Яшчэ раз пра школьную форму…

- 10:21Авторские колонки, Мнение

Наталля КАЛЯДЗІЧ

 

 

 

 

 

 

 

 

Тэма абавязковай школьнай формы звычайна актуалізуецца напярэдадні новага навучальнага года. Сёлета Міністэрства адукацыі рэкамендавала ўстановам адукацыі вызначыць для сябе той элемент дзелавога стылю адзення, які будзе адрозніваць школу ад іншых. Днямі міністэрства запусціла анкетаванне, каб даведацца меркаванне бацькоў і педагогаў, чаму аддаць перавагу ў гэтым пытанні. 

Увядзенне дзелавога стылю адзення ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі нашай краіны пачалося яшчэ з 2006/2007 навучальнага года. Безумоўна, сярод бацькоўскай і педагагічнай грамадскасці ёсць як прыхільнікі, так і тыя, хто суп­раць увядзення адзінай школьнай формы. 

Сярод пераваг формы дзелавога стылю для навучэнцаў — падтрыманне дысцыпліны (спецыялісты сцвярджаюць, што школьная форма настройвае на сур’ёзны, працоўны лад), адсутнасць спаборнасці паміж дзецьмі (у калектыве ўзнікае менш спрэчак з нагоды знешняга выгляду і дзеці становяцца больш арганізаванымі, развіваецца пачуццё еднасці). Акрамя таго, у навучэнцаў фарміруецца добры густ. Дзелавы стыль адзення ўплывае на самаацэнку вучняў. Ён дазваляе ім адчуваць сябе больш упэўнена, стрымана.

У 1998 годзе замежнымі экспертамі было нават праведзе­на навуковае даследаванне, якое паказала, што вучні школ, дзе ўвялі форму, вучацца крыху лепш за вучняў устаноў, дзе дазваляецца хадзіць у чым заўгодна. Дзеці не адцягва­юць сваю ўвагу на абмерка­ванне адзення, форма настройвае на больш сур’ёзныя паводзіны і значна скарачае час, які дзіця затрачвае на тое, каб выра­шыць, у чым сёння пайсці на заняткі. 

Матэрыяльная няроўна­сць — гэта рэаліі сучаснага жыцця. У школе ў адным класе могуць вучыцца дзеці з сем’яў з розным дастаткам. Адны бацькі купляюць для дачкі або сына лепшыя і самыя модныя рэчы. Другія, зыходзячы са сваіх магчымасцей, — часам адзенне на распродажы. З-за гэтага дзеці з малазабяспечаных сем’яў адчуваюць сябе няўпэўнена, у іх паніжаецца самаацэнка, дзеці ж багатых бацькоў самасцвярджаюцца за кошт грошай таты і мамы. Відавочна, ні тое ні другое не з’яўляецца карысным для гарманічнага развіцця дзіцяці. Ёсць меркаванне, што дзелавы школьны дрэс-код дапамагае дзецям быць на адным узроўні, незалежна ад даходаў іх бацькоў. 

Увядзенне школьнай формы мэтазгодна і зыходзячы з пытанняў бяспекі. Вучняў канкрэтнай установы лёгка вызначыць па адзенні. Адпаведна, калі ў школу заходзіць хтосьці чужы, яго адразу відаць на фоне астатніх дзяцей. Такім чынам, ахоўніку лягчэй прадухіліць знаходжанне на тэрыторыі навучальнай установы пабочных людзей.

Праціўнікі школьнай формы вылучаюць на першы план адсутнасць магчымасці самавыяўлення, бо выбар адзення — гэта спосаб праявіць сваю індывідуальнасць. Чым больш жорсткія рамкі дрэс-коду, тым больш дзеці пратэстуюць, а таксама дыскамфорт: дзеці адмаўляюцца насіць дзелавое школьнае адзенне, бо яно скоўвае рухі і часта з’яўляецца нязручным. А што тычыцца згладжвання сацыяльнай ня­роўнасці, то яе вучні заўважаюць, нават калі ўсе адзеты аднолькава. Па гаджэтах, аксесуарах або, напрыклад, калі адно дзіця расказвае пра тур выхаднога дня ў Парыжы або Санкт-Пецярбургу, а другое — як ездзіла ў вёску да бабулі, адразу відаць матэрыяльная забяспечанасць бацькоў. 

Асабіста я нічога су­праць школьнай формы дзелавога стылю не маю. Мае школьныя гады выпалі на 80-я — пачатак 90-х. Карычневая сукенка, чорны і белы фартухі… Многія скажуць: гэта ж мінулы век! Аднак разам з тым не трэба было ламаць галаву кожную раніцу: што надзець? (У адрозненне ад дачкі, якая скончыла гімназію некалькі гадоў назад, сабрацца на заняткі было для нас сапраўдным квестам!) А як жа магчымасць самавыявіцца? Самавыяўляліся дзякуючы беласнежным карункам, якія прышывалі на сукенку кожны тыдзень, прыгожым фартухам, якія заказвалі ў знаёмай швачкі і якіх ні ў кога больш не было. А яшчэ самавыяўляліся пасля ўрокаў. Ды і сённяшнія дзеці на пазакласныя мерапрыемствы ў шосты школьны дзень могуць прыходзіць у адзенні, якое выберуць самі.   

Падраныя джынсы, міні-спадніцы і топы, кеды на высокай платформе — не лепшыя ўборы для школы. Магчыма, яны сур’ёзна і не паўплываюць на якасць ведаў вучняў, аднак, як ні круці, адзіная школьная форма стварае станоўчы псіхалагічны настрой і павышае статус адукацыйнай установы. Думаю, мае рацыю той, хто лічыць, што адзенне навучэнцаў — гэта твар школы ці гімназіі. І толькі кампетэнтны падыход да ўрэгулявання пытання аб нашэнні школьнай формы дазволіць дасягнуць кампрамісу і нала­дзіць адукацыйны працэс з максімальнай карысцю як для навучэнцаў, іх бацькоў, так і для педагогаў.