Яму праца — у радасць

- 11:19Адукацыйная прастора

Магілёўскае настаўніцтва — гэта таленавітыя, творчыя, па-сапраўднаму ўлюбёныя ў сваю прафесію людзі. Усюды педагогі імкнуцца да павышэння якасці адукацыі, паляпшэння свайго прафесійнага ўзроўню. Асабліва шчыруюць у гэтай справе члены абласнога клуба KLUM.by.

Прадстаўнікі аб’яднання не толькі самі пастаянна займаюцца ўдасканаленнем педагагічнага майстэрства, але і матывуюць да гэтага калег. І гэта нядзіўна, бо KLUM.by — суполка педагогаў — удзельнікаў абласнога конкурсу “Настаўнік года”.

— Педагогі — удзельнікі абласнога конкурсу “Настаўнік года” — гэта яшчэ і яркія творчыя асобы. Калі конкурсныя фанфары адгучалі і пачаліся працоўныя будні, педагогу нельга страчваць атмасферу творчага пошуку. Менавіта таму ўзнікла ідэя стварэння абласнога клуба KLUM.by. Дзейнасць аб’яднання галоўным чынам накіравана на актывізацыю прафесійнага патэнцыялу саміх яго членаў у пасляконкурсны перыяд, — расказала начальнік аддзела арганізатараў адукацыі і педагагічнага працэсу МДАІРА Святлана Селязнёва.

Зараз KLUM.by аб’ядноўвае больш як 30 педагогаў з розных раёнаў вобласці. Яны лепшыя ў сваім профілі. У клуба шмат напрамкаў дзейнасці, накіраваных на трансляцыю і распаўсюджванне эфектыўнага педагагічнага вопыту па павышэнні якасці рэгіянальнай адукацыі. Толькі за мінулы навучальны год педагагічны склад KLUM.by арганізаваў каля 20 майстар-класаў на абласных канферэнцыях і семінарах. Таксама педагогі праводзяць практычныя заняткі на курсах павышэння кваліфікацыі педагогаў у абласным інстытуце развіцця адукацыі.

Адна з найбольш значных ініцыятыў удзельнікаў клуба — усебаковая работа з маладымі педагогамі. Так, пад эгідай творчай каманды KLUM.by і пры яе актыўным удзеле ўжо двойчы праводзіўся фестываль маладых настаўнікаў. Немалую ролю члены аб’яднання адводзяць і метадычнай падтрымцы моладзі. Усё гэта не толькі дапамагае сарыентаваць моладзь на актыўную работу, але і захоўвае традыцыю пераемнасці кампетэнтнасці і зладжанасці ў адукацыйным працэсе. Рэальнае пацвярджэнне гэтага — работа настаўніка геаграфіі Мяжысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Андрэя Трэя.

Андрэю Айвавічу 26 гадоў. Яго працоўны стаж у прафесіі — 4 гады. Некалі ініцыятыўны малады спецыяліст вырашыў паспрабаваць сябе ў маладзёжным педагагічным фестывалі. Захопленасць Андрэя Трэя прафесіяй заўважылі больш дасведчаныя калегі з клуба KLUM.by. Так Андрэй Айвавіч атрымаў кампетэнтную падтрымку ва ўсіх сваіх пачынаннях.

Сёння Андрэй Трэй сам уваходзіць у склад KLUM.by. Больш за тое, ён стаў удзельнікам заключнага этапу конкурсу “Настаўнік года” і з’яўляецца членам рэспубліканскага педагагічнага клуба “Крыштальны журавель”.

— Мне заўсёды шанцавала на настаўнікаў. Яшчэ ў школе ў мяне былі цудоўныя педагогі, з якіх хацелася браць прыклад. Менавіта школьныя настаўнікі геаграфіі Алена Уладзіміраўна Шаблоўская і Алена Уладзіміраўна Бугаёва захапілі мяне гэтай займальнай навукай. Пад іх кіраўніцтвам удзельнічаў у розных конкурсах і алімпіядах. У выпускным класе стаў пераможцам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, — расказвае пра сябе Андрэй Айвавіч.

Пераможны дыплом рэспубліканскай алімпіяды забяспечваў выпускніку Андрэю Трэю пазаконкурснае паступленне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на любую геаграфічную спецыяльнасць. Пералік прафесій перад ім быў шырокі, але Андрэй Айвавіч вырашыў звязаць разам геаграфію і педагогіку. Нягледзячы на тое, што ў іх сям’і раней не было педагогаў, бацькі выбар сына падтрымалі.

— Гэта была менавіта тая справа, якой мне хацелася займацца. Хацелася не толькі самому вывучаць геаграфію, але і знаёміць з гэтай цікавай навукай іншых. Вялікую падтрымку падчас паступлення я атрымаў ад мамы. Яна бачыла ўва мне патэнцыял ужо са школы і верыла, што я стану добрым педагогам, — падзяліўся ўспамінамі Андрэй Айвавіч.

Адукацыю ён працягнуў на факультэце прыродазнаўства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. Студэнцкія гады праляцелі нібы адно імгненне, бо былі насычаны падзеямі. Андрэй Трэй пастаянна прымаў удзел у розных універсітэцкіх мерапрыемствах. Але на вучобу не забываўся. Старанне да максімальнага авалодання педагагічным майстэрствам прынесла адпаведны вынік. Пасля заканчэння ўніверсітэта Андрэй Айвавіч атрымаў дыплом з адзнакай, а пасля з ахвотай накіраваўся па размеркаванні ў Мяжысецкую сярэднюю школу Магілёўскага раёна.

— Прыступіўшы да сваіх службовых абавязкаў, я зразумеў: з выбарам прафесіі не памыліўся. Поўная самаадданасць любімай справе — мая галоўная ўстаноўка, якая ў любых сітуацыях застаецца нязменнай. І сёння, калі мой прафесійны стаж настаўніка вымяраецца ўжо чатырма гадамі, павярні час назад — я ўсё роўна выбраў бы дарогу педагога, таму што любімая праца прыносіць толькі радасць, — кажа Андрэй Айвавіч.

У Мяжысецкай школе ён адбыўся як педагог, змог рэалізаваць свой настаўніцкі патэнцыял. Спачатку яго прафесійнаму станаўленню вельмі дапамог педагагічны калектыў школы. Акрамя падтрымкі з боку калег, прафесійнаму росту маладога настаўніка спрыяла і асабістае імкненне.

— Калі бярэшся за нешта, рабіць гэта трэба якасна і добрасумленна. Толькі так атрымаецца дасягнуць поспеху, — упэўнены суразмоўнік.

Свае ўрокі Андрэй Трэй будуе так, каб на іх было цікава кожнаму вучню. А яшчэ ён перакананы, што любыя атрыманыя чалавекам веды не павінны застацца мёртвым грузам у яго галаве. Іх неабходна выкарыстоўваць у канкрэтных жыццёвых сітуацыях. Таму галоўнае на занятках гэтага педагога — кампетэнтнасны падыход. Андрэй Айвавіч не проста дае вучням веды. Ён вучыць іх уменню прымяняць атрыманыя навыкі ў рэальнасці. Такі метад дазваляе дзецям зразумець, што геаграфія акружае іх усюды ў штодзённым жыцці.

— Геаграфія — своеасаблівы мост паміж прыродай і грамадствам. Гэта навука, якая ахоплівае многія бакі жыцця, таму я заўсёды імкнуся зрабіць свае заняткі максімальна займальнымі для навучэнцаў, — адзначае Андрэй Трэй.

На яго думку, цікавасць вучняў да прадмета напрамую залежыць ад настаўніка. Таму на ўроках ён умела камбінуе сучасныя педагагічныя тэхналогіі і традыцыйныя методыкі навучання. Не менш важная і практычная накіраванасць заняткаў.

— Вывучаючы тую ці іншую тэму, навучэнцы павінны выразна ўсведамляць, для чаго яны гэта робяць, дзе ў далейшым ім спатрэбяцца атрыманыя веды, — лічыць Андрэй Айвавіч.

Андрэй Трэй шырока выкарыстоўвае на занятках мультымедыйныя, інфармацыйныя тэхналогіі, тэхналогію праблемнага навучання, што дазваляе развіваць інтэлектуальныя здольнасці вучняў, пашыраць іх веды па прадмеце.

— Кожны ўрок прадумваю такім чынам, каб падчас яго дзеці абавязкова даведаліся нешта новае і цікавае. Я не баюся эксперыментаваць, выкарыстоўваць розныя методыкі выкладання, улічваючы індывідуальныя і ўзроставыя асаблівасці вучняў. Разам з тым цалкам перакананы: калі настаўнік выдатна валодае прадметам, ведае, пра што гаворыць, то любая методыка дадасца. Упэўнены, што трэба вучыць на занятках не ўсіх дзяцей разам, а кожнага паасобку. Аднаго зацікавіць, другога падштурхнуць, трэцяга прымусіць. Менавіта гэта залог эфектыўнага навучання. Я заўсёды прыходжу да дзяцей, грунтоўна падрыхтаваўшыся, знайшоўшы для кожнага асобнага класа свой падыход, — адзначыў Андрэй Айвавіч.

Малады педагог стараецца, каб кожныя заняткі, кожная разабраная тэма знайшлі водгук у душы вучняў. Для гэтага імкнецца стварыць у класе камфортную вучэбна-пазнавальную атмасферу. Усе вучні для Андрэя Айвавіча ўнікальныя. Ён шукае іх моцныя бакі, іх таленты, якія стараецца накіраваць у патрэбнае рэчышча. Андрэй Трэй дае ўсім дзецям шанс паверыць у свой поспех, у тое, што ў іх усё атрымаецца. Свае ўрокі ён будуе на супрацоўніцтве і сутворчасці, што дапамагае максімальна раскрыць патэнцыял кожнага вучня. Не забывае і пра фарміраванне ў навучэнцаў жадання вучыцца самастойна.

— Я вучу дзяцей вучыцца, вучу іх уменню самім здабываць веды, матывую на дасягненне новых вышынь. Але ў той жа час ніколі не дакараю за промахі і памылкі. Памыляюцца ўсе, галоўнае — засвоіць урок, умець аб’ектыўна ацаніць сваю дзейнасць, выявіць недапрацоўкі, — упэўнены настаўнік.

Гэты прынцып педагог выкарыстоўвае і ў падрыхтоўцы дзяцей да алімпіяд і конкурсаў. Не заўсёды ўсё атрымліваецца з першага разу, часам неабходна выдаткаваць больш намаганняў.

— Вядома, я настройваю дзяцей на поспех. Але для мяне важна, каб, удзельнічаючы ў алімпіядах і конкурсах, вучні атрымлівалі ад гэтага задавальненне, каб ім гэты працэс быў у радасць. Галоўнае ж не выніковасць удзелу дзяцей у алімпіядах, а іх зацікаўленасць геаграфіяй, — падкрэслівае Андрэй Айвавіч.

Раскрыццю талентаў адораных навучэнцаў Андрэй Трэй адводзіць значнае месца ў сваёй рабоце. Да ўдзелу ў алімпіядным і конкурсным руху ён рыхтуе вучняў з дапамогай актыўных метадаў навучання. Спецыяльна для гэтага самастойна распрацаваў адпаведныя электронныя дапаможнікі.

— Выкарыстанне актыўных метадаў навучання дапамагае вырашыць тры задачы: перанесці частку нагрузкі падчас заняткаў з педагога на навучэнца, размеркаваць адказнасць за канчатковы вынік паміж навучэнцамі і педагогам у роўнай ступені і павысіць выніковасць адукацыі. Вялікае значэнне мае і тое, што я сам неаднаразовы ўдзельнік алімпіяднага руху. Як кажуць, “былых алімпіяднікаў не бывае”, таму стараюся перадаць свой вопыт маладому пакаленню, — гаворыць Андрэй Айвавіч.

Усебаковая падтрымка настаўніка сваіх вучняў прыносіць станоўчы вынік. Навучэнцы Андрэя Айвавіча паспяхова выступаюць на розных этапах Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, Рэспубліканскім конкурсе даследчых работ па гэтым школьным прадмеце. У 2017 годзе на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды навучэнец тады 7 класа Іван Зайцаў быў узнагароджаны спецыяльным прызам як самы малады ўдзельнік, які набраў высокую колькасць балаў. Акрамя таго, сёлета Іван стаў пераможцам адборачнага і суперфіналістам заключнага тура рэспубліканскага тэлевізійнага праекта “Я ведаю”.

Нягледзячы на маладосць, Андрэй Трэй ужо выпрацаваў уласную сістэму эфектыўнай педагагічнай дзейнасці. Але ў прафесійным развіцці ён не спыняецца: актыўна ўдзельнічае ў грамадскім педагагічным жыцці, конкурсах і мерапрыемствах, выступае з майстар-класамі для калег, выкладае геаграфію для адораных навучэнцаў у абласным профільным аздараўленчым летніку “Алімпіец”. Мэтанакіравана ён ішоў і да таго, каб паўдзельнічаць у конкурсе “Настаўнік года”. Рыхтаваўся да конкурснай барацьбы карпатліва і старанна, таму і выступіў адпаведна. Нягледзячы на трохгадовы ў той час педагагічны стаж, Андрэй Трэй атрымаў упэўненую перамогу ў сваёй намінацыі на вобласці, годна выступіў на рэспубліканскім узроўні.

— Удзел у конкурсе стаў для мяне значнай падзеяй. На заключным этапе я быў адным з самых маладых удзельнікаў. Усе конкурсныя туры дазволілі не толькі набыць новы вопыт, але і прааналізаваць, што для мяне ў педагогіцы галоўнае, а што другаснае. Я вызначыў далейшыя шляхі росту для сябе як настаўніка і проста чалавека, — расказаў Андрэй Айвавіч.

…За чатыры гады настаўніцкай працы Андрэй Трэй дасягнуў многага. Але ў прафесійным удасканаленні спыняцца не збіраецца, бо перакананы: галоўныя працоўныя дасягненні яшчэ наперадзе.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Андрэя ТРЭЯ.