Яшчэ адна перамога Ірынінскай гімназіі

- 10:35Навіны рэгіёнаў

Вучні Гомельскай Ірынінскай гімназіі ўжо неаднаразова здзіўлялі сваімі перамогамі на сур’ёзных міжнародных конкурсах. І вось у скарбонцы ўстановы яшчэ адзін трыумф, які з гонарам атрымаў дзесяцікласнік Уладзіслаў Маскоўкін.

Хлопец прыняў удзел ва Усерасійскім аглядзе-конкурсе навуковых і інжынерных праектаў Балтыйскага навукова-інжынернага конкурсу, які праходзіў у Санкт-Пецярбургу. У Гомель Улад прывёз дыплом ІІІ ступені, спецыяльную прэмію ў секцыі “Матэматыка” і дыплом лаўрэата прэміі настаўніцкага журы.
У фінал выйшла больш за 330 удзельнікаў з амаль пяцідзесяці рэгіёнаў Расіі, Украіны, Казахстана і Беларусі, якія прадстаўлялі 280 даследаванняў. Навуковае журы, у якое ўвайшлі больш за сотню экспертаў з розных расійскіх устаноў вышэйшай адукацыі, вылучыла 18 праектаў, якім былі прысуджаны дыпломы І ступені, і крыху больш за 50 удзельнікаў атрымалі дыпломы ІІ і ІІІ ступені. Сярод іх і вучань Гомельскай Ірынінскай гімназіі. Калі глядзець па колькасці канкурсантаў і праектаў, то зразумела, што Уладзіслаў прайшоў даволі сур’ёзны адбор, а трэцяе месца — гэта сапраўдная перамога.
На Балтыйскім навукова-інжынерным конкурсе лепш за ўсё праявілі сябе навучэнцы на секцыях тэхнікі, матэматыкі і хіміі, дзе былі прадстаўлены самыя яркія праекты. Пры гэтым журы конкурсу адзначала, што вырасла не толькі колькасць праектаў, прадстаўленых на конкурсе ў цэлым, але і агульны ўзровень даследаванняў.

Наталля ЛУТЧАНКА.