Беларусы сваёй працай і талентам, ініцыятывай і майстэрствам робяць жыццё лепшым, забяспечваючы дабрабыт роднай краіны. Аб гэтым заявіў у чацвер Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, уручаючы дзяржаўныя ўзнагароды.
У ліку ўзнагароджаных быў дырэктар навукова-тэхнічнага цэнтра “ЛЭМТ” Беларускага оптыка-механічнага аб’яднання Аляксей Шкадарэвіч. Прадпрыемства больш за 20 гадоў паспяхова працуе на сусветных рынках высокатэхналагічнай прадукцыі. Больш як 30 дзяржаў свету закупляюць яго абсталяванне. Яно запатрабавана і на ўнутраным рынку прыбораў грамадзянскага і ваеннага прызначэння.
Званне “Заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь” прысвоена брыгадзіру філіяла вытворча-мантажнага ўпраўлення ААТ “Прамтэхмантаж” Валерыю Шаўчэнку. Гэтае прадпрыемства вядома сваім удзелам ва ўзвядзенні такіх важных аб’ектаў, як “Мінск-Арэна”, “Чыжоўка-Арэна”, Рэспубліканскі гарналыжны цэнтр “Сілічы”.
На думку прэзідэнта, добрых слоў заслугоўвае і калектыў вытворча-рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблгаз”. Дзякуючы яго намаганням, завершана газіфікацыя Віцебскай вобласці прыродным газам. А цяпер прадпрыемствам актыўна ўкараняюцца найноўшыя тэхналогіі рэсурсазберажэння.
Аграрыяў на цырымоніі ўзнагароджання прадстаўляла дырэктар ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” Людміла Гутнік. За апошнія гады ў гаспадарцы значна вырасла прадукцыйнасць жывёлагадоўлі і ўраджайнасць сельгаскультур. Павышана рэнтабельнасць вытворчасці, як вынік — зарплата працоўнага калектыву.
Зусім нядаўна ў краіне адзначалі Дзень настаўніка, таму невыпадкова сярод узнагароджаных былі і педагогі розных навучальных устаноў.
Словы глыбокай павагі і ўдзячнасці гучалі ў адрас жанчын, удастоеных ордэна Маці за выхаванне пяцярых і больш дзяцей. Сярод узнагароджаных былі таксама прадстаўнікі медыцыны і журналістыкі, вялікая група спартсменаў і дзеячаў мастацтва.
Уручаючы ўзнагароды, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дэмакратыя — гэта перш за ўсё народ, гэта дзяржава, якая робіць усё ў інтарэсах народа.
Кіраўнік дзяржавы цёпла падзякаваў усім, хто ўносіць уклад у развіццё і росквіт краіны. Асобныя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас мнагадзетных маці. Сярод узнагароджаных былі 6 жанчын, якія нарадзілі і выхоўваюць пяцярых дзяцей. “Асаблівая ўдзячнасць за дзетак. Нам так сёння іх не хапае. Я аб гэтым часта гавару, — адзначыў прэзідэнт. — Мы ў будучыні, калі нам з вамі давядзецца працаваць, прыярытэтную ўвагу будзем удзяляць дзецям і старым. І будзем рабіць усё для іх, наколькі гэта магчыма”.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў нас ёсць сур’ёзныя абмежаванні, ні ў якім разе не звязаныя з намі. “Калі б не знешнія ўмовы, мы даўно ўжо былі б квітнеючай дзяржавай, — сказаў прэзідэнт Беларусі. — У нас ёсць чаму павучыцца, і я гэта гавару ўсюды на перагаворах з вядучымі лідарамі дзяржаў, калі яны мне пачынаюць намёкамі гаварыць аб нашым дзяржаўным ладзе, аб дэмакратыі — дай бог, каб у вас было столькі дэмакратыі. Дэмакратыя — гэта перш за ўсё народ, гэта дзяржава, якая робіць усё ў інтарэсах народа. Там, дзе можна нараджаць, спакойна хадзіць з дзеткамі, адчуваць сябе абароненым, дзе можна дастукацца да ўлады. Я не хачу сказаць, што мы ўсё робім у гэтым напрамку, але дастукацца да самых высокіх узроўняў улады ў нашай краіне можна”.
“А калі яшчэ перш за ўсё паглядзець, што кожны зрабіў, а потым — улада, то абавязкова будзеш жыць нармальна”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Абараназдольнасць краіны забяспечваецца не толькі сілай зброі і ўзроўнем падрыхтоўкі асабовага складу. Не менш важную ролю адыгрываюць маральныя ідэалы, маральна-этычныя ўстаноўкі салдат і афіцэраў, зазначыў таксама Аляксандр Лукашэнка ў час цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод.
Высокіх дзяржаўных узнагарод удастоены людзі, якія праявілі сапраўдны гераізм, якія рызыкавалі сабой дзеля выратавання чалавечых жыццяў. “Мы ўшаноўваем нашых мужных ваенных лётчыкаў”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што камандзір экіпажа 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы Узброеных Сіл Беларусі Уладзімір Паўленка ў сітуацыі, якая ўяўляла пагрозу для жыцця людзей, адмовіўся ад катапультавання, бо падзенне самалёта ў раёне населеных пунктаў магло прывесці да ахвяр сярод насельніцтва. У вельмі складаных умовах экіпажу ўдалося прадухіліць катастрофу і пасадзіць самалёт на базавым аэрадроме. Уладзімір Паўленка ўзнагароджаны ордэнам “За асабістую мужнасць”.
Гэтай жа ўзнагароды ўдастоены начальнік штаба першы намеснік камандзіра вучэбна-баявой авіяцыйнай эскадрыллі 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы ППА і войскаў проціпаветранай абароны Узброеных Сіл Георгій Мішаеў, які на той момант быў намеснікам камандзіра звяна. Ён вывеў у бяспечную зону самалёт, які страціў кіраванне, і на мінімальнай вышыні катапультаваўся, пераканаўшыся, што машына не ўпадзе на жылыя пабудовы.
Прэзідэнт Беларусі падзякаваў лётчыкам за мужнасць і гераізм. Ён адзначыў, што вельмі рэдка ўручаецца ордэн “За асабістую мужнасць”, гэта выключныя выпадкі. “Вы сапраўдны прыклад ваеннаслужачых, служэння нашай Айчыне. Вы сапраўды героі”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Ён таксама адзначыў, што ў наш няпросты час вельмі важна, што ва Узброеных Сілах Беларусі служаць ваеннаслужачыя, якія могуць рызыкаваць сабой дзеля выратавання людзей.