У Мінску 22—23 верасня прайшоў IV Форум маладых журналістаў “Агульны погляд у будучыню. Журналістыка: выбар маладых”.
Арганізатары мерапрыемства — Міністэрства інфармацыі, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія, рэдакцыя газеты “Советская Белоруссия”, Беларускі саюз журналістаў, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт — сабралі разам амаль 150 журналістаў з усіх рэгіёнаў Беларусі ва ўзросце да 30 гадоў, каб пазнаёміць іх з работай вядучых рэспубліканскіх газет, тэлеканалаў, правесці майстар-класы, абмеркаваць прафесійныя пытанні.
Праграму форуму адкрыла фотавыстава БелТА “Суверэнная Беларусь: эпоха дасягненняў”, а таксама прэзентацыя конкурсных работ, падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу “Жыві і квітней, Беларусь” газеты “Знамя юности”. Пасля маладыя журналісты прынялі ўдзел у трэнінгах у рэдакцыях вядучых СМІ.
Другі дзень форуму адкрыла пленарнае пасяджэнне. З прывітальным словам да ўдзельнікаў форуму звярнуўся старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзь Браніслававіч Давыдзька:
— Малады журналіст павінен разумець, што ён абавязкова залежны — ад сваёй сумленнасці, таленту і любові да Радзімы. Гэтыя тры цудоўныя залежнасці прывядуць да поспеху не толькі яго самога, але і краіну, якой ён служыць. Малады журналіст вельмі выгадна адрозніваецца ад вопытнага журналіста, які бездакорна валодае стылем, жанрамі і формамі. Малады журналіст усім гэтым не валодае, але ў яго ёсць перавага: ён валодае той мовай, на якой размаўляе моладзь, ён валодае інфармацыяй і тэмамі, актуальнымі для моладзі, і ён абавязкова валодае пратэсным настроем — гэта нармальна, так прыродай закладзена. У мяне толькі адна просьба да маладых творчых людзей у журналістыцы: разумець цану і моц слова, надаваць яму толькі стваральны імпульс.
У новым будынку Нацыянальнага алімпійскага камітэта адбылося ўручэнне прэміі “Дэбют”, заснаванай Беларускім саюзам журналістаў. Свае ўзнагароды атрымалі пераможцы ў намінацыях “Лепшы рэпарцёр”, “Лепшы аглядальнік”, “Лепшы вядучы радыёпраграм”, “Лепшы вядучы тэлепраграм”, “Лепшы фотакарэспандэнт”. Пасля гэтага ўдзельнікі форуму абмеркавалі актуальныя пытанні ў рамках тэматычных сесій, адна з якіх была прысвечана палітычнай журналістыцы.
— Роля сродкаў масавай інфармацыі заключаецца ў тым, каб інфармаваць грамадства аб усіх тых працэсах, што адбываюцца. Разам з тым Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў вызначыла і пэўныя абавязкі СМІ ў выбарчай кампаніі. Галоўныя дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі павінны стварыць роўныя ўмовы ўсім кандыдатам, для таго каб іх перадвыбарныя праграмы былі вядомы кожнаму грамадзяніну Беларусі для асэнсаванага галасавання за таго ці іншага кандыдата. Лічу, што з гэтай задачай наша інфармацыйная прастора спраўляецца паспяхова, — адзначыла міністр інфармацыі Лілія Станіславаўна Ананіч. — Сёння створаны роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты. Праграмы кандыдатаў апублікаваны, у планавым рэжыме ідуць выступленні на тэлебачанні і радыё. Гаворачы ў цэлым аб нацыянальным інфармацыйным полі краіны, гэта не толькі цэнтральныя газеты і цэнтральныя тэлеканалы, гэта і рэгіянальныя СМІ і інтэрнэт-прастора. Сёння няма недахопу інфармацыі. Вынікі сацыялагічных даследаванняў сведчаць пра тое, што ў выбарах маюць намер прыняць удзел больш як 85 працэнтаў беларусаў. Гэта гаворыць аб тым, што ў краіне актыўна праходзіць кампанія па выбарах прэзідэнта. Цяпер ідзе агітацыйны перыяд, і задача СМІ — не ўпусціць галоўнага, каб яшчэ і яшчэ раз нагадаць грамадзянам краіны, выбаршчыкам, аб тым, што трэба прыйсці на выбары, аддаць свой голас за будучыню Беларусі.
Міністр інфармацыі засяродзіла ўвагу на тым, што асобнымі СМІ даволі своеасабліва разумеецца іх роля ў выбарчай кампаніі, прычым гэта датычыцца і асобных друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, і інтэрнэт-рэсурсаў, некаторыя з якіх размешчаны ўвогуле за межамі краіны. Паводле яе слоў, нічога агульнага з выкананнем выбарчага заканадаўства не маюць і заклікі да байкоту, нічога агульнага з транспарэнтнасцю выбарчага працэсу не мае і падтрымка радыкальных праяў. Гэта безадказная пазіцыя сродкаў масавай інфармацыі, якая ніяк не ўкладваецца ў рамкі задач СМІ ў выбарчай кампаніі.
— Сёння можна пачуць заклікі нават ад кандыдатаў у прэзідэнты аб неабходнасці перафармаціраваць органы дзяржкіравання, заявы аб адсутнасці свабоды слова. Гэта сведчыць аб вельмі радыкальных падыходах. Мы такое чулі ўжо і раней, прычым і з-за мяжы таксама. Сёння гаварыць аб адсутнасці свабоды слова ў Беларусі як мінімум безадказна. У краіне больш як 9 млн карыстальнікаў інтэрнэту. У кожным кіёску “Саюздруку” ёсць любая газета, усе тэлеканалы свету даступны беларусам. У сацыяльным пакеце дзяржавай даводзіцца дзевяць праграм, якія перадаюцца з дапамогай лічбавага сігналу. Аўтарытэт трэба заваёўваць не лозунгамі, тым больш радыкальнага характару. Яны ў нашым грамадстве не могуць прыжыцца, таму што ў беларускага народа ёсць добры імунітэт, грамадзянская пазіцыя і вера ў будучыню сваёй краіны, — адзначыла міністр інфармацыі.
Заключным мерапрыемствам форуму стала панэльная дыскусія “Журналістыка вачамі маладых”, якая прайшла ў форме адкрытых дэбатаў. Дзве каманды маладых журналістаў абмеркавалі прафесійную адукацыю, выкарыстанне чужога кантэнту ў СМІ, стварэнне медыяхолдынгаў у рэгіёнах і іншыя тэмы. Адзін з экспертаў дыскусіі — першы сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Андрэй Эдуардавіч Белякоў рэзюмаваў:
— Журналістыка можа дзейнічаць як на разбурэнне, так і на стварэнне. Прыклад беларускай журналістыкі і людзей, якія працуюць у гэтай сферы, даказвае і паказвае, як можна ствараць разам з народам, як можна будаваць дзяржаву, прыносячы ёй карысць.
Ёсць адно старажытнае выказванне: старыя бачаць горы, а моладзь — вяршыні. Усім удзельнікам форуму маладых журналістаў — пакарэння прафесійных вяршынь на карысць Беларусі.
Марына ДЗМІТРЫЕВА.