Яшчэ дзве перамогі

У юных праграмістаў з Мазыра зноў дзве перамогі. На гэты раз — у алімпіядзе школьнікаў па праграмаванні “Тэхнакубак”.

Ягор Кучар.

Ужо нават цяжка падлічыць, колькі перамог у розных конкурсах па праграмаванні ў скарбонцы мазырскіх школьнікаў. Марку трымаюць навучэнцы гуртка спартыўнага праграмавання, які працуе пры Цэнтры юных пажарных. Менавіта тут робяць першыя крокі ў свет праграмавання юныя мазыране. Усе яны выхаванцы выдатнага педагога Аляксея Барунова.

Вочны заключны этап алімпіяды для школьнікаў па праграмаванні “Тэхнакубак” праходзіў на пляцоўках 4 краін: Расіі, Беларусі, Казахстана і Украіны. Да ўдзелу ў фінале спаборніцтва па выніках 4 адборачных раўндаў былі запрошаны 510 удзельнікаў з Расіі, Беларусі, Казахстана, Украіны, Кыргызстана і Балгарыі. Рашыць 8 алгарытмічных задач за 3 гадзіны — такім было заданне ўдзельнікаў алімпіяды. Далей распрацаваныя школьнікамі праграмы адпраўляліся ў аўтаматычную сістэму тэсціравання на платформе Codeforces. Вышэй за ўсіх у табліцы вынікаў апынаўся ўдзельнік, які пісаў найбольшую колькасць праграм дакладна і здаваў іх на праверку раней за іншых.

Станіслаў Дамасевіч.

З больш як паўтысячы канкурсантаў запаветны дыплом атрымалі толькі 92 удзельнікі: дыпломамі I ступені ўзнагароджаны 23 юныя праграмісты, II ступені — 32, III ступені — 37. Два дыпломы ІІІ ступені — у навучэнцаў Цэнтра юных пажарных Мазыра Ягора Кучара і Станіслава Дамасевіча.

Юнакі ўжо некалькі гадоў наведваюць гурток спартыўнага праграмавання і многаму ў ім навучыліся. Тут неабмежаваны час на вучобу, любімай справай можна займацца па некалькі гадзін у дзень. Праўда, самі хлопцы сціпла прызнаюцца, што яшчэ многага не ведаюць. Юныя праграмісты іншы раз нават школьныя задачы рашаюць праз прыёмы праграмавання.

Арганізатарамі алімпіяды “Тэхнакубак” выступаюць Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут, Маскоўскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя М.Э.Баўмана і кампанія Mail.ru Group. Інтэлектуальнае спаборніцтва дае пераможцам і прызёрам права на льготы пры паступленні ў многія расійскія вышэйшыя навучальныя ўстановы. Праўда, прызёры з Мазыра больш разглядаюць айчынныя УВА.

Наталля ЛУТЧАНКА.