Яны такія, як усе

- 15:13Нам пішуць

Ці часта мы задумваемся, як многа ў свеце людзей з абмежаванымі магчымасцямі і з якімі праблемамі ім даводзіцца сутыкацца, як выжыць і справіцца з цяжкасцямі? Традыцыйна ў пачатку снежня арганізоўваюцца мерапрыемствы да Дня інвалідаў. Гэты год ва Уселюбскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе не стаў выключэннем.

3 снежня ў рамках мерапрыемстваў да Дня інвалідаў з вучнямі 8—11 класаў праведзены тэматычныя класныя гадзіны “Глядзі на нас як на роўных”: класныя кіраўнікі пазнаёмілі вучняў з таленавітымі асобамі, якія мелі абмежаваныя магчымасці.

Для 1—7 класаў былі праведзены ўрокі дабрыні “Яны такія ж, як усе”: гаварылі пра добразычлівасць, міласэрнасць, паважлівае стаўленне да людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Не засталіся без увагі ў гэты дзень былыя выпускнікі ўстановы з абмежаванымі магчымасцямі. Для іх пад кіраўніцтвам настаўніка інфарматыкі А.І.Калала, настаўніка-дэфектолага Т.С.Якубоўскай, вучняў 10 класа былі арганізаваны навучальныя заняткі па камп’ютарнай дасведчанасці, камп’ютарных гульнях “Гадзіна ў камп’ютарным класе”.

Мы ўпэўнены, што гэтыя радасныя імгненні дапамагаюць тым, да каго лёс не быў добразычлівы.

Алена МАЛАШЭЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.