Японія ў Свіслачы

- 15:14Навіны рэгіёнаў, Рознае
Усе мы добра ведаем, што, каб прыцягнуць дзяцей да навучання, настаўніку недастаткова проста добра ведаць свой прадмет і цікава яго выкладаць. У наш інфармацыйна і тэхналагічна насычаны час трэба прыдумваць усё новыя і новыя формы правядзення заняткаў і факультатываў. У свіслацкай школе № 3 Гродзенскай вобласці з гэтай задачай справіліся выдатна. Больш як год школьнікі пад кіраўніцтвам настаўніка англійскай мовы Вячаслава Мікалаевіча Караткевіча гутараць анлайн з японскімі школьнікамі.

На мінулым тыдні адбыўся своеасаблівы калядна-навагодні культурны абмен, у якім прынялі ўдзел 5 краін: Японія, В’етнам, Тайвань, Вялікабрытанія і Беларусь. Кожная краіна рыхтавала невялікі паказ на 5 — 7 хвілін, у якім прэзентавала сваю радзіму. Школьнікі са Свіслачы прадэманстравалі замежжу, як на Беларусі святкуюць Каляды. Пасля прывітальных слоў (канечне, па-англійску) дзеці танцавалі ў народных касцюмах. Школьнікі з Туманнага Альбіёна і Тайваня праспявалі песні. Вельмі прыгожа ў нацыянальным адзенні танцавалі маленькія навучэнцы з В’етнама. Але ўсіх ўразілі японцы. Яшчэ загадзя яны папярэдзілі, што рыхтуюць падарунак. Сюрпрыз атрымаўся. У зале ў Японіі сабраўся аркестр Санта Клаусаў са 160 чалавек. Гэта быў сапраўдны школьны аркестр, які іграў вельмі зладжана і прыгожа. Напрыканцы тэлемоста школьнікі ўсіх краін спявалі агульную песню.
Такі тэлемост для свіслацкай школы № 3 ужо трэці, але папярэднія ладзіліся толькі з Японіяй.
— Нашаму праекту паўтара года. Пачалося ўсё з навагодніх і калядных паштовак. Мяне прызначылі кіраўніком школьнага клуба інтэрнацыянальнага сяброўства “Планета”, і я вырашыў знайсці для дзяцей нешта новае, цікавае, але каб гэта яшчэ і дапамагло ім выкарыстоўваць англійскую мову. Праз інтэрнэт я выйшаў на міжнародны праект, арганізаваны Australian IEARN The New Year gretting cards — навагоднія віншавальныя паштоўкі. Дзеці сваімі рукамі рабілі паштоўкі і адпраўлялі іх у школы Ірана, ЗША, Тайваня, Японіі, Краснадарскага краю і некаторыя школы Беларусі. Я таксама напісаў віншаванні і прапанаваў замежным настаўнікам прыдумаць які-небудзь праект. Адказ даў толькі настаўнік са школы Нанкайда Хітачы (Осака, Японія) Майкл Кафута. Мы яшчэ адсылалі туды кнігі пра наш край, бо пра Беларусь у свеце не ўсе ведаюць, а пра беларускі горад Свіслач — тым больш. Паціху ў нас наладзіліся адносіны.
Першая сустрэча адбылася ў мінулым годзе. Гэта быў урок знаёмства — мы знаёміліся з Японіяй і знаёмілі японцаў з Беларуссю. Мы падрыхтавалі прэзентацыю і гутарылі праз скайп. Потым дзеці падыходзілі да мікрафона і вялі размову па-англійску. З нашага боку былі дзеці чацвёртых класаў, а з японскага — шостых. Размаўлялі толькі простымі сказамі (“прывітанне”, “як цябе завуць”, “чым ты займаешся ў вольны час” і г.д.).
Другі дыялог адбыўся не так даўно. Майкл Кафута прапанаваў для размовы новую праграму. Каб яе пратэсціраваць, я вырашыў правесці яшчэ адзін тэлемост. На гэты раз гутарылі адзінаццацікласнікі. Гэта быў урок пытанне-адказ. Дзецям было вельмі цікава, найбольш пытанняў яны задавалі Майклу: цікавіліся яго жыццём у Японіі, як ён там апынуўся (бо ён родам з Канады), цікавілі іх і яго сям’я, побыт. Пасля гэтай размовы мы дамовіліся зрабіць культурны абмен, — расказвае Вячаслаў Мікалаевіч Караткевіч.
Такія гутаркі вельмі падабаюцца школьнікам. Але самае галоўнае — гэта паказвае ім, як на практыцы можна выкарыстоўваць веды па замежнай мове, і стымулюе да далейшага ўдасканалення сваіх маўленчых навыкаў.
— Свіслач знаходзіцца далёка ад вялікіх дарог, і да нас рэдка завітае які-небудзь іншаземец. А інтэрнэт дазваляе і пагутарыць, і пашырыць кругагляд дзяцей, і ўбачыць іншыя культуры, — падкрэсліў Вячаслаў Мікалаевіч.

Антаніна ЖВІРЫДОЎСКАЯ.