формай сацыяльна-псіхалагічнай дапамогі для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў канфліктах ці крызісных сітуацыях.

“Спадзяюся, што медыяцыя пры падтрымцы Міністэрства юстыцыі і саюза юрыстаў стане эфектыўнай тэхналогіяй вырашэння спрэчак ва ўстановах адукацыі з удзелам дзяцей-медыятараў і педагогаў-медыятараў. На жаль, сёння мы бачым не зусім эфектыўную работу псіхолагаў у школе, часцей захапляемся масавасцю даследаванняў і зусім не ўмеем працаваць з дэвіяцыяй, з суіцыдальнымі, проціпраўнымі паво­дзінамі, гвалтам.

У мінулым годзе ў краіне на базе 58 устаноў адукацыі рэалізаваны праекты па стварэнні школьных службаў медыяцыі, якія дазволілі наву­чыць дзяцей і дарослых тым стратэгіям, якія дапамагаюць пераадольваць канфліктныя сітуацыі, знізіць коль­касць школьных канфліктаў, сфарміраваць раўнапраўныя партнёрскія сувязі паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу ў вырашэнні пытанняў выхавання. Лічу, што нам трэба прааналізаваць той вопыт, які ўжо ёсць, і пры неабходнасці падрыхтаваць адпаведную нарматыўную прававую базу, якая дазволіць больш шырока прымяняць формы і метады медыяцыі ў адукацыйным працэсе”, — рэзюмаваў Ігар Карпенка. 

Ігнараванне канфлікту — гэта злачынства

Алег Леанідавіч Сліжэўскі, міністр юстыцыі, справядліва заўважыў, што, на жаль, спрэчкі і канфлікты з’яўляюцца тым кампанентам грамадскага развіцця, ад якога нельга поўнасцю пазбавіцца. Але ігнараваць наяўнасць канфлікту таксама непрадукцыйна, і часта гэта нават з’яўляецца злачынствам, асабліва калі канфлікт адбываецца ў адукацыйным асяроддзі, бо яно фарміруе будучыню нашай краіны.

“Міністэрства юстыцыі право­дзіць значную работу па ўдасканаленні прававога інстытута медыяцыі. З 1 ліпеня ўступіць у сілу закон, які пашырыць законы медыяцыі ў сямейных адносінах, эканамічных спрэчках, — паведаміў міністр юстыцыі. — Што тычыцца канфліктаў з удзелам дзяцей: іх трэба выра­шаць хутка і эфектыўна, каб пазбег­нуць негатыўнага ўплыву на адносіны як у сям’і, так і ў грамадстве. Прафілактыка распаду сям’і дазволіць дзяржаве ў далейшым скараціць расходы на грашовую дапамогу, матэрыяльную падтрымку маламаёмным, няпоўным сем’ям, на работу з цяжкімі дзецьмі, аднаўленне псіхалагічнага здароўя. Гэтыя сродкі будуць накіраваны на эканамічнае развіццё краіны. Думаю, што на школьную медыяцыю зможам паглядзець пад розным вуглом, як на міждысцыплінарны падыход і ў пытаннях захавання сям’і, і ў развіцці аднаўленчага правасуддзя ў адносінах да непаўналетніх”.

Пра ролю школы і сям’і, а таксама пра тое, што менавіта бацькі, а не настаўнікі павінны выхоўваць дзіця і вучыць яго ўзаемадзеянню з грамадствам, у тым ліку дасведчана вырашаць канфлікты, нагадаў старшыня камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Аляксандравіч Марзалюк. Дэпутат прывёў цікавы прыклад: “У школах Аўстраліі вісіць незвычайны і правільны плакат, на якім дакладна размежавана роля школы і сям’і. На ім напісана, што настаўнікі могуць навучыць дзіця чытаць, пісаць, лі­чыць. А паводзіць сябе годна і культурна — гэтаму павінна вучыць сям’я”. Разумны падыход, ці не так?

Наталля САХНО.
Фота аўтара.