Яркія вобразы, уражальныя фарбы і новыя веды

- 15:12Портфолио

Выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі на ўроках беларускай мовы і літаратуры

Для аптымізацыі вучэбнага працэсу па беларускай мове і літаратуры я часта выкарыстоўваю камп’ютар на ўроках, факультатыўных занятках, у пазакласнай рабоце і як класны кіраўнік. Прымяняю яго з інтэрактыўнай дошкай на ўсіх этапах навучання. Пры гэтым апошняя выконвае розныя функцыі: настаўніка, прылады, аб’екта навучання, гульнявога асяроддзя.

Выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі дазваляе зрабіць урок разнастайным, навукова арганізаваць работу ў класе, а таксама выкарыстоўваць такі немалаважны элемент навучання, як гульня. Яркія вобразы, уражальныя фарбы, бязмежныя магчымасці для фантазіі дазваляюць навучэнцам сярэдніх класаў у форме гульні лёгка засвоіць вучэбны матэрыял. Улічваючы індывідуальныя асаблівасці пэўнага класа, я рыхтую неабходны тэкставы і графічны матэрыял загадзя і ў патрэбным тэмпе выкарыстоўваю яго на ўроку. У некалькі разоў павышаецца эфектыўнасць урока, знікае манатоннасць у выкладанні. Тое, што навучэнец бачыць на вялікім экране, часам з музычным суправа-джэннем і візуальнымі эфектамі, надоўга застаецца ў яго памяці. Дзеці не абстрагуюцца ад тэмы ўрока, канцэнтруюць сваю ўвагу на матэрыяле, які адпрацоўваецца.

Загадзя падрыхтаваныя тэксты, табліцы, дыяграмы задаюць заняткам бадзёры тэмп: не марнуецца шмат часу на тое, каб напісаць тэкст на традыцыйнай дошцы, усе рэсурсы можна каментаваць на экране і захоўваць запісы для будучых урокаў. Файлы папярэдніх заняткаў можна заўсёды адкрыць і паўтарыць матэрыял.

У гімназічным кабінеце беларускай мовы і літаратуры ёсць інтэрнэт, я з задавальненнем выкарыстоўваю і яго. Напрыклад, гэта рэсурсы матэрыялаў у выглядзе электронных вучэбных дапаможнікаў, ЭСН.

Працуючы з інтэрактыўнай дошкай, я выкарыстоўваю не толькі гатовыя электронныя рэсурсы, але і ўласныя. Пра іх раскажу падрабязней. Гэта так званыя інтэрактыўныя вучэбныя табліцы па мове, прэзентацыі да ўрокаў, у якіх я размяшчаю матэрыял у патрэбным парадку, выгаднай кампаноўцы, выбіраю зручны шрыфт, колер, малюнкі, схемы, табліцы, застаўкі. У гэтым мне на дапамогу прыходзіць Мicrosoft PowerPoint. Вядома, гэта займае шмат часу, але падрыхтоўка апраўдваецца вынікамі і карысцю ў рабоце. Гэтыя матэрыялы часта становяцца ўніверсальнымі, я выкарыстоўваю іх на розных этапах урока і з рознымі мэтамі.

Пры франтальнай рабоце на ўроку магчымасці інтэрактыўнай дошкі таксама вялікія. Усе сродкі навучання, разлічаныя на гэты від работы ў класе, можна спалучаць з прымяненнем электроннай дошкі. Напрыклад, разгадваць інтэрактыўную крыжаванку “Па старонках літаратуразнаўчага слоўніка”, выконваць заданні з выкарыстаннем камп’ютарных трэнажораў па арфаграфіі па тэмах “Правапіс прыслоўяў” (7 клас (“Збяры пазл”)), “Дэфіс у прыслоўях” (7 клас (тэст)), складаць алгарытм разважання па тэме “Правапіс не з дзеепрыметнікамі” (7 клас) і інш.

Праграма SMART Notebook 11 дазваляе ствараць розныя інтэрактыўныя трэнажоры і тэставыя заданні, выкарыстоўваючы інтэрактыўныя flash-элементы калекцыі. Такія заданні я рыхтую для адпрацоўкі ведаў, уменняў, навыкаў. Форма работы над заданнямі розная: франтальная ці індывідуальная, з сама- або ўзаемаправеркай. Падобныя заданні распрацоўваю таксама і ў праграме PowerPoint з выкарыстаннем анімацыйных эфектаў.

Прывяду некаторыя прыклады заданняў, якія складаю з выкарыстаннем калекцыі LAT 2.0. Вельмі цікавым сродкам (адным з самых любімых для навучэнцаў) з’яўляецца “Сартаванне віхур”. Ідэя работы гэтага цікавага інтэрактыўнага сродку — падзяліць зададзеную сукупнасць тэкставых аб’ектаў на дзве часткі па пэўнай прымеце (правільна выбраныя аб’екты будуць “тануць” толькі ў “сваёй” віхуры). Прычым сама гэтая сукупнасць, а таксама падзел на групы вызначаецца настаўнікам падчас папярэдняга рэдагавання.

Яшчэ адным сродкам, які дапамагае хутка праверыць веды навучэнцаў, а таксама падрыхтаваць іх да выканання тэстаў, з’яўляецца сродак “Некалькі варыянтаў адказу”. Настаўнік у рэжыме “Праўка” піша пытанне, выбірае правільны варыянт, задае колькасць пытанняў — і сродак гатовы да выкарыстання на ўроку.

“Падбор ключавога слова” ўяўляе сабой табліцу з двух слупкоў. Злева размяшчаюцца акенцы для падабраных слоў, справа — апісанне паняццяў. Словы, якія неабходна падабраць, знаходзяцца справа ад табліцы. Ёсць функцыя “Праверка”.

“Адпаведнасць” — задача злучыць карцінкі з назвамі. Навучэнцы пальцам ці стылусам рухаюць і падстаўляюць назву пад патрэбную карцінку. Калі адказ падабраны правільна, з’яўляецца зялёная “птушачка”, калі няправільна — чырвоны крыжык.

“Выбар са многіх” выкарыстоўваецца для выбару правільнага адказу. Яго можна прымяняць для праверкі разумення прачытанага або ў якасці тэставага задання. Настаўнік сам задае колькасць пытанняў.

“Сродак угадвання слоў” значна павышае матывацыю навучэнцаў, таму прыдатны як ва ўрочнай, так і пазаўрочнай дзейнасці. У рэжыме “Праўка” настаўнік задае слоўнікавыя словы і іх колькасць, можна запісаць і ключ-падказку. Дзеці адгадваюць гэтыя словы, карыстаючыся алфавітам. Пры адгадванні літары мяч на экране трапляе ў вароты або баскетбольную сетку, або памідор накіроўваецца ў твар намаляванага чалавечка, які яшчэ мімікай і гукамі пакажа сваю незадаволенасць.

“Генератар слоў”. На экране інструмента знаходзіцца пустое поле прамавугольнай формы, у правым ніжнім вуглу якога змяшчаецца малюнак (жаба, глобус, скрыня са словамі або кніга). Гэтыя карцінкі інтэрактыўныя: напрыклад, пры пстрычцы па кнізе і скрыні яны адкрываюцца, жаба квакае, разяўляючы рот, глобус мігаціць. Пры кожным націсканні на малюнак у акне інструмента з’яўляюцца словы, якія размяшчаюцца ў дзве калонкі. Пры націсканні на стрэлку спіс гэтых слоў з’яўляецца на старонцы Notebook у выглядзе асобнага аб’екта. Падчас рэдагавання настаўнік задае спіс слоў, размяшчае іх па калонках, вызначае парадак з’яўлення (выпадковым чынам або ў строгім парадку) і выбірае інтэрактыўную карцінку, па якой трэба пстрыкаць.

Праграму SMART Notebook 11 зручна выкарыстоўваць пры падрыхтоўцы і для правядзення размеркавальнага, выбарачнага, тэрміналагічнага, схематычнага і іншых відаў дыктантаў. Пры рабоце з тэкстам: падрыхтаваны настаўнікам тэкст (мадэль) — гэта аснова для арфаграфічнага аналізу слоў, якія вывучаюцца, праводзіцца ў актыўным дзеянні на інтэрактыўнай дошцы.

Урок з прымяненнем інтэрактыўнай дошкі патрабуе ад настаўніка правядзення вялікай работы па падрыхтоўцы метадычных матэрыялаў, затое складзеныя табліцы, схемы, наглядныя дапаможнікі могуць шматразова прымяняцца на наступных занятках. Гэта дапамагае палепшыць арганізацыю ўрока, зрабіць яго разнастайным, павысіць якасць кантролю ведаў навучэнцаў. Інфармацыйныя тэхналогіі адкрываюць новыя магчымасці для ўдасканалення вучэбнага працэсу, актывізуюць пазнавальную дзейнасць навучэнцаў і дазваляюць арганізаваць іх самастойную і сумесную работу з настаўнікам на больш высокім творчым узроўні.

Аднак выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі павінна абавязкова спалучацца з работай з традыцыйным вучэбным матэрыялам, што дазволіць перыядычна пераключаць увагу навучэнцаў. Недапушчальна выкарыстоўваць занадта дробны шрыфт і перагружаць рабочае поле элементамі. Варта правільна выбіраць і каляровае афармленне, а колькасць яркіх элементаў на экране павінна быць мінімальнай.

Галіна КРУПЕНЧЫК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі — каледжа мастацтваў Маладзечна.