Японцы распрацуюць робата-абітурыента

- 17:27Паралелі, Рознае
Японскі Нацыянальны інстытут інфарматыкі вядзе распрацоўку робата, задачай якога з’яўляецца паспяховае праходжанне ўступных выпрабаванняў-тэстаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Праект па стварэнні робата-абітурыента атрымаў назву Todai Robot Project (Todai — скарочаная назва Такійскага ўніверсітэта). Даследчыкі з Нацыянальнага інстытута інфарматыкі працуюць над ім з 2011 года.
Робат не з’яўляецца фізічнай прыладай, ён уяўляе сабой праграму, якая можа быць запушчана на звычайным камп’ютары, удакладніў Юсуке Міяа, адзін са стваральнікаў праекта.
Распрацоўшчыкі робата паставілі перад сабой мэту прымусіць машыну да 2016 года паспяхова здаць стандартызаваны тэст для тых, хто паступае ў японскія ВНУ, а да 2021 года — набраць балы, дастатковыя для паступлення ў Такійскі ўніверсітэт.
У ходзе тэста робату давядзецца адказваць на пытанні з розных прадметных галін. Блокі праграмы для розных прадметаў стварылі розныя распрацоўшчыкі: напрыклад, за матэматыку адказвае кампанія Fujitsu, а за гісторыю — IBM.
У лістападзе бягучага года робат здаў пробны тэст па матэматыцы. Гуманітарная секцыя тэста налічвала чатыры, а прыродазнаўчанавуковая — шэсць матэматычных пытанняў. Робат у абодвух выпадках правільна адказаў на два пытанні.
Робат быў створаны для выпрабавання тэхналогій штучнага інтэлекту і натуральнай апрацоўкі мовы. Распрацоўшчыкі прызналі, што адна з галоўных цяжкасцей — навучыць машыну правільна інтэрпрэтаваць пытанні тэста.