Яркія і працавітыя

Больш за 8 тысяч валанцёраў былі задзейнічаны на ІІ Еўрапейскіх гульнях. У многім дзякуючы іх энергічнасці, працавітасці, актыўнасці, дружалюбнасці, крэатыўнасці самая яркая спартыўная падзея нашай краіны прайшла на вышэйшым узроўні. Лепшыя валанцёры атрымалі ў аўторак у сталічным парку “Дрымлэнд” падзякі і ўзнагароды.

Дзесяць дзён наша краіна жыла ў рыт­ме і стылі вялікай мультыспартыўнай падзеі. Важнай часткай Гульняў сталі валанцёры, якія прыклалі ўсе ­намаганні, каб у спартсменаў, балельшчыкаў і прос­та гасцей нашай сталіцы пра Беларусь засталіся толькі самыя прыемныя ўражанні. На цырымоніі закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў кіраўнік дзяржавы даў рабоце валанцёраў самую высокую ацэнку. Валанцёры ІІ Еўрапейскіх гульняў праявілі сябе ў 20 напрамках дзейнасці. За якую б справу яны ні браліся, з пастаўленымі задачамі спраўляліся выдатна.

— Быць валанцёрам — значыць быць мэтанакіраваным, задаволеным жыццём, аптымістам, заўсёды быць у сэрцы маладым. Вы зрабілі вялізную справу, усё, да чаго вы дакраналіся, усё ладзілася, працавала — ад тых інфраструктурных аб’ектаў, дзе вы працавалі, і тых каманд, пра якія вы клапаціліся, да тых гасцей сталіцы, для якіх вы стваралі добразычлівую атмасферу, — адзначыў першы намеснік кіраўніка Адмі­ністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Уладзіміравіч Рыжанкоў.

Праца валанцёра цікавая, але і складаная, напружаная. На працягу двух гадоў валанцёры (а гэта былі людзі самага рознага ўзросту і прафесій) рыхтаваліся да важнай спартыўнай падзеі. Яны ўдзельнічалі на ўсіх этапах падрыхтоўкі і правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў і амаль кругласутачна працавалі, каб усе госці адчувалі сябе ў Беларусі як дома. За добрасумленнае выкананне абавязкаў валанцёра, значны асабісты ўклад у паспяховае правядзенне ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года ў Рэспуб­ліцы Беларусь былі аб’яўлены падзякі кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прэм’ер-міністра нашай краіны, а таксама Міністэрства адукацыі і Міністэрства спорту і турызму. Акрамя таго, уручаны залаты значок валанцёра. Найбольшая колькасць узнагароджаных — гэта студэнты.

— Сістэма адукацыі ганарыцца вамі, таму што вы або вучыцеся, або вучыліся, дасягненні ў вашай прафесійнай і грамадскай дзейнасці ў пэўнай ступені звязаны з вашымі педагогамі. Дзякую вам за працу, крэатыўнасць, энергетыку, якая сілкавала Еўрапейскія гульні, — звярнуўся да валанцёраў міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка.

Маштабнай падзеяй ІІ Еўрапейскіх гульняў стала эстафета “Полымя міру”. Агонь Гульняў пранеслі праз 55 населеных пунк­таў на тэрыторыі 8 краін, а таксама праз усе рэгіёны Беларусі. На ўсім шляху полымя міру працавала больш за 100 валанцёраў. Сярод іх і студэнтка фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка Дар’я Альгамец, якая суправаджала полымя на працягу некалькіх дзён у розных гарадах Беларусі, падтрымлівала кантакты з факеланосцамі. Па словах дзяўчыны, для яе гэта была цудоўная магчымасць паглядзець Беларусь, чарговы раз пераканацца, што ў нашай краіне шмат прыгожых гарадоў і мясцін, якія трэба абавязкова наведаць.

Сярод узнагароджаных было шмат будучых педагогаў, студэнтаў галоўнай педагагічнай альма-матар краіны. Так, падзякі кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь атрымалі студэнт факультэта фізічнага выхавання Канстанцін Аліхвер (пазіцыя “Кіраванне валанцёрамі”) і студэн­тка факультэта дашкольнай адукацыі Віялета Аляшкевіч (пазіцыя “Кейтэрынг” — арганізацыя харчавання). Усяго ад БДПУ падчас ІІ Еўрапейскіх гульнях былі задзейнічаны 406 студэнтаў-валанцёраў. Асабліва важнай стала дзейнасць валанцёраў на 14 спартыўных аб’ектах сталіцы, дзе была найбольшая канцэнтрацыя балельшчыкаў, гледачоў і спартсменаў, для якіх валанцёры з’яўляліся галоўнымі памочнікамі. Вітаў і ўзнагароджваў валанцёраў, якія працавалі на спартыўных аб’ектах, міністр спорту і турызму Сяргей Міхайлавіч Кавальчук.

Падчас фестывалю было ўручана шмат узнагарод, у тым ліку ў такіх крэатыўных намінацыях, як “Галоўны інстаграмер ІІ Еўрапейскіх гульняў” або “Міс чароўная ўсмешка ІІ Еўрапейскіх гульняў”. Кожны з амаль 8700 валанцёраў ІІ Еўрапейскіх гульняў заслужыў узнагароду ў пэўнай намінацыі, таму што кожны з іх — яркі і энергічны, працавіты і актыўны, дружалюбны і мэтанакіраваны, крэатыўны і прадпрымальны. У многім дзякуючы валанцёрам вялікае спартыўнае свята атрымалася.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.