Якой будзе сёлета прыёмная кампанія ва ўстановы прафесійна­-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі

- 12:04Компетентно, Образование

Якой будзе сёлета прыёмная кампанія ва ўстановы прафесійна­тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік упраўлення прафесійна­-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі галіновага міністэрства Аляксандра Пятрова.

Аляксандра Мікалаеўна, сёння рынак працы вельмі зацікаўлены ў кваліфікаваных рабочых і спецыялістах сярэдняга звяна. Наколькі прафесійная падрыхтоўка ў нашых установах адпавядае патрабаванням работадаўцаў?

— У нашых каледжах створаны ўсе ўмовы для набыцця прафесійных кампетэнцый, неабходных будучым выпускнікам з улікам тых запатрабаванняў, якія прад’яўляе нам сацыяльна-эканамічны комплекс. Выдатным прыкладам удасканалення прафесійнай падрыхтоўкі, фарміравання яе сучаснага зместу з’яўляецца паспяховае функцыянаванне ў сістэме прафесійнай адукацыі 52 цэнтраў кампетэнцый, дзе сканцэнтравана высокатэхналагічнае абсталяванне, даступнае для ўсіх профільных устаноў адукацыі краіны. На працягу навучальнага года ў рамках сеткавага ўзаемадзеяння ў цэнтрах кампетэнцый праходзяць навучанне каля 30 тысяч навучэнцаў устаноў ПТА, ССА, студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, работнікаў прадпрыемстваў. Актыўна абнаўляецца змест адукацыйных праграм. Да распрацоўкі адукацыйных стандартаў прыцягваюцца спецыялісты рэальнага сектара эканомікі. Яны ўдзель­нічаюць і ў выніковай атэстацыі выпускнікоў устаноў прафесійнай адукацыі — увахо­дзяць у склад дзяржаўных кваліфікацыйных камісій. Значную частку прафесійнай падрыхтоўкі на ўзроўнях сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі займае практычнае навучанне, якое праходзіць у тым ліку непасрэдна на вытворчасці.

— Гэта прадвызначае неабходнасць мэтавай падрыхтоўкі?

— Так. Калі будучы навучэнец выбірае траекторыю паступлення на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, то такім чынам ён робіць свядомы выбар не толькі спецыяльнасці, але і той арга­нізацыі, у якую ён будзе накіраваны пасля заканчэння ўстановы прафесійнай адукацыі. А гэта вельмі важна для яго далейшага прафесійнага шляху. Змест навучання ў рамках мэтавай падрыхтоўкі, асабліва ў частцы праходжання практыкі, бу­дзе скарэкціраваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі канкрэтнага работадаўца. На ўзроўні сярэдняй спецыяль­най адукацыі ў інтарэсах заказчыка кадраў і пры яго ўдзеле можна будзе вызначыць тэму і змест курсавых і дыпломных праектаў.

Акрамя таго, многія арганізацыі, якія заключаюць дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы з выпускнікамі школ, прадугледжваюць у далейшым дадатковыя бонусы для паспяваючых навучэнцаў.

— Якія планы прыёму ва ўстановы ССА ў лічбавым эквіваленце? Ці ёсць змяненні ў параўнанні з мінулым годам?

— План прыёму ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі на 2024 год сфарміраваны на ўзроўні плана прыёму 2023 года, але з некаторай карэкціроўкай аб’ёму і структуры прыёму для падрыхтоўкі спецыялістаў у залежнасці ад запатрабаванняў эканомікі. Будзе скарочаны аб’ём падрыхтоўкі на платнай аснове. Калі прадстаўляць сёлетнюю прыёмную кампанію ва ўстановы ССА ў лічбах, то ў гэтым годзе для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі плануецца прыняць 39 300 чалавек. Гэта складзе 100,6% да факта прыёму 2023 года, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту — 29 тысяч чалавек (106,7%). Для атрымання адукацыі ў дзённай форме навучання плануецца залічыць 27 500 чалавек (107,6% да факта мінулага года), у тым ліку на аснове агульнай базавай адукацыі — 19,9 тысячы чалавек (у 2023 годзе — 17,3 тысячы). На аснове агульнай сярэдняй адукацыі — 6,8 тысячы чалавек (у 2023 годзе — 7 тысяч). На завочную форму навучання плануецца прыняць 1,2 тысячы чалавек (92,3% да факта мінулага года). З улікам прыёму па спецыяльнасцях напрамку “Сельская гаспадарка” — 1,6 тысячы чалавек (95,2%). На платнае навучанне плануецца прыняць 10,2 тысячы чалавек, што складае 86,5% да факта прыёму 2023 года, у тым ліку на дзённую форму атрымання адукацыі — 7,2 тысячы чалавек (83,3% да факта мінулага года), на завочную форму — 3 тысячы чалавек (94,0% да факта мінулага года).

— Наколькі зменена структура падрыхтоўкі кадраў на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі?

— Структура ўвесь час удасканальваецца. У гэтым годзе будзе ажыццяўляцца прыём па новых для краіны спецыяльнасцях сярэдняй спецыяльнай адукацыі: “Тэхнічная эксплуатацыя мехатронных сістэм электроннай вытворчасці”, “Вытворчасць вырабаў мікра- і нанаэлектронікі” з прысваеннем кваліфікацыі “вымяральнік электрафізічных параметраў вырабаў электроннай тэхнікі 5-га разраду” — у Мінскім каледжы лічбавых тэхналогій; “Эксплуатацыя сродкаў вымярэння” — у філіяле “Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе” РІПА; “Лабараторны аналіз” — у Гомельскім хіміка-тэхналагічным каледжы. У цэлым па краіне 16 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі пашырылі пералік спецыяльнасцей, па якіх будуць ажыццяўляць падрыхтоўку. Іх колькасць складае 17 спецыяльнасцей. На 4,6% павялічыўся прыём на аснове агульнай базавай адукацыі.

Найбольшы набор на навучанне за кошт сродкаў бюджэту на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі плануецца па такіх профілях адукацыі, як “Інжынерныя, апрацоўчыя і будаўнічыя галіны”, “Бізнес, кіраванне і права”, “Ахова здароўя і сацыяльная абарона”, “Сельская, лясная, рыбная гаспадарка і ветэрынарыя”, “Педагогіка”. Прыём ва ўстановы ССА бу­дзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з Правіламі прыёму асоб для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі, зацверджанымі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеня 2022 года № 23. Цяпер Міністэрства адукацыі вызначае дакладныя тэрміны правядзення прыёмнай кампаніі ў 2024 годзе на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Прыблізна яна адбудзецца з 20 ліпеня па 15 жніўня.

— Ці чакаюцца змяненні ў структуры прыёму для атрымання ПТА?

— Значных змяненняў не чакаецца. У структуры прыёму на ўзровень ПТА лідзіруюць такія профілі адукацыі, як “Інжынерныя, апрацоўчыя і будаўнічыя галіны” (больш за 70%), “Сельская, лясная, рыбная гаспадарка і ветэрынарыя” (больш за 13%). Спецыяльнасці рэальнага сектара эканомікі ў структуры падрыхтоўкі складаюць каля 75%. У мэтах гнуткага рэагавання на зменлівыя запатрабаванні рэгіянальных рынкаў працы штогод удасканальваецца структура падрыхтоўкі на ўзроўні ПТА. Так, у 2024 годзе спынены (прыпынены) прыём па 86 незапатрабаваных кваліфікацыях і адкрыта падрыхтоўка па 149 (у 2022 годзе — па 121) новых кваліфікацыях для асобных устаноў адукацыі. Адкрыта падрыхтоўка па дзвюх новых кваліфікацыях, па якіх раней у краіне падрыхтоўка не вялася. Гэта кваліфікацыя “фларыст” для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Мінскім каледжы рамесніцтва і дызайну імя М.А.Кедышкі, “буфетчык” — у Мінскім механіка-тэхналагічным каледжы.

— Якія меры прымае галіновае міністэрства, каб стварыць найбольш аптымальныя ўмовы для паступлення?

— Для забеспячэння выканання плана прыёму на гэты год Міністэрствам адукацыі сумесна з зацікаўленымі праведзены комплекс мерапрыемстваў, якія дазваляюць стварыць неабходныя ўмовы для паступлення на спецыяльнасці сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Залічэнне абітурыентаў ажыццяўляецца па конкурсе на аснове сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. Уведзена магчымасць ажыццяўлення дадатковага набору на месцы, вызначаныя кантрольнымі лічбамі прыёму для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі, і на тыя, якія засталіся вакантнымі пасля залічэння абітурыентаў. Захоўваецца магчымасць працягу прыёму на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі да 15 верасня ў асобных установах адукацыі, дзе вучэбныя групы цалкам не ўкамплектаваны. У гэтым годзе таксама будзе магчымасць павелічэння кантрольных лічбаў прыёму па найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцях прафесійна-тэхнічнай адукацыі на дзённую форму навучання ў тым выпадку, калі ад работадаўцаў паступіць інфармацыя аб узнікненні дадатковай патрэбнасці ў пэўных кадрах. У мінулым годзе колькасць месцаў па запатрабаваных спецыяльнасцях была павялічана на паўтысячы.

З улікам заяўленай патрэбнасці ў маладых спецыялістах, рабочых, служачых, а таксама вынікаў размеркавання выпускнікоў, выканання плана прыёму ў 2023 годзе, прагнознага павелічэння колькасці выпускнікоў 9-х і 11-х класаў Міністэрства адукацыі фарміруе праекты кантрольных лічбаў прыёму для атрымання ПТА на 2024 год. Пры гэтым плануецца павялічыць прыём на аснове агульнай базавай адукацыі, каб забяспечыць эканоміку рэгіёнаў запатрабаванымі спецыялістамі. На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі прыём будзе ажыццяўляцца толькі на бюджэтнай аснове.

Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА