Яркія фарбы дзяцінства

Новы дзіцячы сад № 4 адкрыўся ў Копішчы Мінскага раёна. Яго заснавальнікам з’яўляецца Мінскі раённы выканаўчы камітэт, а заказчыкам — група кампаній “А-100”. Гэта добры вопыт дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Пасля здачы ў эксплуатацыю ўстанова перададзена на баланс дзяржавы — упраўленню па адукацыі Мінскага райвыканкама.

Гэта пяты дзіцячы сад, які пабудавала кампанія “А-100” для Мінскага раёна, і трэці — для Новай Баравой. Установа ўзведзена за год і знешне нагадвае скрынку з алоўкамі. На фасад нанесены рознакаляровыя палоскі, на сценах пакояў і гульнявых пляцоўках — малюнкі, якія нібыта зрабілі маленькія архітэктары і дызайнеры.

Новы дзіцячы сад разлічаны на 230 малышоў. Для іх укамплектаваны 12 груп, якія размешчаны на трох паверхах: пяць з іх — для дзяцей 3—4 гадоў, чатыры — 4—5 гадоў, тры групы — 5—6 гадоў. Плануецца, што ў садзе будуць працаваць 62 работнікі, з іх 34 педагогі.

“Наш дзіцячы сад мае назву “Алоўкі”, што адлюстроўваецца не толькі ў яго афармленні, але і ў змесце работы, які мы будзем рэалізоўваць з выхаванцамі. Шмат увагі мы будзем удзяляць развіццю дзіцячай творчасці, — адзначыла загадчыца ўстановы Ларыса Уладзіміраўна Хацкевіч. — У садзе створаны ўсе ўмовы для ўсебаковага развіцця дашкольнікаў. Малыя змогуць займацца ў прасторных фізкультурнай і музычнай залах, наведваць кабінеты настаўніка-дэфектолага (будзе працаваць пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі) і педагога-псіхолага. Створаны рэсурсныя цэнтры для педагогаў, метадычны кабінет. Ва ўстанове добра абсталяваны медыцынскі блок з двума ізалятарамі, харчаблок з сучасным тэхналагічным абсталяваннем, шыкоўная вентыляцыйная сістэма. Створана безбар’ернае асяроддзе, усталяваны ліфт. Садаўскі дворык мае прыгожае і арыгінальнае зялёнае афармленне з элементамі жывой агароджы. Тут знаходзяцца гульнявыя пляцоўкі з верандамі і ценявымі навесамі, зробленымі з экалагічных матэрыялаў. На пляцоўках прадугледжана спецыяльнае пакрыццё, якое засцеражэ дзяцей ад траўм. Устаноўлены горкі, арэлі, балансіры, машынкі, верталёты, пясочніцы і велізарныя лічыльнікі. Для гульнявых відаў спорту ёсць невялікае поле, а вывучыць правілы дарожнага руху можна будзе ў спецыяльным міні-квартале з дарожнай разметкай. На вуліцы пад навесам размешчаны сталы для індывідуальных заняткаў з дзецьмі. У нас ёсць музычны куток, дзе маюцца надворныя музычныя інструменты (два ксілафоны і барабан). З дапамогай спецыяльных ударных прагумаваных малаточкаў педагогі, дзеці і бацькі змогуць сыграць на інструментах цікавую мелодыю, вызначыўшы ноту свайго настрою. Тэрыторыя сада цалкам абгаро­джана, а сістэма відэаназірання дазволіць ажыццяўляць кантроль за дашкольнай установай.

Мы ўжо вызначыліся з прыярытэтнымі кірункамі дзейнасці. Ва ўстанове будуць працаваць рэсурсны цэнтр настольна-друкаваных і развіццёвых гульняў “Інтэлектуал”, арт-студыя “Рознакаляровы свет”, дзе створана нетрадыцыйнае творчае асяроддзе для заняткаў з дзецьмі: ёсць спецыяльная дошка для малявання святлом з дапамогай лазера, канструктарскія па­нэлі, на якіх дзеці будуць складац­ь аб’ёмныя фігуры. Велізарны колеравы спектр азнаёміць малышоў з правіламі змешвання колераў. Бу­дзем далучаць дзяцей да свету дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, даваць ім найпростыя навыкі ткацтва, работы з ніткамі на цікавых прыстасаваннях.

Сярод дадатковых адукацыйных паслуг у прыярытэце выяўленчая дзейнасць і настольна-друкаваныя гульні: шашкі, шахматы, традыцыйныя крыжыкі-нулікі. Будуць арганізаваны дадатковыя паслугі на платнай аснове: харэаграфія, англійская мова, аздараўленчы кірунак. Мяркую, што выхаванцы ў нашай дашкольнай установе адкрыюць для сябе свет дзяцінства ў новых яркіх фарбах”.

Надзея ЦЕРАХАВА.