Яна, як тая геаграфія, шматгранная, таму заўсёды цікавая

Гавораць, цікавасць да прадмета пачынаецца з настаўніка. Цікавасць — шматгранны феномен, але тое, што яна фарміруецца пад уплывам і ў пэўнай атмасферы, — гэта факт. Таму настаўнік, які здольны ствараць патрэбную атмасферу, непасрэдна ўплывае на з’яўленне і падтрымку цікавасці. Настаўніца геаграфіі гімназіі № 3 Магілёва Таццяна Паўлаўна Амялькова якраз і ёсць такі педагог.

У магілёўскай гімназіі Таццяна Паўлаўна працуе з 1995 года. Як адзначаюць калегі, яна тая настаўніца, якая ўмее не толькі зацікавіць прадметам, але і стварыць на ўроках атмасферу добразычлівасці, высокай матывацыі да навучання, узаемаразумення і супрацоўніцтва. Значную ўвагу ўдзяляе фарміраванню ў навучэнцаў такіх светапоглядных якасцей, як разуменне ўзаемадзеяння прыроды і грамадства на сучасным этапе яго развіцця, значэнне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага прыродакарыстання.

Нароўні з традыцыйнымі ўрокамі практыкуе правядзенне нестандарт­ных, якія павышаюць пазнавальную і творчую актыўнасць навучэнцаў. У яе метадычным арсенале ёсць урок-гульня, урок-даследаванне, урок-падарожжа і інш., карыстаецца метадам праектаў, што развівае даследчыя навыкі навучэнцаў. За час работы зарэкамендавала сябе як добры спецыяліст, які дасягае стабільных вынікаў у навучанні: сярэдні бал паспяховасці па класах, дзе яна настаўнічае, складае 8,3.

Асобнае месца ў педагагічнай дзейнасці Таццяны Паўлаўны займае работа з адоранымі дзецьмі. Самых здольных і таленавітых настаўніца рыхтуе да алімпіяд і інтэлектуальных конкурсаў. Гэтая дзейнасць таксама мае плён: яе навучэнцы на працягу шэрага гадоў станавіліся пераможцамі гарадскіх і абласных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі.

Асобна хочацца раска­заць пра навучэнца гімназіі Паўла Стульнікава, які сваімі перамогамі праславіў не толькі сваіх настаўніцу і гімназію, але і краіну. Усё пачалося ў 9 класе, калі Павел трапіў на гарадскую алімпіяду па геаграфіі. Таццяна Паўлаўна дапамагла хлопцу не толькі падрыхтавацца, але і паверыць у сябе і свае сілы, паказала, што геаграфія вучыць думаць аналітычна, разумець узаемасувязі прыроды і чалавека, наколькі яна актуальная ў сучасным свеце.

У 2016 годзе Павел Стульнікаў стаў пераможцам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Геаграфія” (дыплом III ступені). У 2017 годзе атрымаў дыплом I ступені трэцяга і дыплом II ступені заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды.

А ў чэрвені 2017 года Павел прыняў удзел у IV Міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе школьнікаў краін Балтыйскага рэгіёна, дзе быў удастоены сярэбранага медаля. У жніўні ўсё таго ж 2017 года на 14-й Міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе, якая праходзіла ў Сербіі, Павел быў узнагароджаны залатым медалём! У сваіх інтэрв’ю юнак не раз падкрэсліваў, што геаграфія — гэта самы шматгранны і цесна звязаны з іншымі навукамі школьны прадмет, які ніколі не надакучвае з прычыны сваёй разнастайнасці.

Канечне, каб дасягнуць такіх вышынь, школьных ведаў па геаграфіі недастаткова. З Паўлам працавалі іншыя настаўнікі і ўніверсітэцкія вык­ладчыкі. Але ж старт яго поспехам быў дадзены ў гімназіі, на ўроках Таццяны Паўлаўны, якая, дарэчы, не спыняе свой прафесійны рост. Такія перамогі вучняў матывуюць і настаўнікаў, таму Т.П.Амялькова пастаянна ўдасканальвае прафесійнае майстэрства, узбагачае яго новымі методыкамі і тэхналогіямі.

Яна актыўна ўдзельнічае ў рабоце метадычнага аб’яднання настаўнікаў геаграфіі гімназіі і горада, увесь час займаецца самаадукацыяй. Педагог неаднаразова выступала на пасяджэннях педагагiчнага савета, семінарах рознага ўзроўню, дзялілася вопытам работы па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяд у Магілёўскім дзяржаўным інстытуце развіцця адукацыі. Таццяна Паўлаўна прымала ўдзел у гарадскім семінары-практыкуме настаўнікаў геаграфіі “Фарміраванне і развіццё вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў на вучэбных занятках па геаграфіі і на факультатыўных занятках” з дэманстрацыяй відэаўрока ў 8 класе па тэме “Ціхі акіян” з наступным самааналізам.

Настаўніца актыўнічае і ў пазакласнай рабоце, прымае ўдзел у прадметных тыднях. На працягу некалькіх гадоў з’яўляецца арганізатарам гімназічнага конкурсу “Геаграфічныя дэбаты” для вучняў 9—11 класаў.

За высокія дасягненні ў падрыхтоўцы пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды ў 2016 і ў 2017 гадах Таццяна Паўлаўна была ўзнагароджана спецыяльным дыпломам Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, Ганаровую грамату Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта атрымала за значныя поспехі ў навучанні, выхаванні дзяцей і падлеткаў, асабісты ўклад у развіццё і ўдасканаленне сістэмы адукацыі вобласці.

У мінулым годзе настаўніца геаграфіі гімназіі № 3 Магілёва была ўзнагароджана заахвочвальнай прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў. Таццяна Паўлаўна карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод калег, навучэнцаў і іх бацькоў. Яна, як тая геаграфія, шматгранная, таму заўсёды цікавая.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Галіны ГАЎРЫЛОВІЧ.