Японскі каларыт для магілёўскага настаўніцтва

- 16:09Культура, Рознае

Настаўнікі і навучэнцы Магілёва мелі магчымасць пазнаёміцца з цудоўнай культурай Краіны ўзыходзячага сонца. Такую магчымасць магіляўчанам падарыла дабрачыннае выступленне знакамітага ансамбля традыцыйнага японскага танца “Мандзюсяка”, якое адбылося на сцэне абласнога Цэнтра творчасці.

У Магілёве артысты ансамбля прадэманстравалі каля дзясятка выступленняў, кожнае з якіх уразіла гледачоў сваёй маляўнічасцю, светлавой гульнёй, прафесійнай акцёрскай работай. Прысутныя на канцэрце змаглі на час акунуцца ў непаўторную атмасферу культуры Японіі, бо артысты стварылі на сцэне сапраўдны маленькі свет, які перадаваў у глядацкі зал усе асаблівасці нацыянальнай культуры і традыцый. Атрымалася гэта дзякуючы разнастайнасці прадстаўленых ансамблем нумароў, якія ў сукупнасці стварылі феерычнае шоу з каларытнымі мясцовымі танцамі, выступленнямі гейш, самураяў, драконаў. Уражвалі артысты таксама незвычайнымі сцэнічнымі касцюмамі. Па словах кіраўніка ансамбля Ф.Кіёэ, вядомай больш як мама Роза, усе касцюмы артыстаў вырабляюцца ўручную. Уручную наносяцца і ўзоры на кожны касцюм, ні адзін з якіх не паўтараецца.
З моманту ўзнікнення ансамбля яго артысты актыўна ўдзельнічаюць у папулярызацыі японскай культуры за мяжой, у тым ліку і ў нашай краіне. Як расказалі ва ўпраўленні адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, паміж Японіяй і Беларуссю даўно наладжаны сяброўскія адносіны. Ансамбль “Мандзюсяка” ўжо тройчы наведваў рэгіёны нашай краіны, у тым ліку і якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Дарэчы, менавіта з Беларуссю звязаны творчы псеўданім кіраўніка ансамбля Ф.Кіёэ. Мамай Розай яе сталі называць беларускія дзеці, якіх спадарыня Кіёэ брала да сябе на аздараўленне пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС — калектыў прымае актыўны ўдзел у аздараўленні нашых дзяцей праз арганізацыю “Мост у Чарнобыль”. Менавіта беларускія дзеці некалі і запрасілі ансамбль у Беларусь. Запрашэнне калектыў “Мандзюсяка” з радасцю прыняў, і ўжо першы іх візіт у Беларусь перарос у добрую традыцыю культурнага ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі. Традыцыю, якая, без сумненняў, працягнецца і ў далейшым.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.