Яшчэ адзін крок да супрацоўніцтва

З 5 па 9 жніўня ў Мінску праходзіў І маладзёжны ІТ-форум Беларусі і Узбекістана, арганізатарам якога стаў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. На працягу пяці дзён удзельнікі форуму абмяркоўвалі сучасныя трэнды і выклікі ў ІТ, асноўныя моманты работы ў гэтай сферы, перспектывы развіцця міжнароднага маладзёжнага стартап-руху і прадпрымальніцтва.

30 чалавек ад Саюза мола­дзі Узбекістана прыехалі ў Мінск у панядзелак, 5 жніўня. Дэлегацыю ўзначаліў першы намеснік саветніка Прэзідэнта Рэспублікі Узбекістан па пытаннях моладзі, навукі, адукацыі, аховы здароўя і спорту — старшыня Цэнтральнага савета Саюза моладзі Узбекістана Кахрамон Куранбаеў. Для многіх удзельнікаў форуму Беларусь — краіна з навін. У снежні 2018 года БРСМ і СМУ падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве. 24 ліпеня гэтага года ў Мінску пачаў працаваць зводны атрад Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Ташкенцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. 1 жніўня Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў прыехаў у Беларусь для перагавораў з Аляксандрам Лукашэнкам.  Першы мала­дзёжны ІТ-форум даў магчымасць гасцям паглядзець на нашу краіну з іншага боку.

Знаёмства ўзбекскай дэлегацыі з Беларуссю пачалося ў дворыку Рэспубліканскага дома моладзі, дзе БРСМ прэзентаваў праект “Беларусь — крыніца натхнення”. У рамках яго гасцям расказалі пра традыцыі нашай краіны, нацыянальны арнамент, сімвалы маладосці, квітнеючай зямлі, неба, чысціні, агню, зоркі і інш. і прапанавалі самім стварыць беларускія драўляныя амулеты. Самай смачнай часткай стаў інтэрактыў “Сялянскія прысмакі”. Пасля яго ўся ўзбекская дэлегацыя не толькі даведалася, што такое дранікі, але і навучылася іх гатаваць. Адметна, што смажыць бульбяныя бліны прыходзілася на драўлянай калодзе.

“Мы хочам паказаць усю цеплыню, дабрыню і гасціннасць беларусаў і спа­дзяёмся, што менавіта на такіх мерапрыемствах нараджаецца сапраўднае чалавечае сяброўства”, — адзначыў першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Дзмітрый Варанюк.

Форум працягнуўся ўжо ўнутры Дома моладзі, дзе дэлегацыі прадставілі 5 яркіх работ рэспубліканскага праекта “100 ідэй для Беларусі”. Сярод іх — сістэма сацыяльнай адаптацыі для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (робат AVATAR дапамагае людзям з абмежаванымі магчымасцямі і моўнымі растройствамі ў зносінах), інтэрактыўны STEM-падручнік па фізіцы з прымяненнем робататэхнікі (мабільны дадатак, які дэманструе законы фізікі з дапамогай робата), аўтаматычны рэкуператар паветра з другаснай сыравіны і інш. Узбекская моладзь была ўражана і зацікаўлена ўсімі праектамі, таму не пакінула іх распрацоўшчыкаў без пытанняў.

Падчас форуму дзве маладзёжныя арганізацыі больш падрабязна азнаёміліся са структурай адна адной і з тымі, хто працуе над іх развіццём па розных кірунках.

“Нашы арганізацыі называюцца Саюзам моладзі. Моладзь наша, ваша — яна адна, — упэўнены афіцыйны прадстаўнік Саюза моладзі Узбекістана Абасхон Ху­джаханаў. — Не трэба ніякіх тэрытарыяльных і геаграфічных меж. Наша галоўная мэта — аб’яднацца. Мы можам навучыцца ў вас, але і мы таксама можам многаму наву­чыць”.

Кахрамон Куранбаеў і Дзмітрый Варанюк абмяняліся падарункамі і паціснулі адзін аднаму рукі ў знак замацавання сяброўскіх адносін паміж двума саюзамі моладзі.

Павітаць удзельнікаў форуму прыехаў і намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кадлубай. “ІТ-сфера — гэта сёння, напэўна, самая перспектыўная і прагрэсіўная сфера, у якой Беларусі і Узбе­кістану ёсць чым падзяліцца. Праграма форуму будзе насычанай і цікавай. Спадзяюся, гэтае пачынанне сфарміруе традыцыю ў зносінах і ўзаемаабагачэнні паміж нашымі дзяржавамі ў сферы адукацыі”, — адзначыў Аляксандр Уладзіміравіч.

Адным з самых важных момантаў форуму стала падпісанне плана па развіцці супрацоўніцтва ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій паміж саюзамі моладзі Узбекістана і Беларусі.

“У рамках гэтага плана мы прадугледжваем узаемадзеянне ў самых розных сферах, у тым ліку праз узаемадзеянне нашых тэхнапаркаў, прыватных бізнес-ініцыятыў па развіцці малога і сярэдняга бізнесу, якія тычацца менавіта ІТ, а таксама ў адукацыі”, — адзначыў Д.Варанюк.

У сваю чаргу К.Куранбаеў падзяліўся надзеяй, што гэты форум стане яшчэ адным імпульсам у развіцці адносін паміж Беларуссю і Узбекістанам і пляцоўкай для абмену ідэямі па ўдасканаленні праграм мала­дзёжнай палітыкі абедзвюх краін.

Пасля афіцыйнай часткі прадстаўнікі Узбекістана расказалі беларусам пра сваю краіну, яе адметнасці і самыя прыгожыя месцы, якія варта наведаць. Расказалі і пра развіццё ІТ-сферы ў краіне, супрацоўніцтва ў гэтай галіне з Беларуссю, універсітэты, якія даюць добрую ІТ-адукацыю. У сваю чаргу наш бок пазнаёміў гасцей з навучальнамі ўстановамі Беларусі. Прадстаўнікі БНТУ, МДЛУ, БДУФК, МДЭІ імя А.Д.Сахарава БДУ, МУ “МІТСО” і Ваеннай акадэміі коратка расказалі, як у іх універсітэтах развіваецца адукацыя ў сферы інфармацыйных тэхналогій.

Падчас сесій узбекская моладзь пабывала ў Навукова-тэхналагічным парку БНТУ “Палітэхнік”, Маладзёжнай сацыяльнай службе, Мінскім гарадскім тэхнапарку, кампаніі EPAM-System і Wargaming.

Акрамя работы па тэме форуму, для прадстаўнікоў Саюза моладзі Узбекістана была арганізавана і шырокая культурная праграма: аглядная экскурсія па Мінску, наведванне музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнай бібліятэкі, музея народнай архітэктуры і быту, прагляд спектакля ў Камерным драматычным тэатры.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.