Яркія эмоцыі — круглы год

- 11:20Вышэйшая школа

Студэнты Белдзяржуніверсітэта распрацавалі карпаратыўны каляндар

Праект прымеркавалі да 100-годдзя БДУ, якое вядучы ўніверсітэт краіны адзначыць у кастрычніку новага года.

Як паведамілі ў прэс-службе, студэнцкі карпаратыўны каляндар — гэта плён сумеснай творчасці навучэнцаў усіх факультэтаў і адукацыйных інстытутаў, а таксама юрыдычнага каледжа і Ліцэя Белдзяржуніверсітэта. Нездарма ён мае назву “Кожны з нас — БДУ!”. На кожнай старонцы — студэнты, якія дасягнулі паспехаў у навуковым, грамадскім, культурным і спартыўным жыцці ўніверсітэта. Усе фотаздымкі для календара зроблены ў інтэр’ерах БДУ.

Галоўная задума — пака­заць разнастайнасць спецыяльнасцей і навуковых школ універсітэта, раскрыць прывабнасць актыўнага студэнцкага жыцця. Стваральнікі календара пастараліся перадаць свае эмоцыі ў сувязі з кожным месяцам года. Так, натуральная прыгажосць студзеня адлюстроўвае спецыфіку хімічнага факультэта і факультэта геаграфіі і геа­інфарматыкі, а малады рамантычны сакавік мае ласку да біялагічнага факультэта і МДЭІ імя А.Д.Сахарава.

На прэзентацыю календара стваральнікі запрасілі рэктара БДУ Андрэя Караля. Андрэй Дзмітрыевіч падзяліўся ўражаннямі і адзначыў, што лозунг “Кожны з нас — БДУ!” выбраны ўдала. У ім закла­дзена адзінства разнастайнасці ўніверсітэта і ўзае­масувязь асабістых мэт з карпаратыўнымі. Рэктар падзякаваў удзельнікам праекта за творчы падыход у адлюстраванні яркіх фрагментаў універсітэцкага жыцця.

Напрыканцы імпрэзы студэнты падарылі рэктару каляндар са сваімі аўтографамі і навагоднімі пажаданнямі. У сваю чаргу Андрэй Кароль ўручыў студэнтам сертыфікаты, якія пацвярджа­юць іх асабісты ўклад у рэалізацыю праекта. Акрамя таго, студэнты абмеркавалі з рэктарам пытанні ўзаема­дзеяння факультэтаў, рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў і ўніверсітэта будучыні.

Падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДУ.