Якой будзе Нацыянальная стратэгія да 2035 года: рэкамендацыі экспертаў

- 11:52Інфармацыйная гадзіна

Эксперты падрыхтавалі рэкамендацыі па новай Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на перыяд да 2035 года. Гэта абмяркоўвалася на пасяджэнні грамадскага савета па фарміраванні і маніторынгу стратэгіі ўстойлівага развіцця пры Навукова-даследчым эканамічным інстытуце Міністэрства эканомікі.

Спецыялісты падрыхтавалі праект аналітычнай справаздачы аб рэалізацыі ў 2016—2017 гадах Нацыянальнай стратэгіі да 2030 года. Справаздача прысвечана выкананню яе мэт і задач, а таксама ацэнцы таго, наколькі яны адпавядаюць глабальным МУР. Яна змяшчае ў тым ліку рэкамендацыі па структуры новай стратэгіі да 2035 года, канцэптуальных падыходах, палажэннях і паказчыках, якія мэтазгодна ўключыць у яе.

Мадэль устойлівага развіцця Беларусі

“У НСУР-2035 павінны знайсці адлюстраванне канкрэтныя асаблівасці беларускай мадэлі ўстойлівага развіцця: яе мэтавая накіраванасць, структура, механізмы, элементы”, — лічыць дырэктар НДЭІ Мінэканомікі Віктар Пінігін. Ён падкрэсліў, што пры фарміраванні мэт беларускай мадэлі трэба сумяшчаць глабальныя і нацыянальныя інтарэсы.

У стратэгію да 2030 года ўключана пяць стратэгічных прыярытэтаў, з якіх тры тычацца эканамічных мэт, адзін — сферы чалавечага развіцця і яшчэ адзін — экалогіі. У НСУР-2035 эксперты рэкамендуюць забяспечыць збалансаваную па кампанентах (чалавек, эканоміка, экалогія) пастаноўку мэт і прыярытэтаў устойлівага развіцця краіны. Таксама рэкамендуецца забяспечыць адпаведнасць беларускай мадэлі прынцыпам моцнай устойлівасці, што прадугледжвае зялёны вектар развіцця краіны, максімальнае прымяненне замкнутага выкарыстання рэсурсаў (цыркулярная эканоміка), развіццё “разумных зялёных гарадоў”. Акрамя таго, у ліку рэкамендацый — стварэнне стройнай сістэмы грамадскай і дзяржаўнай галін кіравання ўстойлівым развіццём.

Сацыяльныя пытанні

Вялікую ўвагу эксперты ўдзялілі развіццю чалавечага патэнцыялу і росту якасці жыцця. “У новай стратэгіі да 2035 года ў якасці аднаго з прыярытэтаў трэба вызначыць павышэнне нараджальнасці. Неабходна распрацаваць комплекс дадатковых мер па стварэнні спрыяльных умоў для нараджэння другіх і трэціх дзяцей, а таксама для спалучэння працоўнай дзейнасці з выкананнем сямейных абавязкаў. У якасці аднаго з індыкатараў эфектыўнасці мер па падтрымцы сем’яў з дзецьмі мы прапануем уключыць такі паказчык, як удзельная вага дзяцей, забяспечаных дзяржаўнымі дапамогамі. Яшчэ адна прапанова — распрацаваць комплекс мер па ахове мацярынства”, — адзначыла першы намеснік дырэктара НДЭІ Мінэканомікі па навуковай рабоце Людміла Баравік. Эксперты таксама прапануюць уключыць у НСУР каэфіцыент старэння насельніцтва і распрацаваць меры па зніжэнні дэмаграфічнага дысбалансу.

Людміла Баравік лічыць мэтазгодным унесці ў стратэгію такі паказчык, як колькасць грамадзян, працаўладкаваных на рабочыя месцы за кошт стварэння новых вытворчасцей і прадпрыемстваў. “Прапануем уключыць у НСУР-2035 такія паказчыкі, як узровень занятасці насельніцтва ў працэнтах да працоўных рэсурсаў, узровень агульнага і маладзёжнага беспрацоўя, узровень занятасці жанчын у эканоміцы і працэнтах да іх колькасці ў працаздольным узросце, паказчык долі працуючых у высокатэхналагічным сектары і гэтак далей”, — дадала яна. Эксперты рэкамендуюць удзяліць больш увагі ў стратэгіі мерам па сацыяльнай абароне слабаабароненых катэгорый насельніцтва.

Для характарыстыкі развіцця нацыянальнай адукацыі прапануецца ўвесці новыя паказчыкі — “узровень ахопу дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў дашкольнай адукацыяй” і “доля насельніцтва з вышэйшай адукацыяй”. Асаблівую ўвагу ў НСУР-2035 рэкамендуецца ўдзяліць стварэнню безбар’ернага адукацыйнага асяроддзя для ўсіх.

На думку экспертаў, трэба распрацаваць больш дэталёвыя індыкатары ацэнкі эфектыўнасці рэалізацыі задач у сферы аховы здароўя, якія тычацца даступнасці кваліфікаванай меддапамогі, проціэпідэмічных мерапрыемстваў, кантролю неінфекцыйных захворванняў, прафілактыкі і лячэння залежнасцей.

Навукова-тэхнічны і эканамічны патэнцыял

У стратэгію да 2035 года прапануецца ўнесці такія паказчыкі, як доля высокатэхналагічных вытворчасцей у дабаўленай вартасці апрацоўчай прамысловасці, доля экспарту высока- і сярэднетэхналагічных вытворчасцей высокага ўзроўню ў агульным аб’ёме экспарту. Спецыялісты звярнулі ўвагу на тое, што далейшае развіццё высокатэхналагічнага сектара прамысловасці і павышэнне яго навукаёмістасці патрабуе стварэння і ўкаранення новых бія- і нанатэхналогій, мікраэлектронікі, геннай інжынерыі, лазерна-аптычных тэхналогій і тэхналогій тонкай хіміі, падтрымання высокага ўзроўню традыцыйных прамысловых відаў дзейнасці, асваення і ўкаранення інфармацыйных тэхналогій новага пакалення.

На думку экспертаў, ключавымі напрамкамі і механізмамі развіцця навукова-інавацыйнай сферы ў НСУР-2035 павінны стаць нарошчванне яе патэнцыялу, павелічэнне колькасці работнікаў, стымуляванне развіцця інавацыйнай інфраструктуры (тэхнапаркаў, цэнтраў трансферу тэхналогій, бізнес-інкубатараў, навукаградаў), стварэнне паўнацэннага інстытуцыянальнага асяроддзя для падтрымкі камерцыялізацыі аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, развіццё дзяржаўна-прыватнага партнёрства, інфармацыйнага забеспячэння. У стратэгію прапануецца ўключыць індыкатар “Колькасць даследчыкаў на мільён жыхароў”.

Прыродныя рэсурсы і ахова навакольнага асяроддзя

У НСУР-2035 рэкамендуецца ўнесці такія напрамкі павышэння экалагічнай бяспекі, як рэалізацыя канцэпцыі “разумных гарадоў”, развіццё будаўніцтва энергаэфектыўных жылых дамоў, устойлівае спажыванне і вытворчасць, заснаваныя на сістэмным падыходзе да развіцця экалагічнай стандартызацыі і маркіроўкі, арганізацыі зялёных дзяржзакупак, правядзенні экалагічнага аўдыту. Таксама эксперты лічаць, што ў стратэгіі варта ўдзяліць асаблівую ўвагу эканамічнай матывацыі захавання экалагічнай бяспекі гаспадарчай дзейнасці.

У падраздзеле НСУР-2035 па абыходжанні з адходамі рэкамендуецца ўлічыць такія канцэптуальныя пытанні, як прадухіленне іх утварэння, абыходжанне з хімічнымі рэчывамі, прыярытэтнасць вырашэння праблемы з пластыкавымі адходамі.

Стратэгія ўстойлівага прасторавага развіцця

Эксперты прапануюць адлюстраваць у НСУР-2035 распрацоўку сучаснай мадэлі беларускай вёскі, заснаванай на прынцыпах устойлівага развіцця. Яны таксама лічаць мэтазгодным унесці ў стратэгію распрацоўку і ажыццяўленне палітыкі, накіраванай на павышэнне пазітыўнага іміджу сельскага жыцця і прэстыжнасці пражывання ў вёсцы.

На думку спецыялістаў, НСУР-2035 павінна сарыентаваць рэгіянальныя і мясцовыя органы ўлады на актыўнае ўкараненне ў работу па ўстойлівым развіцці тэрыторый сучасных падыходаў, заснаваных на міждысцыплінарных даследаваннях і міжсектарным партнёрстве. Адным з напрамкаў рэалізацыі такога падыходу можа быць развіццё на аснове мясцовых брэндаў.

Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва

Для развіцця МСП прапануецца ўключыць у стратэгію такія напрамкі, як прэферэнцыйная падтрымка прадпрымальніцтва і навуковай, інавацыйнай і ІТ-сферы, стымуляванне стварэння высокапрадукцыйных рабочых месцаў, спецыялізаваная падтрымка асобных сектараў, стварэнне экалагічна бяспечных і энергазберагальных вытворчасцей, забеспячэнне мінімізацыі затрат на адкрыццё бізнесу, стварэнне электроннай інфраструктуры.

Аналітычную справаздачу аб рэалізацыі ў 2016—2017 гадах Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на перыяд да 2035 года плануецца дапрацаваць і апублікаваць да канца верасня.