Яркіх перамог!

Бягучы год, сапраўды, яркі, яскравы. І справа не толькі ў ІІ Еўрапейскіх гульнях, якія стартуюць ужо ў гэтую пятніцу. Яскравасці 2019 году надае і XIV Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў па летніх відах спорту. Яе ўрачыстае адкрыццё, а таксама сустрэча эстафеты “Полымя міру” прайшлі 15 чэрвеня ў летнім амфітэатры Палаца культуры Маладзечна.

Знакаміты дэвіз “Яркі год, яркі ты” мог цалкам стаць і дэвізам Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў. Ярка, урачыста, прыгожа, сонечна, з усмешкамі, у сяброўскай атмасферы — менавіта так праходзіла спартыўнае свята ў Маладзечне, свята спорту, здароўя, маладосці, спадзяванняў, прагі да перамогі. Толькі да перамогі імкнецца кожны з 2500 удзельнікаў фінальных спаборніцтваў спартакіяды, якія праходзяць на базе спартыўных аб’ектаў Мінскай вобласці і абласных цэнтраў. Канечне, не ўсе стануць пераможцамі і прызёрамі, аднак у выйгрышы застанецца кожны, паколькі спорт — гэта сяброўства, здаровы лад жыцця, здароўе нацыі.

Пра маштаб спартакіяды сведчаць наступныя лічбы: толькі на першым этапе (раённыя і гарадскія спаборніцтвы) выступілі больш за 170 тысяч школьнікаў 13—16 гадоў. На другім этапе спаборніцтвы праводзіліся ў абласцях і Мінску. Па выніках гэтага этапу і былі адабраны ў фінал лепшыя хлопцы і дзяўчаты. Чэрвень прымае лепшых баскетбалістаў, Салігорск — баксёраў, Маладзечна — барцоў, валейбалістаў, фехтавальшчыкаў, шахматыстаў, шашыстаў і майстроў малой тэніснай ракеткі, фінальныя спаборніцтвы па дзюдо праходзілі ў Жодзіне, Вілейка сустракала плыўцоў, Барысаў — стралкоў, цяжкаатлетаў, а Слуцк (тут 19 чэрвеня пройдзе ўрачыстае закрыццё спартакіяды) — гандбалістаў і футбалістаў. Акрамя Мінскай вобласці, фіналістаў спартакіяды прымалі і ў іншых рэгіёнах. Так, лепшых спартсменаў у веславанні на байдарках і каноэ сустракаў Гомель, спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы і мастацкай гімнастыцы — Гродна, а лепшых у веласіпедным спорце, спартыўнай гімнастыцы і скачках на батуце — Магілёўшчына. Усяго спаборніцтвы праходзяць больш чым па 20 відах спорту.

— Спорт і фізічная культура заўсёды былі неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу. Упэўнены, наша спартакіяда будзе па-ранейшаму адкрываць новыя алімпійскія імёны, новыя імёны спартсменаў міжнароднага класа, дасць пуцёўку ў жыццё многім сённяшнім выхаванцам устаноў адукацыі. Жадаю нашым дзецям новых поспехаў, спартыўных і творчых, каб яны раслі здаровымі і моцнымі! Усіх са святам маладосці, спорту, а дзецям прыемных канікул! — звярнуўся да ўдзельнікаў свята міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка.

Па словах міністра спорту і турызму Сяргея Міхайлавіча Кавальчука, вялікі спорт пачынаецца са школьнага — падмурка прафесійнага спорту. Мы чакаем яскравых перамог ад нашых спартсменаў на ІІ Еўрапейскіх гульнях і гэтак жа мы чакаем яскравых перамог ад удзельнікаў спартакіяды школьнікаў. “Ад імя ўсіх чэмпіёнаў і прызёраў алімпіяд вітаю вас з пачаткам спартакіяды школьнікаў. Вы — наша будучыня, за вамі павінна быць шмат перамог, каб мы ганарыліся вамі, нашай краінай, каб заўсёды радаваліся вашым перамогам. У Беларусі шмат робіцца для таго, каб вы маглі дасягаць гэтых перамог”, — адзначыла галоўны суддзя Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў, алімпійская чэмпіёнка па спартыўнай гімнастыцы 1972 года, заслужаны майстар спорту СССР Антаніна Уладзіміраўна Кошаль. Як лічыць начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Валянцінаўна Апраніч, спорт — гэта заўсёды перамога, перамога над асабістым страхам, перамога ў сваім выбары.

Будзем уважліва сачыць за выступленнямі юных спартсменаў, іх перамогамі, прысвечанымі 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Году малой радзімы. І, канечне, чакаем галоўнай спартыўнай падзеі гэтага яркага года — пачатку ІІ Еўрапейскіх гульняў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.