Яркая старонка ў творчай біяграфіі

- 10:53Адукацыйная прастора

Гэтымі днямі ў Мінску прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”. У ёй прыняў удзел першы намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Віталь Прыгодзіч.

Сёлета ў конкурсе паспаборні­чаюць 84 педагогі, сярод якіх настаўнікі розных кваліфікацыйных катэгорый: 2 настаўнікі-метадысты, 30% ад агульнай колькасці — педагогі вышэйшай катэгорыі, 17% — другой катэгорыі, а таксама 50% — першай катэгорыі. Сярод канкурсантаў — 5 выпускнікоў магістратуры і адзін аспірант.

— Мы заўсёды лічылі і лічым, што любы конкурс, які мы арганізоўваем сумесна з вамі, — гэта не проста магчымасць паказаць свае творчыя здольнасці і дасягненні, а пэўны сур’ёзны крок, прыступка, па якой вы прасоўваецеся да вышынь прафесійнага майстэрства, — адзначыў, звяртаючыся да канкурсантаў, першы намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Віталь Прыгодзіч. — Хачу пажадаць усім удзельнікам, каб гэты конкурсны рух і ваш удзел у ім засталіся ў вашай памяці назаўсёды як адна з яркіх старонак творчай біяграфіі.

Конкурс педагагічнага майстэрства пройдзе па васьмі намінацыях. Настаўнікі пачатковых класаў пазмагаюцца ў намінацыі “Пачатак пачаткаў”, настаўнікі фізікі, астраноміі, матэматыкі і інфарматыкі — у намінацыі “Правільнае рашэнне”, настаўнікі замежнай мовы — “Калі цябе разу­меюць”, беларускія і рускія філолагі — “Разумнае. Добрае. Вечнае”. У намінацыі “Свая вышыня” паспаборнічаюць настаўнікі фізічнай культуры і здароўя, музыкі і мастацтва, у намінацыі “Вакол свету” — настаўнікі гісторыі, грамадазнаўства і геаграфіі, “Звычайны цуд” — хіміі і біялогіі, “Дзяцінства. Твор­часць. Развіццё” — выхавальнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі.

Спаборніцтвы будуць складацца з трох тураў. Першы тур пройдзе з 24 студзеня па 19 лютага і будзе ўключаць рэкламу метадычнага прыёму “Проста і вынікова”, адкрыты ўрок у незнаёмым класе або групе з планам правядзення і самааналізам урока. Другі тур пройдзе з 20 лютага па 11 сакавіка. Канкурсантам неабходна бу­дзе завочна прадставіць апісанне вопыту педагагічнай дзейнасці, прайсці тэсціраванне, на якім будзе ацэньвацца ўзровень навукова-тэарэтычнай, прадметнай і метадычнай падрыхтоўкі, а таксама правесці адкрыты ўрок у незнаёмым класе, прадставіўшы план яго правядзення і зрабіўшы самааналіз урока. У трэцім туры, які бу­дзе доўжыцца з 12 сакавіка па 7 красавіка, удзель­нікі конкурсу правядуць майстар-клас для педагагічных работнікаў (студэнтаў) устаноў вышэйшай адукацыі і прадставяць творчую візітоўку “Настаўнік, якога чакаюць”.

З прывітальнымі словамі да канкурсантаў звярнулася пераможца гарадскога конкурсу 2017 года ў намінацыі “Свая вышыня” настаўніца музыкі сярэдняй школы № 53 Мінска Вольга Махітка. “Наперадзе ў кожнага з вас вельмі цікавы, няпросты і важны шлях. Пражываючы кожную хвіліну конкурсу, сутыкаючыся з цяжкасцямі і пераадольваючы іх, радуючыся і, магчыма, засмучаючыся, вы пражывяце тую невялікую часцінку жыцця, след ад якой у вашай душы застанецца назаўсёды. Прайшоўшы ўвесь шлях з поспехам, хачу пажадаць вам быць упэўненымі ў сабе, не сумнявацца ў сваіх сілах, быць мудрымі і адкрытымі да дыялогу. Вельмі важным этапам конкурсу будуць адкрытыя ўрокі. Памятайце, вы іх праводзіце не для членаў журы, а ў першую чаргу для дзяцей. Я жадаю вам закрануць вашым педагагічным майстэрствам кожную струну дзіцячай душы. Тварыце, здзіўляйце, улюбляйце ў свой прадмет, і ўсё ў вас абавязкова атрымаецца!” — адзначыла Вольга Мікалаеўна.

Пераможцы спаборніцтваў у кожнай намінацыі будуць прадстаўляць сталіцу на заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, які пройдзе ў верасні.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота прадастаўлена МГІРА.