Яркае і запамінальнае свята

- 9:20Адукацыйная прастора

Звыш 500 хлопчыкаў і дзяўчынак з усёй Магілёўшчыны сталі ўдзельнікамі абласнога навагодняга дабрачыннага свята.

Шматлікія маленькія госці сталі з’язджацца ў Палац культуры вобласці з самай раніцы. Тут дзяцей чакала насычаная забаўляльная праграма.

На ўрачыстасць да іх прыехаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. Леанід Канстанцінавіч шчыра павіншаваў хлопчыкаў і дзяўчынак з надыходзячымі навагоднімі святамі і сказаў пра гордасць, якую адчувае ад поспехаў школьнікаў Магілёўшчыны.

—  На гэтае свята прыехалі лепшыя дзеці з усяго Прыдняпроўскага краю. Яны апынуліся тут таму, што выдатна вучыліся, перамагалі ў алімпіядах, дасягалі розных вышынь у творчых конкурсах і спорце. І мы, дарослыя, вельмі вамі ганарымся. Вы — наша будучыня. Таму ў нашай краіне робіцца ўсё, каб дзяцінства было шчаслівым і радасным. Мы будзем працягваць ствараць неабходныя ўмовы для ўсебаковага развіцця дзяцей, —  адзначыў Леанід Заяц.

Кіраўнік рэгіёна пажадаў дзецям смела ставіць перад сабой мэты і смела іх дасягаць, не шкадаваць для гэтага ўласных сіл.

— Няхай у кожнага з вас бу дзе шырокая і шчаслівая жыццёвая да рога, —  пажадаў Леанід Канстанцінавіч, пасля чаго разам з ганаровымі гасцямі мерапрыемства ўручыў хлопчыкам і дзяўчынкам салодкія падарункі.

Ад імя дзятвы губернатару падарылі памятны падарунак — вырабленыя ўручную сувеніры. А пасля ўсіх прысутных захапіла казка-мюзікл “Навагодні батл” па матывах твора “Золушка”. Гледачы адправіліся ў чароўнае падарожжа па казачным каралеўстве Золушкі і яе сяброў. Адметна, што ў казцы знайшлося месца і сучасным персанажам — Гары Потэру, Чалавеку-павуку, Бэтмену, смяшарыкам і фіксікам. Пастаноўка была яркай і запамінальнай. Як і ўсё свята. Несумненна, яно надоўга застанецца ў памяці дзяцей.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.