Яркія праекты беларускіх школьнікаў

Балтыйскі навукова-інжынерны конкурс завяршыўся ў Санкт-Пецярбургу, дзе да распрацовак беларускіх школьнікаў не першы год прыцягнута ўвага кампетэнтнага журы. У нашай скарбонцы дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені, а таксама званні лаўрэатаў.

Балтыйскі навукова-інжынерны конкурс сёлета ўключаў у сябе выставу-кірмаш, дзе любы жадаючы мог пазнаёміцца з навуковымі праектамі трохсот юных навукоўцаў з усіх федэральных акруг Расіі, Беларусі, Украіны, Казахстана, прэс-канферэнцыю і круглы стол для кіраўнікоў з рэгіёнаў.
Арганізатары конкурсу — выпускнікі пецярбургскай матэматычнай школы “Лабараторыя бесперапыннай матэматычнай адукацыі” — супрацоўнічаюць з самымі перадавымі расійскімі навуковымі цэнтрамі, якія працуюць са школьнікамі і прыцягваюць для ацэнкі праектаў больш за 150 членаў журы: навуковага, настаўніцкага, маладзёжнага, бізнес-журы. Цікавасць у сур’ёзных навукоўцаў і прадстаўнікоў бізнесу і вытворчасці выклікаюць яркія праекты юных даследчыкаў, якія выстаўляюцца ў секцыях матэматыкі, фізікі, праграмавання і камп’ютарных тэхналогій, біялогіі, хіміі, тэхнікі.
Галоўныя прынцыпы Балтыйскага навукова-інжынернага конкурсу — нерэфератыўны характар навуковых даследаванняў, сучасная стэндавая форма прадстаўлення навуковых работ, каардынацыя дзейнасці школьнікаў прадстаўнікамі сярэдняй адукацыі, сучаснай навукі і бізнесу.
Даследаванне можа насіць тэарэтычны характар, можа быць апісаннем эксперымента, тэхнічным апісаннем інжынернага праекта, інавацыйнай камп’ютарнай праграмай. Разам з даследаваннем неабходна падрыхтаваць тэзісы і поўны варыянт артыкула сваёй навуковай работы ў адпаведнасці з патрабаваннямі.
У гэтым годзе ў конкурсе прымалі ўдзел беларускія школьнікі з самых розных рэгіёнаў. Акрамя Мінска, нашу краіну, напрыклад, прадстаўлялі юныя даследчыкі з сярэдніх школ № 11 Слуцка, № 8 Гомеля, гімназіі № 2 Салігорска, сярэдніх школ №№ 28, 29 Віцебска, гімназіі № 56 Гомеля, гімназіі № 1 Дзяржынска. І ўсе яны вярнуліся з узнагародамі.
Дыплом І ступені і галоўную рэгіянальную прэмію ў секцыі “Экалогія і навука аб зямлі” атрымаў вучань 11 класа гімназіі № 6 Мінска Ілья Навасельскі. Ён прадстаўляў работу “Біяканверсія другасных сцёкаў свінагадоўчых комплексаў мікраводарасцямі Chlorella sp для атрымання біядызеля” (навуковыя кіраўнікі — Валерый Трыбіс, педагог дадатковай адукацыі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт; Іван Рускіх, педагог дадатковай адукацыі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства).
Дыпломы І ступені і галоўную прэмію “Хрустальны шар. Дасканаласць як надзея” ў секцыі матэматыкі атрымалі некалькі прадстаўнікоў нашай краіны. Мікалай Прохараў з гімназіі № 41 імя В.Х.Сярэбранага Мінска за “Функцыянальныя ўраўненні над канечнымі мноствамі (навуковы кіраўнік Яўген Жыбрык, асістэнт кафедры вышэйшай матэматыкі БДУ).
Мікіта Кандрацёнак, вучань 11 класа гэтай жа навучальнай установы, за “Аналаг RSA-крыптасістэмы ў квадратычных Еўклідавых кольцах” (кіраўнік Максім Васькоўскі, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт кафедры вышэйшай матэматыкі БДУ).
У секцыі фізікі дыпломы І ступені і прэмію “Хрустальны шар. Дасканаласць як надзея” атрымаў Дзмітрый Баранаў з Ліцэя БДУ. Юнак прадстаўляў даследаванне “Метады аналізу перыядычных сігналаў на прыкладзе ланцуга Чуа (навуковыя кіраўнікі — Алег Ільюценка, Уладзімір Зяньковіч, выкладчыкі Ліцэя БДУ).
Дыплом І ступені і секцыйную прэмію ў галіне тэхнікі атрымаў Іван Федаркоў з Ліцэя БДУ за “Рэалізацыю метаду аўтаномнага пазіцыянавання нанаспадарожніка класа CanSat для пабудовы вертыкальных профіляў газавага саставу атмасферы і карт вегетацыйных індэксаў (навуковы кіраўнік Антон Федаркоў, магістрант БДУ).
Балтыйскі конкурс з’яўляецца этапам Сусветнага агляду-конкурсу навуковых дасягненняў школьнікаў Intel Science Engineering Fair (Intel ISEF). А права праводзіць адборачны турнір пецярбуржцы ў 11-ты раз пацвердзілі перамогамі на Intel ISEF. Сёння Балтыйскі навукова-інжынерны конкурс можа пахваліцца пераможцамі, якія сталі не толькі сябрамі журы, кіраўнікамі новых праектаў, але і маладымі навукоўцамі — кандыдатамі навук.

Вольга БАРЫСЕВІЧ.