Яркае свята дзіцячай творчасці

- 12:18Культура

Шматграннасць талентаў удзельнікаў, маляўнічасць нумароў на сцэне, атмасфера добразычлівасці і цеплыні ў зале. Так можна ахарактарызаваць абласны этап Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Прывітанне, свет!”, які адбыўся ў Магілёве.

Конкурс стаў выдатным яркім святам мастацтва і дзіцячай творчасці, бо агляд даў адораным дзецям галоўнае — магчымасць прадэманстраваць свае таленты. На гэтым акцэнтаваў увагу, адкрываючы конкурс, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Алег Стэльмашок.
— У рамках агульнага адукацыйнага працэсу сістэма дадатковай адукацыі дае магчымасць кожнаму дзіцяці праявіць сябе і свае здольнасці. Падобныя конкурсы сапраўды вельмі важныя, бо яны выступаюць той пляцоўкай, тым шансам, якія дазваляюць нашым дзецям развіць свой талент, каб потым знайсці правільны шлях у жыцці, — адзначыў Алег Уладзіміравіч.
Удзел у абласным этапе конкурсу прымалі каля 400 навучэнцаў з Магілёва, Бабруйска і раёнаў вобласці, якія змаглі праявіць сябе ў ходзе адборачных тураў ва ўстановах адукацыі, пасля на раённых этапах конкурсу і стаць прызёрамі на вобласці.
Усе гэтыя хлопцы і дзяўчаты ў літаральным сэнсе акунулі прысутных у яркія фарбы сваёй творчасці. Якіх толькі нумароў не было прадстаўлена падчас гала-канцэрта! Дыпламанты захаплялі вакальным і харэаграфічным мастацтвам, інструментальнай музыкай, тэатральным майстэрствам. Прычым ва ўсіх канкурсантаў прысутнічаў свой запамінальны вобраз і прадстаўленне нумара, што рабіла кожнае выступленне непаўторным. Але было і тое, што іх аб’ядноўвала. Сёлета конкурс прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, таму многія фіналісты выступалі з нумарамі на ваенную тэматыку, прысвячалі свае выступленні гераізму, мужнасці, патрыятызму беларускага народа.
Светлы след у сэрцах гледачоў пакінулі песні ў выкананні Паліны Бадэевай, навучэнкі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Крынічка” Магілёва, навучэнкі сярэдняй школы № 1 Хоцімска Дар’і Васілеўскай, навучэнца сярэдняй школы № 2 Касцюковіч Артура Міраненкі, а таксама Ірыны Круглік, Вольгі Іванчыкавай, Паліны Жук і іншых навучэнцаў абласнога Цэнтра творчасці. Незабыўныя ўражанні выклікала вакальнае майстэрства іншых сольных выканаўцаў. Не заставалася абыякавых і пасля выступленняў вакальных калектываў.
Нумары вакальнай творчасці пераважалі ў праграме гала-канцэрта. Але ж не меншай папулярнасцю ў канкурсантаў карысталася і харэаграфія. Якімі толькі харэаграфічнымі напрамкамі не здзіўлялі ўдзельнікі! Класічныя танцы арганічна спалучаліся з народнымі і сучаснымі. Асабліва яркім тут быў нумар “Сэрца маці” ў выкананні заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фолк-шоу балета “Альянс” з сярэдняй школы-каледжа мастацтваў Бабруйска. Мовай танца ўдзельнікі калектыву яскрава перадалі ўвесь цяжар ваеннага часу, зрабіўшы акцэнт на матчыных перажываннях.
Публіка ўважліва сачыла і з зачараваннем слухала музычныя выступленні ўдзельнікаў. Прываблівалі хлопцы і дзяўчаты таксама і акцёрскімі талентамі, майстэрствам канферансу.
Акрамя гала-канцэрта, на абласным этапе конкурсу была арганізавана выстава дзіцячых работ выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Усе работы, выкананыя ў розных тэхніках (саломапляценне, кераміка, бісерапляценне, вышыўка), вылучаліся высокім узроўнем выканання.
Як паведаміла намеснік дырэктара абласнога Цэнтра творчасці Вольга Рамашкевіч, кампетэнтнае рэспубліканскае журы адзначыла добрую падрыхтоўку і значны творчы патэнцыял усіх канкурсантаў. Асабліва пакарылі журы прадстаўнікі намінацый “Вакальная творчасць” і “Харэаграфічная творчасць”. Адзначана была і якасць нумароў, прысвечаных 70-годдзю Перамогі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.