Яшчэ ідзе стары гадзіннік

“Кватэра ўспамінаў” з’явілася ў ліцэі № 1 Гродна. Да музейнага комплексу навучальнай установы далучылася экспазіцыя, якая адлюстроўвае жыццё — перыяд 60—80-х гадоў мінулага стагоддзя.

— Да рэалізацыі ідэі стварэння двухпакаёвай кватэры-“хрушчоўкі“ далучыліся навучэнцы і іх бацькі, настаўнікі, тэхнічныя супрацоўнікі ліцэя, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Сцяпан Рэкець. — Прыносілі прадметы побыту: бытавую апаратуру, посуд, нават мэблю. Толькі ёлачных упрыгажэнняў больш за сто штук.

Сам Сцяпан Вацлававіч падзяліўся з музеем тэлевізарам, бабінным магнітафонам, гадзіннікам.

На адкрыццё музея запрасілі шмат гасцей, і яны таксама прыходзілі з падарункамі.

— Музей сустрэў нас… зачыненымі дзвярыма, і мы разгубіліся, — расказвае намеснік начальніка цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Людміла Кіўлюк. — А потым з’явіўся школьнік, гаспадар кватэры, і прапанаваў пашукаць ключ пад дыванком.

І мы, дарослыя людзі, перанесліся ў атмасферу свайго дзяцінства: так пакінуць ключ было звычайнай справай. А яшчэ нас пачаставалі “старымі” прысмакамі — пячэннем “Арэшкі”, вафельнымі трубачкамі. Прыемна, што і мой экспанат змогуць убачыць наведвальнікі — гадзіннік 1982 года выпуску ў мяне захаваўся ў рабочым стане.

— Плануем арганізоўваць інтэрактыўныя формы работы і праводзіць цікавыя мерапрыемствы: ад літаратурных і музычных гасцёўняў — да гульняў фармату квеструму, — расказвае адміністратар музейнага комплексу ліцэя Алена Фіронава. — Нашым наведвальнікам прадставім і экспазіцыю, прысвечаную калекцыяніраванню часоў СССР. Тут і філатэлія (збіранне марак), нумізматыка (збіранне манет), баністыка (збіранне банкнот), календарыстыка (збіранне календароў), філакартыя (збіранне паштовак), філуменістыка (збіранне пачкаў запалак), фалерыстыка (збіранне значкоў) і дзіцячае калекцыяніраванне. Свае калекцыі прадставілі як вядомыя гродзенскія прафесійныя калекцыянеры, так і аматары сярод педагогаў ліцэя.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.