Яны ў свеце мастацтва

У Гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка прайшла ІІ Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Я ў свеце творчасці”. Гэта дастаткова рэдкі прыклад таго, калі адна асобна ўзятая ўстанова адукацыі ладзіць сапраўды рэспубліканскі і, калі хочаце, нават мультыкультурны праект, бо яго ўдзельнікі з розных, нават самых аддаленых, рэгіёнаў нашай краіны прывозяць у Мінск сваю ўнікальную рэгіянальную культуру. Асаблівы шарм надае гэтаму мерапрыемству яго навукова-даследчы чэлендж: ці магчыма ў выяўленчым мастацтве або музыцы ставіць чыста навуковыя даследчыя мэты, як, скажам, у фізіцы ці біялогіі? Аказваецца, можна. І гэта выклікае захапленне ў соцень нашых падлеткаў з розных куткоў Беларусі — ствараць прыгожае і гэтым прыгожым даследаваць нашу Радзіму.

Пра сутнасць, задачы і асаблівасці Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Я ў свеце творчасці” гутарым з яе ініцыятарам маладым выкладчыкам Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка Іванам АРЦІМОВІЧАМ.

Фота да матэрыяла: Яны ў свеце мастацтва.— Спадар Іван, як нарадзілася ў вас ідэя такога праекта? У чым яго сутнасць? Мне здаецца, сама па сабе ідэя абсалютна ўнікальная…

— Ідэя правядзення на базе Дзяр­жаўнай установы адукацыі “Гімназія-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка” навукова-практычнай канферэнцыі ў сферы творчасці для навучэнцаў прыйшла ў 2017 годзе. Тады пры арганізацыйнай падтрымцы Нацыянальнага інстытута адукацыі і спонсарскай падтрымцы выдавецтва “Аверсэв” мы падрыхтавалі і правялі першую канферэнцыю “Я ў свеце творчасці”.

Нам было цікава прыцягнуць да даследчай працы навучэнцаў менавіта малодшых класаў, і асаблівую ўвагу мы звярталі на працы юных даследчыкаў — навучэнцаў 5—8 класаў. У пэўным сэнсе гэта быў эксперымент — за практычны складнік мы не турбаваліся і былі ўпэўнены, што нас чакаюць выдатныя мастацкія работы, выкананыя ў самых тэхніках і стылях. Аднак цяжка чакаць ад дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту даследчага падыходу ў працы, глыбокай цікавасці да вывучэння культуры і яркіх праяў выяўленчага мастацтва. Тая велізарная колькасць заявак (каля 90 у кожнай намінацыі!), тая цікавасць, якую навучэнцы і іх настаўнікі, бацькі праявілі да нашай канферэнцыі, цалкам змянілі наша ўяўленне пра патэнцыял канферэнцыі як унікальнага адукацыйнага праекта, які мае доўгатэрміновую перспектыву. Атрыманы намі матэрыял адрозніваўся разнастайнасцю выбраных тым, рознымі падыходамі да вядзення даследавання, умелай працай з літаратурай і зборам матэрыялу, яго яркай падачай — мультымедыя-прэзентацыямі, відэаролікамі, слайд-шоу…

Таму тыя задачы, якія мы ставілі, пачынаючы працу над правядзеннем навукова-практычнай канферэнцыі “Я ў свеце творчасці”, — развіццё ў вучняў цікавасці да праектна-даследчай дзейнасці, да нацыянальнай культуры Беларусі, выяўленчага, музычнага мастацтва, да ўласнай творчасці, былі рэалізаваны ў поўнай меры.

— Вы знаходзіцеся ў самым пачатку, як разумею, вялікага шляху. Што ўжо вы паспелі пераасэнс­аваць?

— Сёлета мы паспрабавалі, улічваючы мінулыя недахопы (а куды без іх), паўтарыць і паглыбіць унікальны леташні досвед. Навукова-практычная канферэнцыя “Я ў свеце творчасці” 2018 года, акрамя намінацый “Музычнае мастацтва” і “Выяўленчае мастацтва і нацыянальныя рамёствы Беларусі”, уключыла новую галіну для даследаванняў — дызайн і, адпаведна, намінацыю “Дызайн”, кірунак, які цалкам курыравалі нашы новыя партнёры — кафедра камунікатыўнага дызайну факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ. Гэта звязана з тым, што як у любым прад­прыемстве, якое знаходзіцца ў пачатку шляху, мы знаходзімся ў стадыі пошуку найбольш цікавых і перспектыўных для нас кірункаў, а таксама партнёраў, якія дапамогуць ахапіць усё большую колькасць гэтых кірункаў.

— Ці вызначыліся вы канчаткова з алгарытмам рэалізацыі вашага праекта?

— Так. Канферэнцыя дзеліцца на два асноўныя этапы — завочны і вочны. На працягу завочнага этапу ўдзель­нікі рыхтуюць даследчыя праекты, афарм­ляюць заяўку і высылаюць усе матэрыялы ў электронным выглядзе на адрас аргкамітэта канферэнцыі (асобны для кожнай намінацыі). Пасля заканчэння тэрміну падачы заявак спецыяльная адборачная камісія са складу аргкамітэта праглядае ўсе працы і выбірае лепшыя праекты для ўдзе­лу ў вочным этапе. Колькасць адабраных праектаў у кожнай намінацыі можа вар’іравацца ад 10 да 15 работ у залежнасці ад рашэння камісіі і колькасці пададзеных заявак. Па сутнасці, праекты, якія прайшлі адбор, — гэта і ёсць пераможцы канферэнцыі.

І ўсё ж заключны, вочны, этап канферэнцыі хоць і святочная, але самая хвалюючая і адказная яе частка. Кожнаму ўдзельніку, які прайшоў адбор, даецца магчымасць прадставіць у форме абароны свой даследчы праект, дапоўніць яго яркім выступленнем, дэманстрацыяй уласнага твора мастацтва, выкананага па матывах даследавання, ігрой на музычным інструменце, відэаролікам, прэзентацыяй і інш. Тут у ход ідуць нацыянальныя касцюмы, вершаваныя ўрыўкі, узноўленыя па чарцяжах і малюнках макеты, падрыхтаваныя і звярстаныя ўласнаручна брашуры і буклеты і многія іншыя формы падачы матэрыялу.

Пераможцы вочнага этапу ўзнагароджваюцца дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступені. Лепшых з лепшых вызначае кампетэнтнае журы, у лік якіх уваходзяць вядомыя мастакі, музыканты, мастацтвазнаўцы, дызайнеры, вопытныя практыкі-выкладчыкі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў у сферы мастацтва. Кожны выступоўца на канферэнцыі, які ўдзельнічаў у адборы ў рамках завочнага этапу, атрымлівае электронны сертыфікат удзельніка навукова-практычнай канферэнцыі “Я ў свеце творчасці”.

— Разумею, што два гады існавання праекта — не падстава рабіць нейкія надта глабальныя вынікі, і ўсё ж… Чым ужо можаце пахваліцца?

— А я думаю, што нам няма чаго саромецца. За два гады навукова-практычная канферэнцыя “Я ў свеце творчасці” атрымала шырокую геаграфію — яе ўдзель­нікамі былі навучэнцы з Віцебска, Баранавіч, Брэста, Гомеля, Жодзіна, Заслонава, Ліды, Мінска, Мазыра, Маладзечна, Махро, Нясвіжа, Наваполацка, Оршы, Пінска, Полацка, Светлагорска, Смілавіч, Салігорска, Слоніма, Хоцімска, Шклова… І гэта далёка не поўны пералік гарадоў, раённых цэнтраў, вёсак нашай краіны, адкуль прыязджалі да нас пераможцы завочнага этапу. Канферэнцыя аб’яднала многіх навучэнцаў у жаданні пазна­ваць, вывучаць культуру і гісторыю, пачынаючы са сваёй сям’і, сваёй вёскі ці горада. Праз прызму малога, роднага і знаёмага, таго, чым хочацца падзяліцца з іншымі, многія дзеці атрымалі магчы­масць убачыць вялікія культурныя працэсы, часткай якіх з’яўляюцца і яны, хто здольны ствараць новае, берагчы і захоў­ваць традыцыі. У гэтым, мабыць, і заключаецца галоўная практычная каштоўнасць канферэнцыі “Я ў свеце творчасці” — як для яе арганізатараў, так і для ўдзельнікаў, настаўнікаў, бацькоў.

— Прафарыентацыйны элемент прысутнічае?

— Скажу шчыра: пытанне праф­арыентацыі, безумоўна, важнае, аднак у рамках канферэнцыі яно не ставілася. Нароўні з тымі навучэнцамі спецыяльных, профільных навучальных устаноў, хто плануе ў будучыні звязаць сваё жыццё з мастацтвам, выступалі і навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі рознай накіраванасці. Але, безумоўна, важным для будучай прафарыентацыі з’яўляецца знаём­ства з педагогамі лепшых профільных навучальных устаноў нашай краіны — такімі, як Гімназія-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

— Спадар Іван, што вас найбольш уразіла сёлета? Нейкія канкрэтныя тэмы, што хвалююць нашых зацікаўленых мастацтвам падлеткаў, нейкія канкрэтныя, рэалізаваныя імі вобразы?

— Трэба сказаць, што тэмы, прапанаваныя ўдзельнікам, хутчэй арыенціровачныя, названыя арганізатарамі з мэтай пазначыць пэўнае кола пытанняў, а таксама пазначыць магчымыя падыходы, шляхі вядзення навуковай працы. Але тым больш уражвалі фантастычныя ўяўленні нашых падлеткаў. У любым выпадку канчатковую тэму, як і форму яе падачы, выбірае сам удзельнік — хтосьці паглыбляецца ў вывучэнне літаратуры, гісторыю, хтосьці засяроджвае сваю ўвагу на жывых “носьбітах” гэтай інфармацыі — мастаках, майстрах, рамесніках, з якімі можна пагаварыць, у чыю майстэрню можна прыйсці і нават самому зведаць пэўныя тэхнікі, паспрабаваць свае сілы ў новым для сябе відзе творчасці. Для іншых задачай становіцца ўзнавіць страчаны лад таго ці іншага архітэктурнага помніка, на аснове дакументаў, сведчанняў, сканструяваць уласны макет, маштабную мадэль, узнавіць тэхналогію стварэння твора.

Напрыклад, у гэтым годзе ўдзельніцы з Віцебска не проста падрыхтавалі даклад на тэму “Маляваны рай Алены Кіш”, але падрабязна вывучылі тэхніку, стылістычныя асаблівасці твораў, што дазволіла ім стварыць і прадставіць на конкурс уласны маштабны твор у тэхніцы маляванкі. Іван Грыбачоў (Шклоў), Аляксандр Дубынін (Грынкі), Уладзіслаў Шастакоў (Заслонава), Жаклін Калеснік (Светлагорск) прысвяцілі свае працы вывучэнню жыцця і творчасці майстроў-рамеснікаў, мастакоў. Гэта быў іх шчыры, непасрэдны дыялог з майстрамі і наведванне майстэрняў, музеяў, вывучэнне літаратуры і матэрыялаў… Таццяна Катовіч з вёскі Махро ўжо другі год запар прадстаўляе на канферэнцыі выдатныя матэрыялы, прысвечаныя аднаўленню спадчыны і памяці пра цудоўнага мастака з Брэстчыны А.П.Рубановіча. Гэтая работа вылучаецца комплексным падыходам да даследавання і шмат у чым абапіраецца на працу з архіўнымі дакументамі, матэрыяламі.

Нашы дзеці нас радуюць сваёй цікавасцю да нацыянальнай культуры, у якой жывуць.

— Дзякуй за гутарку. Поспеху вашаму праекту!

Мікола ЧЭМЕР.