Яна аддала сваё сэрца сіротам

- 10:41Навіны рэгіёнаў

Сапраўдны настаўнік нагадвае маці ці бацьку. Не толькі таму, што становіцца блізкім для дзяцей, а яшчэ і таму, што дасягненні вучняў робяць яго па-сапраўднаму шчаслівым.

А што, калі настаўнік і бацькі — у адной асобе? Юнакам і дзяўчатам, якія прайшлі шлях сіроцтва, гэта добра вядома.
…Святкуецца цудоўнае свята — Дзень настаўніка. У перапоўненай зале сабраліся педагогі самых розных устаноў, маладыя, якія толькі пачынаюць шлях, і ветэраны працы, за плячыма якіх шматгадовы вопыт і сотні ўдзячных выпускнікоў. Пад гукі музыкі на сцэну запрашаюць Валянціну Яўгенаўну Няволіну і Анатоля Віктаравіча Літошку. У мінулым — настаўніца і выхаванец, сёння — ветэран педагагічнай працы і дырэктар адной са школ Гомеля. Ці застаўся ў зале ўмяшчальнасцю больш як чатырыста чалавек хто-небудь, па чыім целе ў гэты момант не прабеглі дрыжыкі? Чуллівая гісторыя пра тое, як вядзе чалавека па жыцці непрадказальны лёс.
Валянціна Яўгенаўна больш за 20 гадоў аддала Рэчыцкай школе-інтэрнату для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. На пасаду дырэктара гэтай установы яна прыйшла ў далёкім 1994 годзе — даволі няпросты час для краіны. Але ўсе эканамічныя пытанні Валянціна Няволіна паставіла на другое месца, вырашыла, што перш за ўсё павінна думаць пра дзяцей, для якіх яна не проста дырэктар школы-інтэрната, а блізкі чалавек, іх надзея і апора.
Кожнае дзіця павінна жыць і выхоўвацца ў сям’і — вось што стала дэвізам, галоўным кірункам і галоўнай мэтай у рабоце калектыву. Выхаванцы школы-інтэрната — дзеці і падлеткі, якія па розных прычынах трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, і ўсе яны маюць патрэбу ў асаблівай увазе і клопаце дарослых. Вельмі турбавала сацыяльнае сіроцтва, калі пры жывых бацьках малому няма да каго прыхіліць галаву, таму адміністрацыя і педагогі ўстановы рабілі ўсё магчымае, каб выхаванцы вярнуліся ў родныя сем’і, садзейнічалі бацькам у аднаўленні іх бацькоўскіх правоў. А калі гэта было немагчыма, шукалі прыёмныя сем’і, у якіх дзеці маглі б адчуваць сябе абароненымі.
Працаваць з дзецьмі нялёгка ўвогуле, а ў такой незвычайнай школе, дзе амаль немагчыма аддзяліць вучобу ад астатняга дзіцячага жыцця, — складаней удвая. “Дзяцей, якія вучацца ў нас, можна назваць цяжкімі, — прызнавалася неяк Валянціна Яўгенаўна. — Пэўны час яны былі прадастаўлены самі сабе, а таму ім бывае складана адаптавацца. Нашы педагогі не проста вучаць іх розным дысцыплінам, але і даюць уяўленне пра жыццё, раскрываюць тонкасці чалавечых зносін, вучаць разумець і чуць іншых”.
Важную ролю для юнакоў і дзяўчат школы-інтэрната адыграла так званая мадэль адкрытай выхаваўчай сістэмы, якую тут старанна развівалі апошні дзясятак гадоў. Сутнасць такой мадэлі заключаецца ў цесным кантакце выхаванцаў са знешнім асяроддзем. Самае простае рашэнне — удзел дзяцей у раённых і абласных спаборніцтвах і мерапрыемствах. Так яны знаёмяцца з новымі людзьмі, знаходзяць сабе сяброў па-за сценамі школы-інтэрната, паказваюць свае таленты і ўменні і, дарэчы, нярэдка бяруць прызавыя месцы ў спаборніцтвах. А яшчэ выхаванцы Валянціны Яўгенаўны штогод адпраўляліся ў Італію і Германію па аздараўленчай праграме, у многіх завязаліся сапраўдныя сяброўскія адносіны як з замежнымі равеснікамі, так і з сем’ямі, якія прымалі іх на адпачынак. І ўсё гэта — дзякуючы клопату дырэктара і каманды неабыякавых педагогаў.
Сёння аб Рэчыцкай школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, мы гаворым у мінулым часе. Апошні званок у маі стаў апошнім не толькі ў навучальным годзе, але і ў 59-гадовай гісторыі ўстановы. Гэты навучальны год былыя падапечныя Валянціны Няволінай сустрэлі ўжо ў дамах сямейнага тыпу, прыёмных і апякунскіх сем’ях. Уладкаваўшы сваіх выхаванцаў, Валянціна Яўгенаўна са спакойным і чыстым сэрцам пайшла на заслужаны адпачынак. На апошняй сустрэчы яна прызналася, што ёй крыху сумна, бо ў гэтай школе больш не празвініць званок. “Не адна тысяча дзяцей, якія сталі выдатнымі людзьмі, выхоўвалася тут. Спадзяюся, што і вы выбераце правільны шлях у жыцці, а мы будзем вамі ганарыцца”, — давала наказ сваім выхаванцам дырэктар.
Сапраўды, за час існавання школы-інтэрната педагогі і выхавальнікі вырасцілі шмат добрых і шчырых людзей, якія сталі настаўнікамі, урачамі, эканамістамі, юрыстамі, вайскоўцамі… Сама Валянціна Яўгенаўна за гады работы ва ўстанове адправіла ў дарослае жыццё 460 выпускнікоў, большасць з якіх атрымалі добрую адукацыю, стварылі сем’і і выхоўваюць дзяцей. Адзін з іх — Анатоль Літошка, якому выпаў гонар у святочны для педагагічнай грамадскасці дзень уручыць былому дырэктару ўзнагароду ў намінацыі “Сэрца аддаю дзецям”.
“У 2011 годзе школа-інтэрнат адзначала 55-годдзе, — расказвае былы выпускнік. — На юбілей сабраліся больш як сто былых выхаванцаў. Кожны з нас выбраў свой шлях. Але, ведаеце, калі Валянціна Яўгенаўна папрасіла адгукнуцца тых, хто пайшоў у адукацыйную сферу, дзясяткі рук узняліся ўгору. І гэта простая заканамернасць: у нас быў добры прыклад — нашы настаўнікі”.
Заслугі Валянціны Няволінай адзначаны шматлікімі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і мясцовых органаў улады, а таксама нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Але, як гаворыць сама Валянціна Яўгенаўна, галоўная яе ўзнагарода — гэта шчаслівыя дзеці, якія з цеплынёй у сэрцы ўспамінаюць сваіх педагогаў.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.